Гетэрасексізм
Гетэрасексізм (англ.: Heterosexism) — сістэма поглядаў і перакананняў, заснаваная на ідэях гетэранарматыўнасці і перавазе гетэрасексуалаў як прадстаўнікоў адзінай натуральнай і маральна і сацыяльна прымальнай формы сексуальнасці чалавека. Варта адзначыць, што не ўсе гетэрасексуалы падзяляюць такую ідэалогію, таму гетэрасексуальнасць сама па сабе не мае на ўвазе гетэрасексізм.
Ідэалогія
правіцьТэрмін таксама выкарыстоўваецца для апісання сацыяльных і культурных наступстваў такой ідэалогіі. Тэрмін «гетэрасексізм» утвораны па мадэлі, агульнай з такімі тэрмінамі, як сексізм (ідэя няроўнасці палоў), расізм (ідэя няроўнасці рас). Для апісання той жа з’явы прапаноўвалася таксама слова «гетэрасексуалізм», але яно не прыжылося, паколькі мае тэрміналагічныя канатацыі не са словам «сексізм», а са словам «гомасексуалізм», што ўводзіць у зман — бо тэрмін не мае прамога дачынення да сексуальнасці ці сексуальнай арыентацыі, а апісвае сацыяльна-культурныя рэаліі[1].
Адрозненні ад гамафобіі
правіцьТэрмін «гетэрасексізм» прапаноўваўся Грэгары Херэкам як альтэрнатыву, замену для тэрміна гамафобія, які не нясе пры гэтым абразлівага сэнсу і не з’яўляецца палітычным клішэ. Херэк меркаваў, што гэты тэрмін больш навукова карэктны і больш дакладна канцэптуалізуе сутнасць з’явы, ставячы яго ў адзін шэраг з сексізмам і іншымі формамі шавінізму, а не з фобіямі[2].
Некаторыя аўтары, у прыватнасці, Чарлз Сокарайдэс, аднак, паказваюць, што гэтыя тэрміны не ўзаемазаменныя і гетэрасексізм сам па сабе не раўнацэнны і не азначае гоманегатывізм ці гамафобію: чалавек можа мець шчырую ўнутраную перакананасць у тым, што толькі гетэрасексуальнасць з’яўляецца звычайнай і маральна прымальнай, ці шчыра лічыць, што гетэрасексуалы лепшыя за гомасексуалаў, толькі па прычыне ўласнай гетэрасексуальнасці, але разам з тым не мець негатыўнага стаўлення да гомасексуалаў ці гомасексуальнасці.
Гетэрацэнтрызм
правіцьГетэрасексізм не варта блытаць з гетэрацэнтрызмам. Гетэрацэнтрызм — гэта (часта падсвядомае) дапушчэнне, што кожны з людзей, з якімі мы маем справу, з’яўляецца гетэрасексуалам (калі яго/яе арыентацыя загадзя не вядомая), і вынікаючыя з гэтай здагадкі формы зносін. Статыстычна такое дапушчэнне будзе карэктным у большасці выпадкаў (з прычыны таго, што гетэрасексуалаў большасць), але ў некаторых выпадках яно можа апынуцца няслушным. Гетэрацэнтрызм можа выяўляцца выпадковым і ненаўмысным чынам у паўсядзённым жыцці. Напрыклад, калі жанчына кажа, што ідзе на любоўную сустрэчу, многія людзі могуць спытаць што-небудзь накшталт: «Як яго клічуць?» або «А ён прыгожы?», тым самым няяўна мяркуючы, што гаворка ідзе пра гетэрасексуальнае каханне.
Зноскі
- ↑ Corsini, Raymond J., The Dictionary of Psychology (2001), ISBN 1-58391-328-9
- ↑ Herek, Gregory M., Ph.D., «Beyond 'Homophobia': Thinking About Sexual Prejudice and Stigma in the Twenty-First Century» Sexuality Research & Social Policy (April, 2004)