Дзмітрый Мікалаевіч Даўгалёў

Дзмітрый Мікала́евіч Даўгалёў (нар. 28 снежня 1962, Гродна) — беларускі кампазітар.

Дзмітрый Мікалаевіч Даўгалёў
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 28 снежня 1962(1962-12-28) (61 год)
Месца нараджэння
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 28 снежня 1962 года ў Гародні. Заняткі музыкай Дзмітрый пачаў у раннім дзяцінстве — з 2-х гадоў граў на піяніна. Бацькі Дзмітрыя — настаўнікі музыкі садзейнічалі развіццю дзіцяці. Маці, Валянціна Андрэеўна — была першай настаўніцай па тэорыі музыкі, бацька Мікалай Рыгоравіч — даваў сыну першыя ўрокі па кампазіцыі. У музычнай школе Дзмітрый вучыўся па класах фартэпіяна і скрыпкі, таму невыпадкова, што першы опус — Вальс быў напісан для скрыпкі і фартэпіяна. У гаду вучобы Дзмітрый спяваў у школьным хоры, якім кіравала маці будучага кампазітара — Валянціна Андрэеўна Даўгалёва.

У 1975 годзе паступіў у сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай кансерваторыі (сёння — Гімназія-коледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі  музыкі). Паколькі правінцыяльная піяністычная падрыхтоўка прыёмнай каміссіі падалася недастатковай, яму прапанавалі займацца па класу… кантрабаса.  

З 1977 года Дзмітрый Даўгалёў граў на гэтым інструменце ў школьным сімфанічным аркестры. Паралельна кантрабасу Дзмітрый шмат займаўся на фартэпіяна, а таксама наведваў  школьны факультатыў па кампазіцыі, якім кіраваў кампазітар Кім Цесакоў, вядомы па Сімфоніі «Курапаты».

У 1980 годзе атрымаў свой першы дыплом Лаўрэата Рэспубліканскага конкурса ў намінацыі «струнныя інструменты, кантрабас». Значную ролю ў падрыхтоўцы Дзмітрыя да гэтага конкурса сыграў ягоны педагог па кантрабасу — Уладзімір Федарчук.

У 1981 годзе Дзмітрый Даўгалёў становіцца студэнтам Беларускай дзяржаўнай  кансерваторіі па спецыяльнасці «кампазіцыя» (клас Народнага артыста СССР прафесара  Яўгена Аляксандравіча Глебава). Па тэарэтычным дысцыплінам настаўнікам Дзмітрыя быў  Народны артыст Беларусі прафесар Уладзімір Уладзіміравіч Алоўнікаў.

У 1982 годзе Дзмітрый Даўгалёў становіцца Лаўрэатам Рэспубліканскага конкурса ў  намінацыі «кампазіцыя». А ў 1985-м — Лаўрэатам Усесаюзнага конкурса па кампазіцыі (Масква). У 1986 г. Дзмітрый становіцца Лаўрэатам Міжнароднага музычнага фестываля «Сьвет. Музыка» (Тбілісі).  

У студэнцкія гады актыўна супрацоўнічаў з калектывамі беларускага радыё: з сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Барыса Райскага, з дзіцячым хорам (дырыжор Вера Лашук), з камерна-інструментальным ансамблем пад кіраўніцтвам Леаніда Смялкоўскага. Творы кампазітара выконваліся камерным аркестрам «Tutti» пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага. 

У 1987 годзе Дзмітрый Даўгалёў скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, атрымаўшы дыплом прафесійнага кампазітара. Дыпломнай працай Дзмітрыя былі тры твора:  Канцэрт для кантрабаса і камернага аркестра, сімфанічная паэма, а таксама кантата «Запаветныя сцяжынкі» на вершы Міколы Чарняўскага для дзіцячага хору і сімфанічнага  аркестра.

З 1987 па 1989 гг. Дзмітрый Даўгалёў служыў ў Савецкай арміі, дзе выконваў абавязкі  музычнага кіраўніка ансамбля «Равеснік».

З 1989 г. працаваў у тэлерадыёкампаніі Беларусі ў якасці музычнага рэдактара. 1991—1993 гады Даўгалёў супрацоўнічаў з народным аркестрам «Менск», для якога напісаў  нямала твораў і аранжыровак.

У 1993 годзе становіцца сябрам Саюза кампазітараў Беларусі.

У 2000—2002 гг. — працуе ў ансамблі харэаграфічных і музычных мініяцюр «Бліскавіца».

З 2002 г. — на творчай працы. 

Творчасць правіць

Сярод значных твораў Дзмітрыя Даўгалёва варта адзначыць рок-оперу «Агонь Праметэя», араторыю «Зорка Палын», кантату «Дарога-сцяжына матулі і сына», канцэрт для кантрабаса  з аркестрам, сімфонію, сімфанічную паэму, канцэртную сюіту для ўдарных і камернага  аркестра, сюіту для сімфанічнага аркестра «Тры танца», харавую музыку, санату для фартэпіяна, «Ронда-такату» для фартэпіяна, музыку для кіно. Шмат музыкі кампазітар піша  для дзяцей.    

