Грамады Украіны
Грамада Украіны або тэрытарыяльная грамада (укр.: територіальна громада) — базавая тэрытарыяльная адзінка, уведзеная ў рамках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 2015—2020 гадоў дзякуючы правядзенню рэформы дэцэнтралізацыі ва Украіне. Базавымі органамі мясцовага самакіравання ва Украіне з’яўляюцца саветы грамад.
Тэрыторыі тэрытарыяльных грамад (якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 7567 старасцінскіх акруг[1]) фарміруюць раёны, некалькі раёнаў утвараюць вобласці. Гарады Кіеў і Севастопаль паводле канстытуцыі Украіны маюць спецыяльны статус і не ўваходзяць у склад раёнаў іншых рэгіёнаў краіны, бо адначасова самі з’яўляюцца асобнымі рэгіёнамі. Пры гэтым Севастопаль, як і ўвесь Крым, не кіруецца ўладамі Украіны і кантралюецца Расіяй. Тэрыторыя Аўтаномнай Рэспублікі Крым не ўдзельнічала ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 2015—2020 гадоў і грамады там заканадаўча Украінай не сфарміраваны.
Акрамя Крыма не ўваходзяць у склад грамад таксама тэрыторыя Кіева і Чарнобыльская зона адчужэння. На тэрыторыі, падкантрольнай ДНР і ЛНР, грамады існуюць толькі дэ-юрэ.
Згодна з законам Украіны аб мясцовым самакіраванні, тэрыторыя тэрытарыяльнай грамады — гэта непарыўная тэрыторыя, у межах якой тэрытарыяльная грамада ажыццяўляе свае паўнамоцтвы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, як непасрэдна, так і праз органы мясцовага самакіравання.
У падкантрольных Украіне 11 грамадах Данецкай вобласці і 8 грамадах Луганскай вобласці паўнамоцтвы мясцовага самакіравання ажыццяўляюць ваенна-грамадзянскія адміністрацыі.
У адпаведнасці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадскія саветы, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год тэрытарыяльнымі грамадамі пакрыта ўся тэрыторыя Украіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасля дэакупацыі.
Сутнасць
правіцьТэрытарыяльная грамада ствараецца як аб’яднанне жыхароў некалькіх разрозненых вёсак, мястэчак або гарадоў у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Пасля аб’яднання ствараецца новы адміністрацыйны цэнтр (як правіла, ім становіцца найбуйнейшы населены пункт), а ў ім — новы, агульны для ўсіх аб’яднаных населеных пунктаў савет і іншыя органы самакіравання. Утварэнне грамад стала магчымым дзякуючы рэформе дэцэнтралізацыі.
Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада, адміністрацыйным цэнтрам якой вызначаны горад, з’яўляецца гарадской тэрытарыяльнай грамадой, цэнтрам якой вызначана пасёлак гарадскога тыпу — пасялковай, цэнтрам якой вызначана сяло — сельскім. У вёсках, дзе пражывае больш за 50 жыхароў, выбіраюць сельскага старасту, які ўваходзіць у выканаўчы камітэт аб’яднанага савета.
Стварэнне грамад спрашчае атрыманне грамадзянамі адміністрацыйных паслуг і набліжае адпаведныя органы да месца пражывання людзей: у кожнай грамадзе ствараецца свой Цэнтр надання адміністрацыйных паслуг (ЦНАП).
Фінансы
правіцьПасля ўтварэння, грамада атрымлівае рэсурсы населеных пунктаў і адпаведныя паўнамоцтвы. Акрамя гэтага, грамады пераходзяць на прамыя бюджэтныя адносіны з дзяржаўным бюджэтам, не падпарадкоўваюцца адпаведнаму раённаму савету, а самі вызначаюць кірункі развіцця і мэты, на якія маюць выкарыстоўвацца заробленыя грошы. Аб’яднаныя грамады атрымліваюць такія ж даходы, якія раней атрымлівалі толькі гарады абласнога значэння, бо пасля аб’яднання ў бюджэце грамады застаецца:
- 60 % падатку на даходы фізічных асоб;
- 100 % падатку на маёмасць;
- 100 % адзінага падатку;
- 5 % акцызнага падатку з рознічнага гандлю (тытунь, алкаголь, нафтапрадукты);
- 100 % падатку на прыбытак устаноў камунальнай уласнасці;
- 100 % плацяжоў за наданне адміністрацыйных паслуг;
- 25 % экалагічнага падатку.
З дзяржаўнага бюджэту грамады непасрэдна атрымліваюць грошы на адукацыю, медыцыну, спорт, культуру, сацыяльную абарону.
Зноскі
- ↑ МОНІТОРИНГ РЕФОРМИ МІСЦЕВОГО САМОВРЯДУВАННЯ ТА ТЕРИТОРІАЛЬНОЇ ОРГАНІЗАЦІЇ ВЛАДИ (PDF)(укр.). Київ: Міністерство розвитку громад, територій та інфраструктури України. 2023-10-01. p. 15.
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: date і year (спасылка)
Літаратура
правіць- Закон Украіны ад 5 лютага 2015 года № 157-VIII «Аб добраахвотным аб’яднанні тэрытарыяльных грамад».