Дзеясловіца
Дзеясловіца — варыянт правапісу беларускай мовы, які з’яўляецца сярэднім варыянтам паміж наркамаўкай і тарашкевіцай. Рэалізуе перадачу асаблівасцей беларускага вымаўлення на аснове нормаў наркамаўкі.
Назву атрымаў ад назвы часопіса «Дзеяслоў», які друкаваўся у гэтым варыянце ад верасня 2002 года да канца 2009 года, калі часопіс перайшоў на наркамаўку. Правапіс лічыўся кампрамісным варыянтам, але іншымі выданнямі падтрыманы не быў, застаўшыся фактычна незаўважаным ні з боку прыхільнікаў тарашкевіцы, ні з боку прыхільнікаў наркамаўкі[1].
Гэты варыянт беларускага правапісу (з некаторымі асаблівасцямі), які грунтуецца на прапановах Правапіснай камісіі ТБМ імя Ф. Скарыны, працяглы перыяд выкарыстоўваецца таксама ў праваабарончым бюлетэні «Права на волю»,[2] які выдае Праваабарончы цэнтр «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама ў грэка-каталіцкай газеце «Царква»[3].
Сутнасць правапісу
правіцьДзеясловіца рэалізуе на пісьме фанетычны прынцып беларускай мовы на аснове норм наркамаўкі, ад якой адрозніваецца пераважна на арфаграфічным узроўні — адзін і той жа тэкст у абодвух варыянтах вымаўляецца ідэнтычна. Выключэнне складаюць канчаткі назоўнікаў ІІ скланення ў родным склоне, а таксама канчаткі -аў (-яў) у формах І скланення роднага склону множнага ліку, кшталту «задачаў», «паэмаў», «пазіцыяў», якія былі запазычаны з прынцыпаў класічнага правапісу.[4]
Апроч гэтага, асіміляцыйную мяккасць свісцячых дзеясловіца перадае непаслядоўна: мяккасць захоўваецца ў межах слова, але не перадаецца ў прыназоўніках.
Параўнанне правапісаў
правіцьТарашкевіца | Дзеясловіца | Наркамаўка |
сьвет, бязьлітасна | сьвет, бязьлітасна | свет, бязлітасна |
жыцьцё, мысьленьне | жыцьцё, мысьленьне | жыццё, мысленне |
бязь іх, ня толькі | бяз іх, ня толькі | без іх, не толькі |
сымбаль, пазыцыя, сыгнал | сімвал, пазіцыя, сігнал | сімвал, пазіцыя, сігнал |
філязофія, міт | філасофія, міф | філасофія, міф |
Эўропа, Шатляндыя | Еўропа, Шатландыя | Еўропа, Шатландыя |
Прычыны з’яўлення
правіцьПраз тое, што афіцыйны правапіс беларускай мовы не перадае некаторых нюансаў вымаўлення беларускіх словаў[4], а асаблівасці тарашкевіцы ў перадачы замежных словаў для многіх з’яўляюцца нязвыклымі[4], з’яўляецца «сярэдні варыянт» правапісу, які імкнецца перадаць асаблівасці вымаўлення беларускіх слоў і звыклае вымаўленне замежных запазычанняў[4].
Паэт і літаратуразнавец Анатоль Івашчанка, які з’яўляецца прыхільнікам сярэдняга правапісу, сцвярджае, што:
ня мяккія знакі ды перадача першага складу перад націскам ствараюць «псіхалагічны (ці «псыхалягічны») бар’ер» для тых, чыё вывучэньне беларускай абмяжоўваецца школай, а перадусім словаўтварэньне запазычанай лексікі (лацінізмы зь мяккім [л], сьвісьцячыя у пазіцыях перад [і], дыферэнцыяцыя гукаў [ф] і [т], перадача ўласных імёнаў і інш.). Тут і ў саміх адэптаў «тарашкевіцы» поўна супярэчлівых поглядаў… У часе гутарак многія людзі, што карыстаюцца «тарашкевіцай», пацьвярджалі, што запазычаньні для іх ёсьць фактарам раздражняльным. Некаторыя пераходзілі на аналаг «дзеясловіцы» ня ведаючы пра яе існаваньне.[4] |
Зноскі
- ↑ Б.Пятровіч: «Дзеясловіца» заканчваецца бясслаўна // Радыё Свабода, 22 сьнежня 2009 г.
- ↑ Права на волю. Спіс файлаў
- ↑ Царква. Беларуская грэка-каталіцкая газета. Архіў нумароў Архівавана 1 ліпеня 2021.
- ↑ а б в г д Анатоль Івашчанка. МОВА. «Дзеясловіца» — кампрамісны правапіс Архівавана 21 лютага 2014. // «Беларускія навіны», 13 снежня 2008 г.
Спасылкі
правіць- Часопіс «Дзеяслоў» Архівавана 29 красавіка 2013., інтэрнэт-версія выдання