«Дон Жуан» (англ.: Don Juan) — сатырычная паэма[1] (або вершаваны раман)[2][3], напісаная Джорджам Горданам Байранам на аснове легенды пра Дон Жуана, якую Байран перайначыў, паказваючы Жуана не ў вобразе бабніка, а ў якасці асобы, якая лёгка спакушаецца жанчынамі. Сучасныя крытыкі лічаць гэты твор найлепшым байранавым шэдэўрам. Пісьменнік скончыў 16 песняў (кантонаў), пакінуўшы незавершуную сямнаццатую незадоўга да сваёй смерці ў 1824 годзе. Байран сцвярджаў, што падчас напісання паэмы ён не меў аніякае думкі наконт падзей, якія мусяць адбыцца ў наступных частках.

Дон Жуан
Don Juan
Выданне
Жанр паэма
Аўтар Джордж Гордан Байран
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 18181824
Дата першай публікацыі 26 сакавіка 1824
Пераклад на беларускую Уладзімір Скарынкін
Папярэдні Childe Harold's Pilgrimage[d]
Наступны Mazeppa[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Калі першыя дзве кантоны былі ананімна апублікаваныя ў 1819 годзе, паэма была раскрытыкавана за свой амаральны змест, хоць разам з тым мела ашаламляючы поспех.

Сюжэт правіць

Песня Першая правіць

Дон Жуан жыве ў Севільі разам з бацькам Хасэ і яго маці, Доннай Інес, адукаванай і начытанай жанчынай. Хасэ і Донна Інес знаходзяцца ў вельмі нешчаслівым шлюбе. Разгульнае жыццё Хасэ вымушае Інес падазраваць яго ў здрадзе і ў выніку падаць на развод, але заўчасная смерць Хасэ, спраўджаная пакутамі ад падкопаў жонкавых халопаў, не дазволіла аформіць развод канчаткова. Пасля смерці мужа Інес дае Жуану класічную адукацыю, каб абараніць яго ад непажаданых ведаў. Пасля Інес заводзіць раман з пяцідзесяцігадовым Дон Альфонса, мужам 23-гадовай Джулі. Джулі ўлюбляецца ў 16-гадовага Жуана. Дон Альфонса, падазраваючы сваю жонку ў нявернасці, адной ноччу ўрываецца ў яе спальню з мэтай адшукаць яе палюбоўніка. Аднак у яе ложку знаходзіць толькі Антонію, яе пакаёўку. Слугі Дона Альфонса абшукваюць пакой на наяўнасць мужчыны, але, не знайшоўшы ніводнага, выслухваюць поўную пагарды прамову абуранай Джулі. Дон Жуан здолеў схавацца ў самым ложку, дзе прабыў падчас ператрусу, і схавацца ў шафу з адзежай. Тым не менш, Альфонса вяртаецца ў пакой за прабачэннем і выпадкова знаходзіць мужчынскія сапагі, тым самым раптоўна выяўляючы Жуана. Пасля гэткай знаходкі Дон Альфонса бяжыць па шпагу, але, не паспеўшы вярнуцца, атрымлівае ад Жуана кулаком у твар. Пачынаецца бойка, у выніку якой Дон Жуан уцякае з дому, а Дон Альфонса застаецца з разбітым носам. Пасля гэтай падзеі адбываецца гучны развод паміж Альфонса і Джулі, якая неўзабаве адсылаецца ў кляштар. Донна Інес плануе адправіць сына ў марскую вандроўку, каб паглядзець свет. У другой Песні ён выправіцца ў падарожжа да Кадыса.

