Дзікае паляванне караля Стаха

Дзі́кае палява́нне караля́ Ста́ха — аповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. Лічыцца класікай беларускай літаратуры.

Дзікае паляванне караля Стаха
Дзікае паляванне караля Стаха
Жанр аповесць
Аўтар Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1958
Дата першай публікацыі 1964

СюжэтПравіць

 
Ілюстрацыя да аповесці Арлена Кашкурэвіча

Малады навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі, збіўшыся са шляху падчас буры, трапляе ў радавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка Надзея Яноўская — апошняя прадстаўніца свайго роду. Яна распавядае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты праз здраду, здзейсненую яе продкам Раманам Старым, на дваццаць пакаленняў. Надзея — дваццатае пакаленне роду, яна чакае хуткай смерці, з якой спыніцца і род Яноўскіх. Яна распавядае пра зданяў, з’яўленне якіх прадвесціць яе гібель — Дзікім паляванні, Малога Чалавека, Блакітнай Жанчыне.

Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею і разблытаць клубок падзей. Ён бачыць Малога Чалавека — істоту невялікага росту з вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную Жанчыну, якая сыйшла са старадаўняга партрэта, на якую Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай Свеціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і следапытам Рыгорам. У адзін з вечароў на балоце яго пераследуе Дзікае паляванне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна, свабодна перасоўваюцца па дрыгве і пакідаюць сляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам паспявае схавацца ў замку і з падвоенай энергіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваннем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваннем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага палявання. Усе коннікі падпільнованыя і забітыя мясцовымі мужыкамі, коні — прадстаўнікі выміраючай пароды дрыгкантаў — патанулі ў балоце. Знікаюць і прывіды замка. Малы Чалавек аказваецца братам Бермана, вар’ятам-калекай, якога Берман выпускаў з патаемных калідораў, а Блакітная Жанчына — самой Надзяй, якая блукае па замку ў сне.

Беларэцкі ажэніцца з Яноўскай і вывязе яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад пастаяннага страху і лунатызму, у іх нараджаецца дзіця.

Месца дзеяння і персанажыПравіць

Аповяд вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, якому 96 гадоў. Сама ж гісторыя адбылася ў часы яго маладосці, увосень 1888 г. недзе ў глухой балоцістай мясцовасці Гомельшчыны ці Магілёўшчыны, прамой спасылкі ў кнізе на гэта няма.

Дзеючыя асобы:

  • Андрэй Беларэцкі — галоўны персанаж, ад чыйго імя вядзецца апавяданне. Малады навуковец-фалькларыст, які займаецца зборам старажытных беларускіх легенд. Выпадкова трапляе ў маёнтак Яноўскіх падчас буры.
  • Надзея Яноўская — далікатная 18-гадовая дзяўчына, апошні нашчадак старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх, якая жыве ў радавым маёнтку пасля дзіўнай гібелі бацькі, Рамана Яноўскага. З-за знаходжання ў пастаянным страху хварэе на лунатызм.
  • Рыгор Дубатоўк — далёкі сваяк Яноўскіх, шляхціц. Вясёлы дзед-балака, жартаўнік, умее добра наладзіць да сябе людзей, добра гаворыць па-беларуску. Пасля, аднак, высветлілася, што пад гэтай маскай хаваецца хітры і бязлітасны чалавек, галоўны злыдзень, які прыдумаў дзікае паляванне з мэтай знішчыць Яноўскіх і займець іх замак і маёмасць.
  • Алесь Варона — малады шляхціц, вельмі напышлівы і запальчывы, саўдзельнік Дубатоўка, вершнік дзікага палявання, які адчувае глыбокую асабістую непрыязнасць да Беларэцкага. У свой час сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову.
  • Андрэй Свеціловіч — студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, выключаны за ўдзел у народных хваляваннях. Светлы, наіўны, адкрыты, але рашучы чалавек, з юных гадоў неўзаемна закаханы ў Надзею. Становіцца сябрам і надзейным паплечнікам Беларэцкага, але гіне ад рук Дзікага палявання.
  • Ігнась Берман-Гацэвіч — знешне нагадвае ляльку, аматар кніг, 35 гадоў. Пасля раскрылася, што ён таксама з’яўляўся далёкім сваяком Яноўскіх і таксама прэтэндаваў на маёнтак, для чаго прыдумаў Малога Чалавека з той жа мэтай, што і Дубатоўк — звесці гаспадыню з глузду.
  • Рыгор — селянін, паляўнічы, які добра ведае мясцовыя лясы. Выглядае сурова, але ў душы вельмі добры чалавек. Дапамагае Беларэцкаму і Свеціловічу перамагчы Дзікае паляванне.

Экранізацыя, інсцэнізацыяПравіць

Аднайменны фільм, адным са сцэнарыстаў якога быў сам Караткевіч, быў зняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя яго твора не асабліва спадабалася, бо ў фільме практычна адсутнічала адна з ключавых тэм аповесці — смутак аб цяжкім лёсе беларускага народа.

У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», якую напісаў кампазітар Уладзімір Солтан. Пастановачная група была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.

СпасылкіПравіць