Дзеяслоў (часопіс)
Дзеяслоў — беларускі літаратурны часопіс. Галоўны рэдактар — Барыс Пятровіч.
«Дзеяслоў» | |
---|---|
Тып | часопіс |
Рэдактар | Барыс Пятровіч |
Заснавана | 2002 |
Мова | беларуская |
Тыраж | |
Вэб-сайт | dziejaslou.by |
Гісторыя Правіць
З'яўленне часопіса «Дзеяслоў» шмат у чым сталася рэакцыяй на дзеянні Міністэрства інфармацыі РБ, якое ў 2002 годзе правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб'яднаныя ў так званы дзяржаўны літаратурны холдынг «Літаратура і мастацтва». У знак пратэсту многія пісьменнікі — супрацоўнікі калектываў звольніліся з рэдакцый.
Непасрэдны ў стварэнні новага выдання ўдзельнічалі Барыс Пятровіч (Сачанка), Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. Юрыдычным заснавальнікам стала ГА «Літаратурны-мастацкі фонд „Нёман“». Выходзіць часопіс пачаў з верасня 2002 года.
Часопіс зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і выходзіць афіцыйна і рэгулярна — раз на два месяцы, падпіска ажыццяўляецца праз дзяржаўнае аб'яднанне «Белпошта».
Цікавай адметнасцю «Дзеяслова» было тое, што ад верасня 2002-га да канца 2009-га года часопіс выходзіў правапісам, вядомым пад назвай «дзеясловіца».
Змест і рубрыкі Правіць
Сярод аўтараў «Дзеяслова» — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Алесь Разанаў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў і іншыя. Шмат увагі часопіс дае публікацыі спадчыны вядомых беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Алеся Адамовіча.
Выданне дае вялікую ўвагу новаму пакаленню таленавітых аўтараў. Творы пачаткоўцаў з'яўляюцца ў часопіснай рубрыцы «Дэбют». На старонках «Дзеяслова» дэбютавалі такія вядомыя цяпер аўтары, як Вольга Базылёва, Анатоль Івашчанка, Глеб Паўлавіч Лабадзенка, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Усевалад Сцебурака, Наталка Харытанюк і іншыя.
У «Дзеяслове» друкуецца таксама публіцыстыка, эсэістыка, артыкулы гістарычнай тэматыкі, літаратурная і мастацкая крытыка, асвятляюцца праблемы тэатра, кіно, музыкі.
Акрамя сталых раздзелаў — «Проза», «Паэзія», «Пераклад» і «Дэбют», з'яўляліся рубрыкі «Бліцкрыт», «Анкета», «Гутаркі з мастакамі», «Дзеяпіс», «Кнігапіс», «ПРАчытанне».
Найбольш значныя публікацыі Правіць
Упершыню на старонках часопіса пабачылі свет: «Паланэз» Уладзімір Някляеў (№ 1 2002), «А хто пісаў паэму гэту» Францішак Вядзьмак Лысагорскі (№ 4 2003), «Аўганец» Васіль Быкаў (№ 7 2003), «Пуціна» Барыс Пятровіч (№ 10 2004), «Круг» Алесь Пашкевіч (№ 12 2004)(недаступная спасылка), «Бліндаж» Васіль Быкаў (№ 24 2006), «Сутарэнні Ромула» Людміла Рублеўская (№ 47 2010), «Спачатку была цемра» Барыс Пятровіч (№ 59 2012), «Аўтамат з газіроўкай і без» Уладзімер Някляеў (№ 61 2012), «Час second-hand» Святлана Алексіевіч (№ 65 2013), «Рух» Алесь Пашкевіч (№ 73 2014).
Прэмія «Залаты апостраф» Правіць
Рэдакцыя часопіса ў 2003 годзе заснавала ўласную літаратурную прэмію «Залаты апостраф». Штогод яна ўручаецца ў наступных намінацыях: паэзія, проза, дэбют. З 2009 года з'явілася новая намінацыя «За ўклад у сучасную беларускую літаратуру» (прэмія Алеся Усені).
Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў» Правіць
У 2006 годзе часопіс стварае сваю кніжную серыю — "Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў». Першая кніга — «Вершнік» Анатоля Івашчанкі. Па стане на 2015 год у серыі выйшла 17 кніг беларускіх аўтараў.
Рэдакцыя Правіць
Першапачаткова склад рэдакцыі быў наступны: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, намесніцкія функцыі выконвалі Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. У 2004 годзе да складу далучаецца Анатоль Івашчанка (адказны сакратар). На цяперашні момант (2015 год) у склад рэдакцыі ўваходзяць: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, Алесь Пашкевіч — намеснік галоўнага рэдактара, Анатоль Івашчанка — адказны сакратар,Андрэй Федарэнка — стыльрэдактар. Дызайн часопіса — мастак Генадзь Мацур.
Зноскі
Спасылкі Правіць
- Афіцыйны сайт
- Грушэцкі А.. «Дзеяслоў» адсвяткаваў 15-годдзе! . Новы Час (2 лістапада 2017). Праверана 28 чэрвеня 2019.
- Грушэцкі А.. Каб ведаць, чаго вартая твая творчасць, трэба надрукавацца ў «Дзеяслове» . Новы Час (26 чэрвеня 2019). Праверана 28 чэрвеня 2019.