КНДР — адна з найбольш мілітарызаваных і зачыненых ад знешняга свету дзяржаў. Афіцыйная ідэалогія, чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Сябе КНДР называе сацыялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на ўласныя сілы. Вышэйшая ўлада афіцыйна належыць Дзяржаўнаму камітэту абароны на чале з Кім Чэн Ынам, які таксама займае пасады Вышэйшага кіраўніка і першага сакратара ЦК ППК. Дэмакратыя і свабодныя выбары адсутнічаюць, назіраецца культ асобы Кім Ір Сена і яго нашчадкаў ва ўрадзе. Унітарная дзяржава, падзяляецца на 9 правінцый, 2 гарады цэнтральнага падпарадкавання, тры спецыяльных рэгіёны. Паўночная Карэя (зрэшты, як і іх паўднёвыя антыподы) лічыць сябе легітымнай уладай над усім паўвостравам.

Статуі Кім Ір Сена (Вялікага правадыра) і Кім Чэн Іра (Любімага кіраўніка), манумент на ўзгорку Мансу, Пхеньян

Ідэалогія правіць

КНДР — аўтарытарная аднапартыйная, цэнтралізаваная дзяржава. Канстытуцыя 1972 замацавала чучхэ, абвешчаную Кім Ір Сенам у 1955 гозе, як дзяржаўную ідэалогію. З таго часу ў Канстытуцыю было ўнесена нямала змяненняў (1992, 1998, 2009, 2012, 2013, 2016), якія, аднак, не пахіснулі палітычных устояў. І ў канцы 2010-х Паўночная Карэя называе сябе рэвалюцыйнай сацялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на прынцыпы чучхе і сангун.

  • Чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Увасабленне мудрасці Кім Ір Сена. Спачатку разглядалася як нацыянальная варыяцыя марксізму-ленінізму, з 1970-х лічыцца арыгінальнай палітычнай думкай.
  • Сангун (войска перадусім) — палітыка, што ставіць Карэйскую народную армію прыярытэтам ва ўсіх дзяржаўных справах. 9,5 млн чалавек (37 % насельніцтва краіны!) або служаць у войску, або з'яўляюцца рэзервістамі ці членамі ваенізаваных фарміраванняў.

Адзінай істотнай палітычнай сілай з'яўляецца Працоўная партыя Карэі (ППК) на чале з прадстаўніком кіруючай дынастыі Кімаў. ППК узначальвае Аб'яднаны дэмакратычны айчынны фронт, куды ўваходзяць Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арганізацыі. Усе палітычныя работнікі краіны мусяць быць членамі фронту. Палітычныя стадарты і сам лад жыцця паўночных карэйцаў вызначаюцца «Дзесяццю прынцыпамі адной ідэалогіі».

Вярхоўная ўлада правіць

Сённяшні прэзідэнт КНДР — Кім Чэн Ын — займае ўсе вярхоўныя пасады ў дзяржаве (старшыня ПКП, галоўнакамандуючы і т.п.), як і яго бацька Кім Чэн Ір (пасля смерці "Вечны Генеральны сакратар") і дзед Кім Ір Сен ("Вечны прэзідэнт"). Сваякі прэзідэнта — "дынастыя Кімаў" — займаюць многія ключавыя пасады.

Заканадаўчая і выканаўчая ўлада правіць

 
Палац пасяджэнняў Вярхоўнага народнага схода — карэйскага парламента

Заканадаўчы орган — Вярхоўны Народны Сход (ВНС), што складаецца з 687 членаў, якія выбіраюцца кожныя 5 гадоў на безальтэрнатыўнай аснове. Нягледзячы на даволі шырокія паўнамоцтвы і актыўную заканатворчую працу, выпадкі, калі б ВНС крытыкаваў або змяняў дасланыя ім з вышыняў законы, невядомыя. Выканаўчая ўлада фармальна належыць прэм'ер-міністру, двум віцэ-прэм'ерам, 31 міністру і яшчэ некалькім важным чыноўнікам (напрыклад, прэзідэнту акадэміі навук).

Правы чалавека правіць

Паводле ацэнак ААН "Сур'ёзнасць, маштабы і характар парушэнняў правоў чалавека ў КНДР не маюць якіх-небудзь аналагаў у сучасным свеце". Улады рэспублікі называюць усе гэтыя даклады і ацэнкі паклёпніцкімі і лічаць часткай міжнароднай змовы, што мае на мэце падарваць магутнасць КНДР. Зрэшты, наяўнасць праблем у сацыяльна-побытавай сферы Пхеньян не адмаўляе (хаця і гэтыя праблемы вельмі хутка будуць вырашаны!).

Знешняя палітыка правіць

 
Сустрэча Кім Чэн Ына з Дональдам Трампам на саміце ў Сінгапуры, чэрвень 2018

У 1950-я – 1960-я гады Паўночная Карэя была актыўным удзельнікам сацыялістычнага блока, адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Пачынаючы з 1990-х, КНДР праводзіць палітыку самаізаляцыі, маючы паўнавартыя адносіны толькі з іншымі камуністычнымі ўрадамі, якіх на планеце ўсё меней (В'етнам, Лаос). У той жа час крызісныя з'явы ў эканоміцы, неабходнасць атрымання гуманітарнай дапамогі падштурхнулі ўрад КНДР да наладжвання ўзаемаадносін з развітымі краінамі. Большасць замежных амбасадаў у КНДР знахозяцца не ў Пхеньяне, а ў Пекіне. Па стане на 2015 КНДР мае дыпламатычныя адносіны з 166 краінамі і амбасады ў 47. Некаторыя краіны ўвогуле не прызнаюць паўночнакарэйскай дзярўжаўнасці — ЗША, Аргенціна, Францыя, Эстонія, у першую чаргу, у сувязі са станам правоў чалавека ў КНДР. Адносіны з суседзямі — Паўднёвай Карэяй і Японіяй — і гэтак не вельмі бліскучыя, былі пагоршаны пасля выбуху паўднёвакарэйскага Боінга над Андаманскім морам у 1987 і выкрадання па меншай меры 13 японскіх грамадзян у 1970-х – 1980-х. У 2010-я асноўны нерв знешняй палітыкі звязаны з ракетнымі ядзернымі выпрабаваннямі, якімі захапляецца ўрад Кім Чэн Ына.

Карэйска-Беларускія адносіны правіць

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лютым 1992 года. З 2016 у Мінску існуе амбасада КНДР (2-і завулак Шчадрына). Пры гэтым першы пасол — Зу Зен Бон — прыбыў у Беларусь толькі 11 красавіка 2019 года.[1]

Зноскі