Добраахвотная дружына (Беларусь)

Добраахвотная дружына — аб’яднанне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якое ўдзельнічае ў ахове правапарадку. Фарміраванне аказвае дапамогу міліцыі ў падтрыманні грамадскага парадку, а таксама супрацоўнічае з МНС і памежнікамі. Сваю дзейнасць дружына ажыццяўляе на вуліцах гарадоў, дзяржаўнай граніцы, транспартных станцыях, прадпрыемствах, ВНУ і г. д.

Добраахвотная дружына
Сфера дзейнасці ахова правапарадку
Дата заснавання 26 чэрвеня 2003
Тып аб’яднанне

Гісторыя

правіць

Практыка прыцягнення ў дапамогу праваахоўнікам дружын шырока ўжывалася ў СССР[1], але з яго распадам узаемадзеянне сілавікоў і грамадскасці амаль спынілася. На гэта меліся розныя прычыны, такія як фінансавыя цяжкасці, рэфармаванне заканадаўства, рэформы органаў унутраных спраў[2]. Дружыны ў многіх былых савецкіх рэспубліках практычна зніклі, але ў Беларусі іх удалося захаваць[1].

Чыноўнікі выпрацавалі для іх прававую базу. Дзейнасць добраахвотных дружын рэгламентуецца законам «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» ад 26.06.2003 № 214-З (у рэд. Законаў Рэспублікі Беларусь ад 28.12.2009 № 78-З, ад 04.01.2014 № 122-З)[1].

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, за 2008 год каля 30 % парушальнікаў мяжы затрымлівалася пры ўдзеле валанцёраў[3]. За 2016 год яны выходзілі на дзяжурствы каля 6700 разоў. З удзелам членаў аб’яднання было спынена больш за 4300 правапарушэнняў[4].

У кастрычніку 2020 года беларуская міліцыя прыцягнула дружыны для барацьбы з пратэсным рухам[5][6]. У далейшым, у сувязі з напружанай сітуацыяй у рэгіёне, у многіх жыхароў краіны з’явілася цікавасць да ўдзелу ў падобных фарміраваннях[1]. У 2021 годзе члены добраахвотніцкіх атрадаў сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў здзейснілі больш за 25 000 патрулёў, суправаджалі 1723 пасажырскіх цягніка, якія рухаліся па тэрыторыі рэспублікі, прынялі ўдзел у 468 рэйдах, падчас якіх з удзелам дружыннікаў затрымана 695 правапарушальнікаў[7].

У лютым 2022 года дружыны ўдзельнічалі ў падтрыманні парадку пры правядзенні канстытуцыйнага рэферэндуму[8].

Асноўнай задачай аб’яднання з’яўляецца садзейнічанне праваахоўным органам, органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях, органам пагранічнай службы ў ахове правапарадку. Дружыны аказваюць значную дапамогу міліцыі ў ахове грамадскага правапарадку, у прыватнасці праводзяць сумесныя дзяжурствы[9] на вуліцах, у гандлёвых цэнтрах, у раёне вадаёмаў і пляжаў і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў[10]. На патруляванні, як правіла, на двух дружыннікаў прыходзіцца адзін супрацоўнік ведамства. Сваю дзейнасць добраахвотнікі ажыццяўляюць у вольны час[11], у асноўным вечарам[10].

У сферу дзейнасці дружыны таксама ўваходзіць прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў. Так, напрыклад, яны разам з участковымі інспектарамі міліцыі ўдзельнічаюць у праверках асоб, якія знаходзяцца на розных відах уліку, у праверцы сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, правядзенні выхаваўчай работы з асобамі, якія дапускаюць правапарушэнні[10]. Акрамя таго, аб’яднанне можа прыцягвацца да ліквідацыі надзвычайных сітуацый[11].

Для арганізацыі аператыўнай дзейнасці фарміраванні замацаваны за грамадскімі пунктамі аховы правапарадку па месцы размяшчэння прадпрыемстваў або арганізацый[10]. Добраахвотную дружыну ўзначальвае камандзір, якога агульны сход дружыннікаў абірае адкрытым галасаваннем на два гады. Ад кандыдатаў у члены атрадаў патрабуецца падаць заяву і прайсці выпрабавальны тэрмін. Дружыннікамі могуць стаць людзі старэйшыя за 18 гадоў — працоўныя, студэнты або ваенныя пенсіянеры. У валанцёра абавязкова павінны быць пасведчанне, нагрудны знак і чырвоная павязка на руцэ[11].

Члены атрадаў валодаюць правамі пазаштатных супрацоўнікаў міліцыі. Дружыны могуць працаваць таксама ў розных установах. Напрыклад, у Гродзенскім тралейбусным упраўленні ёсць свой атрад: кантралёры надзелены паўнамоцтвамі членаў аб’яднання і маюць магчымасць затрымліваць безбілетнікаў да прыезду праваахоўнікаў. Фарміраванні таксама можна сустрэць на розных транспартных станцыях, ВНУ, прадпрыемствах[12].

