Ганс Гольбейн Малодшы
Ганс Гольбейн Малодшы (1497, Аўгсбург — 29 лістапада 1543, Лондан) — нямецкі мастак эпохі Адраджэння. Праявіў сябе пераважна як партрэтыст.
Ганс Гольбейн Малодшы | |
---|---|
ням.: Hans Holbein | |
| |
Дата нараджэння | 1497[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 лістапада 1543 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | Свяшчэнная Рымская імперыя |
Бацька | Ганс Гольбейн Старэйшы[4] |
Дзеці | Philipp Holbein I[d] |
Род дзейнасці | мастак, мастак-гравёр, ілюстратар, партрэтыст, рысавальнік, экслібрысіст, дзеяч выяўленчага мастацтва, дзеяч мастацтваў |
Жанр | партрэтны жывапіс[d][5], партрэт[3] і рэлігійнае мастацтва[d][3] |
Мастацкі кірунак | нямецкае Адраджэнне[d] і Паўночнае Адраджэнне[d][6] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьБыў высокаадукаваным чалавекам, сябраваў з вядомымі філосафамі-гуманістамі — Эразмам Ратэрдамскім, Томасам Морам. Гэта знайшло адбітак не толькі ў выбары герояў партрэтаў, але і ў трактоўцы вобразаў. Ужо ў ранніх работах, такіх, як партрэты базельскага бургамістра Меера і яго жонкі (абодва — 1516), відавочны характэрныя адносіны да мадэлі. Стан знешняй і ўнутранай гармоніі, ураўнаважанасць і спакой, вытанчанасць формы сталі асновай створаных вобразаў.
Адна з важнейшых якасцей Г. Гольбейна — уласцівае яму абвостранае адчуванне прыгажосці прадметнага свету. Ён надаваў асаблівае значэнне перадачы пластыкі рэчаў, стварэнню светлавога і паветранага асяроддзя, у якім яны існуюць. Важнейшая рыса партрэтаў заключаецца ў іх асаблівай натуральнасці, здольнасці перадаць жыццёсцвярджальнае, аптымістычнае светаўспрыняцце. Героі твораў Гольбейна — гэта ўпэўненыя ў сабе, мэтанакіраваныя асобы Адраджэння.
Прыкладам увасаблення дадзеных якасцей з'яўляецца партрэт Баніфацыя Амербаха (1519), выкананы ў ранні базельскі перыяд. Мастак стварыў вобраз прадстаўніка новай еўрапейскай інтэлігенцыі, гуманіста, усебакова развітага, духоўна цэльнага чалавека. Работа вызначаецца лаканічным, завершаным кампазіцыйным рашэннем, у якім аб'яднаны пагруднае выяўленне мадэлі і глыбокая прастора фона, падкрэсленая паказаным дрэвам, дубовай галінкай.
Падчас знаходжання ў Базелі Гольбейн выканаў шматфігурныя работы сакральнага зместу — «Мёртвы Хрыстос» (1521) і «Мадонна бургамістра Меера» (1526). Жывапісец звяртаецца да вертыкальнай пабудовы, якую стварае фігура Маці Боскай, выяўленая ў рост. Паабапал ад яе знаходзяцца члены сям'і Меераў — бургамістар, яго жонка і дочкі. Па сутнасці, гэта групавы партрэт, зроблены з натуры, у аснову якога пакладзены прадуманая ўзгодненасць усіх частак, гарманічнасць каларыту. Адзіным выключэннем гэтага рэалістычнага прадстаўлення асоб з'яўляецца ідэалізаваная трактоўка мадонны з немаўлём Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем.
У 1526 г. адбылася першая паездка Гольбейна ў Англію. Тут ён пазнаёміўся з Томасам Морам, прыступіў да напісання партрэта яго сям'і, аб чым сведчаць захаваныя падрыхтоўчыя матэрыялы (работа не была выканана). Вярнуўшыся на кароткі час у Базель, мастаку 1532 г. зноў паехаўу Англію, дзе застаўся да канца сваіх дзён. Увесь гэты час ён прысвяціў партрэтнаму мастацтву і стварэнню разнастайных работ — ад пышнай вулічнай дэкарацыі з нагоды прыезду ў Лондан Ганны Балейн (1533), роспісаў на тэму «Парнас» у цэхавай зале ганзейскіх купцоў да эскізаў касцюмаў прыдворных караля.
У другі лонданскі перыяд творчасці майстэрства Г. Гольбейна дасягнула сваёй вяршыні. Аб гэтым сведчыць партрэт нямецкага купца Георга Гісцэ (1532), які паказаны ў сваёй канторы. Выява будуецца на тонкіх спалучэннях зялёных, ружовых, жаўтаватых адценняў фарбаў, якія ствараюць гарманічную каларыстычную гаму, на тонкім жывапісе прадметаў акружэння, кветак у шкляной вазе. Пастава маладога чалавека поўная адчування ўласнай годнасці і ганарыстага спакою. Блізкае вырашэнне мае парны партрэт французскіх пасланнікаў, каралеўскага сакольнічага Роберта Чызмена (абодва — 1533).
Сярод работ гэтага часу вылучаецца партрэт Шарля дэ Марэта (1534—1535). Гэта адзін з найбольш дасканалых твораў Гольбейна сталага стылю. У ім спалучаецца стрыманая параднасць і адкрытасць упэўненага ў сабе, валявога, уладнага чалавека. Аб высокім сацыяльным становішчы мадэлі сведчаць дарагі касцюм, нешматлікія каштоўныя дэталі ўбору, парадная зброя. 3 майстэрствам напісаны твар і рукі, якія выдаюць характар асобы. Заснаваны на некалькі прыглушаных тонах, партрэт характарызуецца актыўным гучаннем цёмна-зялёных, карычневых колераў, у кантраст да якіх дадзены белы.
У 1536 г. Гольбейн стаў прыдворным мастаком англійскага караля Генрыха VIII. Цяпер яго творчасць была падпарадкавана запатрабаванням знаці. Часам гэта ўносіла ў віртуозна выкананыя работы некаторую халаднаватасць, празмерна цвярозы разлік, што бачна па партрэтах каралевы Джэйн Сеймур (1536), Генрыха VIII (1539—1540), Эдуарда прынца Уэльскага (1538—1539). У іх мастак дасягнуў ілюзорнага выяўлення найдрабнейшых дэталей, рыс твару, шматлікіх аксесуараў, акружэння. Час, які Гольбейн правёў у Англіі, яго работа пры каралеўскім двары аказалі вялікі ўплыў на фарміраванне англійскага партрэтнага жывапісу.
-
Партрэт Эразма Ратэрдамскага. 1523
-
Мадонна бургамістра Меера. 1526
-
Партрэт Георга Гісцэ. 1532
-
Партрэт французскіх пасланнікаў. 1533
-
Партрэт каралевы Джэйн Сеймур. 1536
-
Партрэт караля Генрыха VIII. 1539-1540
Зноскі
- ↑ Web umenia Праверана 7 красавіка 2018.
- ↑ (unspecified title) Праверана 5 лістапада 2019.
- ↑ а б в г RKDartists
- ↑ а б Catalog of the German National Library Праверана 18 ліпеня 2024.
- ↑ https://www.npg.org.uk/collections/search/person/mp07116/hans-holbein-the-younger?role=art Праверана 2 лютага 2021.
- ↑ https://www.rct.uk/about/press-office/press-releases/the-northern-renaissance-durer-to-holbein-0#/
Літаратура
правіць- Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ганс Гольбейн Малодшы