Група савецкіх ваенных спецыялістаў у Алжыры

Група савецкіх ваенных спецыялістаў у Алжыры — кантынгент савецкіх вайскоўцаў у Алжыры, якія аказвалі падтрымку ў вайне за незалежнасць, ліквідацыі яе наступстваў, ваенным будаўніцтве.

Група савецкіх ваенных спецыялістаў у Алжыры
Гады існавання з 1950-х гадоў па 1991 год
Краіна  СССР
Тып ваенспецы і ваенныя саветнікі
Колькасць 10 704 за ўвесь час
Дыслакацыя  Алжыр
Удзел у Вайна за незалежнасць Алжыра

Вайна за незалежнасць

правіць

У 1954 годзе ў краіне пачалася вайна супраць французскага панавання. Антыкаланіяльны рух узначаліла групоўка «Фронт нацыянальнага вызвалення». Паўстанцаў актыўна падтрымоўваў Савецкі Саюз.

За час вайны пры войсках Фронту нацыянальнага вызвалення знаходзілася 337 савецкіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў. Яны спрыялі арганізацыйна-кадраваму ўмацаванню атрадаў і планаванню аперацый супраць французскіх арміі. Большасць з іх прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. Страт сярод савецкіх вайскоўцаў за гэты час не было.

У ліпені 1962 года алжырскім паўстанцам атрымалася дасягнуць незалежнасці краіны.

Размініраванне

правіць

У верасні 1962 года ўрад Алжыра звярнуўся да Савецкага Саюза па дапамогу ў знішчэнні мінна-выбуховых і іншых загарод. Увосень для рэкагнасцыроўкі на мясцовасці прыбыла аператыўная група афіцэраў інжынерных войскаў на чале з палкоўнікам Пахомавым. Каманда адказвала за мяжу з Марока. З 9 студзеня 1963 года замежнікі прыступілі да эксперыментальных выбарачных работ па размініраванні.

У чэрвені 1963 года прыбыла другая група савецкіх ваенных спецыялістаў на чале з капітанам Паўленка. Каманду накіравалі на туніскую граніцу. Такім чынам, у Алжыры знаходзілася больш за сто савецкіх спецыялістаў і вайскоўцаў тэрміновай службы. Стала паступаць дадаткова і спецыяльная тэхніка.

У чэрвені 1965 года ўся работа была завершана і спецыялісты вярнуліся ў СССР. За перыяд камандзіроўкі яны абясшкодзілі каля 1,5 млн мін, размініравалі больш за 800 км мінна-выбуховых палос і ачысцілі 120 тыс. га зямлі. Пры місіі пацярпелі: малодшы сяржант Прадко (пазбавіўся нагі), падпалкоўнікі Галкін і Ламакін, сяржанты Талузараў (двойчы) і Жгалаў, радавы Абілінцаў, капітан Шчэрба (страціў зрок).

Дэмантаж тэхнікі

правіць

У першай палове 1960-х у Алжыры працавалі групы спецыялістаў па дэмантажы ваеннай тэхнікі, пастаўленай раней Савецкім Саюзам. Так, у 1964 годзе ў краіне на працягу трох месяцаў дзейнічалі вайскоўцы тэрміновай службы (15 чалавек) дывізіі імя Канстанціна Заслонава (г. Лепель). За час камандзіроўкі камандай, у прыватнасці, былі знятыя радыёстанцыі з 40 танкаў савецкай вытворчасці Т-34. Прыборы былі адпраўленыя ў СССР, а танкі перададзеныя алжырскім узброеным сілам.

Далейшае супрацоўніцтва

правіць

У ходзе некалькіх афіцыйных перамоў у 1965 годзе былі пацверджаны і развіты практычныя пытанні савецка-алжырскага ваеннага супрацоўніцтва, удакладнены аб’ёмы, тэрміны і віды паставак савецкага ўзбраення для Нацыянальнай народнай арміі Алжыра. Абмеркаваны формы аказання дапамогі ў навучанні асабістага складу і кваліфікаванай падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў.

На аснове заключаных дагавораў у краіну накіравана значная колькасць савецкіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў. Яны дапамагалі мясцоваму камандаванню ў арганізацыі баявой падрыхтоўкі, павышэнні баявой гатоўнасці, засваенні савецкіх узораў узбраення і тэхнікі, ва ўладкаванні навучальных цэнтраў, палігонаў, у распрацоўцы планаў правядзення вучэнняў і трэніровак. Савецкія афіцэры і генералы выкладалі ў вучылішчах і Ваеннай акадэміі Алжыра.

Колькасць

правіць

Усяго з 1962 па 1991 год у Алжыры пабывалі 10 367 савецкіх вайскоўцаў, у тым ліку 411 салдат і сяржантаў тэрміновай службы. Яшчэ 337 вайскоўцаў прымалі ўдзел у вайне за незалежнасць.

Агульныя страты склалі 34 чалавекі.

Літаратура

правіць