Найбольш вядомыя творы Дзмітрыя Даўгалёва — песні і балады: «Гаю мой, не кліч», «Нарач», «А ты кажаш: вясна», «Зараніцы», «Балада», «Застольная», «Мелодыя сэрца», «Пажадай мне, мама», «Рэха жураўлінае», «Азярцо», «Не кувай, зязюленька», «Летуценніца», «Поле горкіх палыноў», «Голуб галубку цалуе», «Шчабятуня-ластаўка», «Ой, мае вы чайкі», «Не спяшайся, восень», «Птушкі», «Ave Maria», «Белая лілея».  

Песні і балады Дзмітрыя Даўгалёва выконвалі саліст «Беларускіх Песняроў» Валерый Дайнэка, экс-саліст «Песняроў» Анатоль Кашапараў, салісты экс-«Верасоў» Ядвіга  Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Уладзімір Стамаці, Анатоль Матвійчук, Пётр Елфімаў, Ілля Сільчукоў, Вольга Калеснікава, Надзея Мікуліч, Рыгор Палішчук, Якаў Навуменка, Наталля Гардзіенка, Іна Афанасьева, Алег Сёмін, Паліна Смолава, Алег Сямёнаў, Вячаслаў Ісачанка, Анастасія Арцем’ева, Наталля Кірыенка, Вераніка Чарняўская, Вольга Клімовіч, Валянцін Кірыленка, Мікіта Фаміных, Ніна Жукоўская, Аляксандр Саванец, ансамблі «Беларускія Песняры», «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Пліса» і «Бяседа».

29 студзеняя 2013 года ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся Юбілейны  аўтарскі канцэрт «Мелодыя сэрца» кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва і паэта Уладзіміра  Пецюкевіча з удзелам вядучых артыстаў Рэспублікі Беларусь і Украіны (Уладзімір Стамаці).

З песнямі і баладамі Дзмітрыя Даўгалёва на фестывалях і конкурсах розныя выканаўцы  шматразова займалі прызавыя месцы:

  • 1991 — Першы рэспубліканскі конкурс беларускіх выканаўцаў. Сяргей Герасімаў з  песняй «Беражыце матуль» (верш Расула Гамзатава) заняў Трэцюю прэмію.
  • 1992 — Другі рэспубліканскі конкурс беларускіх выканаўцаў. Ігар Аксюта з песняй «А ты кажаш: вясна» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняў Першую прэмію.
  • 1997 — «Славянскі базар». Марына Жолудзева з песняй «Падманіце мяне» (верш Аляксандра Вавілава) стала ўладальніцай Другой прэміі.
  • 1999 — «Славянскі базар». Ірына Дарафеева з «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2005 — «Славянскі базар». Паліна Смолава з песняй «Рэха жураўлінае» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) узяла Гран-Пры.
  • 2006 — «Славянскі базар». Наталля Гардзіенка (з Малдовы) з песняй «Азярцо» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2007 — Рэспубліканскі конкурс «Маладзічок» (г. Маладзечна). Вераніка Чарняўская з  «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Гран-Пры.
  • 2008 — Міжнародны конкурс «Пуцёўка да зораў» (г. Масква). Вераніка Чарняўская з  «Баладай»  (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Гран-Пры.
  • 2009 — Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «ТеремОК!» (С-Пецярбург) Сафія Селязнёва з «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2009 — Рэспубліканскі конкурс «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр). Вераніка Чарняўская з «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2010 — «Славянскі базар». Дзяніс Вяршэнка з баладай «Птушкі» (верш Валянціны  Паліканінай) заняў Трэцюю прэмію.
  • 2011 — III Міжнародны фестываль-конкурс эстраднай песні «На хвилях Свiтязя», Украіна. Вольга Калеснікава з «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2012 — Рэспубліканскі конкурс «Белазаўскі акорд» (г. Жодзіна). Наталля Кірыенка з  баладай «Рэха жураўлінае» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Другую прэмію.
  • 2013 — Міжрэгіянальны конкурс «Факел» ОАО Газпром (г. Віцебск) Вераніка Чарняўская з «Баладай» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Першую прэмію.
  • 2013 — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2013». Наталля Кірыенка з песняй «Птушкі» (верш Валянціны Паліканінай) заняла Першую прэмію.
  • 2014 — XIII Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў «Марскі вузел» (г. Наварасійск). Мікіта Касцюковіч з песняй «Птушкі» (верш Валянціны Паліканінай) заняў Першую прэмію.
  • 2015 — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2015». Мікіта Касцюковіч з песняй «Птушкі» (верш Валянціны Паліканінай) заняў Трэцюю прэмію.
  • 2016 — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016». Аляксандр Саванец з песняй «Нарач» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняў Першую прэмію.
  • 2016 — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016». Ніна Жукоўская  з «Баладай расстання» (верш Уладзіміра Пецюкевіча) заняла Другую прэмію.