Станам на 2008 год сфарміравана 178 дружын, у якіх удзельнічала каля 2 000 грамадзян[3]. Да 2020 года іх колькасць павялічылася да 334 дружын, з якіх 150 прыпадалі на Гомельскую вобласць[9].

Усе атрады ствараюцца на базе прадпрыемстваў, арганізацый або ўстаноў. Існуюць тэрытарыяльныя добраахвотныя дружыны (ТДД), як, напрыклад, у БДПУ імя Максіма Танка[13], МЗКЦ і МАЗ, і вытворчыя добраахвотныя дружыны (ВДД), як у БДЭУ і МПЗ[14].

У складзе фарміраванняў дзейнічаюць спецыялізаваныя падраздзяленні — Моладзевыя атрады аховы правапарадку (МААП)[15], членства якіх аўтаматычна дае членства ў дружыне[16][9].

Аналіз

правіць

Кандыдат юрыдычных навук А. Ігнацюк у сумесным артыкуле з С. Калёска адзначаў, што дружыны аказваюць значную дапамогу сілавікам у ахове грамадскага правапарадку. Выкарыстанне іх патэнцыялу дазваляе пашырыць ўчасткі патрулявання супрацоўнікаў міліцыі і забяспечыць іх прысутнасць менавіта ў тых месцах, дзе найбольш верагодна здзяйсненне правапарушэнняў. Аднак у той жа час у беларускіх дружын маецца сур’ёзны недахоп — малая колькасць, выкліканая недастатковай актыўнасцю насельніцтва, асабліва ў параўнанні з савецкім перыядам дзейнасці фарміраванняў. На іх думку, гэта магло быць звязана з недастатковымі мерамі для стымулявання і заахвочвання грамадзян за ўдзел у ахове правапарадку, так як дадзеная сістэма не канкрэтызавана і носіць дэкларатыўны характар[17].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г Хотите стать дружинником? Рассказываем, как это можно сделать(недаступная спасылка) // Мінская праўда : газета. — 14 апреля 2021.
  2. А. З. Игнатюк, С. С. Колёско 2020, p. 96.
  3. а б Добровольные дружинники помогают задержать 30 % нарушителей границы Беларуси // http://telegraf.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2008. Праверана 22 жніўня 2023.
  4. А. З. Игнатюк, С. С. Колёско 2020, p. 94.
  5. Милиция объявила о формировании народных дружин. Может ли дружинник применить к вам силу? // Onliner, 19 октября 2020.
  6. Людмила Гладкая. Репортаж с улиц. Невероятная наглость протестующих уже достала горожан. «СБ. Беларусь сегодня» (20 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2021. Праверана 12 лістапада 2020.
  7. БЕЛАРУСКАЯ ЧЫГУНКА ПАДВЯЛА ВЫНІКІ ДЗЕЙНАСЦІ ДОБРААХВОТНЫХ ДРУЖЫН ПА АХОВЕ ПРАВАПАРАДКУ Ў 2021 ГОДЗЕ // Афіцыйны сайт Беларускай чыгункі, 21 сакавіка 2023.
  8. Помогать милиции на референдуме будут дружинники
  9. а б в А. З. Игнатюк, С. С. Колёско 2020.
  10. а б в г Как в Новобелице добровольные дружины работают(недаступная спасылка) // УВД Гомельского облисполкома, 15 августа 2023.
  11. а б в Алла Ветрова. Как стать дружинником в Беларуси: кого возьмут, какая нагрузка и поощрение // Комсомольская правда : газета. — 12 июля 2022.
  12. Ад вусных патрабаванняў да фізічнай сілы: што могуць «добраахвотныя дружыны» // Еўрарадыё, 19 кастрычніка 2020.
  13. Артыкулы з газеты «Настаўніцкая», прысвечаныя дружыне
  14. ДОБРАВОЛЬНАЯ ДРУЖЫНА – ІСНУТНАЯ ДАПАМОГА МІЛІЦЫІ // Адміністрацыя Заводскага раёна г. Мінска
  15. Молодежный отряд охраны правопорядка Архівавана 29 лістапада 2020. на сайте Мядельского райисполкома
  16. МООП БГУ осуществляет набор кандидатов Архівавана 30 красавіка 2019. // БРСМ БДУ, 23 сентября 2016
  17. А. З. Игнатюк, С. С. Колёско 2020, pp. 93–95.

Літаратура

правіць
  • А. З. Игнатюк, С. С. Колёско (2020). "Проблемы участия граждан в охране общественного порядка". Вестник Полоцкого государственного университета : научно-теоретический журнал. № 6 (): 93―97. {{cite journal}}: |volume= мае залішні тэкст (даведка)

Спасылкі

правіць