Песня Другая правіць

 
Эжэн Дэлакруа — «Караблекрушэнне Дон Жуана», 1840

Другая песня апісвае, як Жуан адпраўляецца ў падарожжа да Кадыса разам са слугамі і яго настаўнікам Педрыла. Жуан яшчэ закаханы ў Джулі. Пасля прыступу марской хваробы неспадзяваны шторм паглынае карабель. Карабельная каманда ратуецца ў доўгай лодцы, але хутка пачынае пакутаваць ад недахопу ежы. Тады яны вырашаюць кінуць жэрабя, каб выбраць таго, хто мусіць быць з’едзены. Пасля таго як з’елі жуанаву сабаку, Педрыла апынуўся другім па чарзе на з’ядзенне. Жуан не можа пераадолець сябе і сілкавацца сваім настаўнікам. Неўзабаве тыя, хто з’елі Педрыла, звар’яцелі і хутка памерлі. Выжывае адзін толькі Дон Жуан, даплыўшы да зямлі ў Кікладах у Эгейскім моры. Гайдэ і яе служанка Зоя знаходзяць Жуана на беразе мора і клапоцяцца аб ім у калябярэжнай пячоры. Жуан і Гайдэ адказваюць адзін аднаму ўзаемным каханнем, нягледзчы на тое, што Жуан не разумее грэчаскай мовы, як і Гайдэ іспанскай. Бацька Гайдэ з’яўляецца «рыбаком», які зарабляе грошы на продажы захопленых рабоў.

Песня Трэцяя правіць

3-я Песня ўяўляе сабой адступленне ад асноўнай тэмы апавядання, у ёй Байран кпіць са сваіх сучаснікаў Уільяма Уордсварта, Роберта Саўці і Сэмюэля Тэйлара Колрыджа. Таксама гэтая канцона змяшчае асобную частку, прысвечаную Грэцыі, напісаную пад іншай нумарацыяй і вершаваным памерам, якая адлюстроўвае байранавы погляды на рабскую залежнасць Грэцыі ад Асманскай імперыі.

Песня Чацвёртая правіць

Гайдэ і Жуан прачынаюцца і заўважаюць прыезд бацькі Гайдэ Ламбро. Жуан ускоквае і бярэ са сцяны шаблю, пагражаючы ёю стараму пірату. Той, у сваю чаргу, настаўляе на Жуана пісталет, але Гайдэ нечакана засланяе сабою свайго каханка. Бацька апускае зброю, але неўзабаве кліча падначаленых яму карсараў, якія схопліваюць і кідаюць параненага Дон Жуана ў трум карабля. Ад перажытага адчаю і хвалявання пра стан свайго каханага Гайдэ губляе прытомнасць і падае на бацькавы рукі. Пасля вяртання прытомнасці яна не можа заснуць дванаццаць содняў, чахнучы да моманту сваёй смерці. Гайдэ гіне разам з ненароджаным дзіцём у яе ўлонні. Жуана разам з іншымі рабамі адправілі на продаж у Стамбул.

Песня Пятая правіць

Жуан на рынку рабоў. Ён гутарыць з Брытам (англ. Englishman), распавядаючы пра сваё згубленае каханне. Больш дасведчаны Джон адказвае, што ён быў вымушаны ўцячы ад сваёй трэцяй па ліку жонкі. Чорны еўнух-негр Баба́ пакупае Жуана і Джона і вядзе іх да султанавага палаца. Ён праводзіць іх ва ўнутраны пакой, дзе прымушае Дон Жуана апрануцца ў жаночае адзенне і ў выпадку адмаўлення пагражае лягчаннем. Зрэшты, Жуана прыводзяць у султанавы пакой на сустрэчу з султаншай Гульбеяй, 26-гадовай красуняй, султанавай чацвёртай жонкай. Поўны ўпартага гонару Жуан адмаўляецца цалаваць яе ступню і нарэшце пагаджаецца на пацалунак у руку. Яна заўважыла Жуана яшчэ на аўкцыёне і загадала Баба патаемна яго для яе купіць, нягледзячы на рызыку выкрыцця з боку султана. Яна жадае, каб ён яе «кахаў», і падае яму на грудзі. Але Жуан дагэтуль не жадае здраджваць Гайдэ і адмаўляе з пагардай заляцанні султаншы, кажучы: «Кахаць сябе не прымушай арла, / які не можа развінуць крыла!». Раз’юшаная неспадзяванай адмовай Жуана, яна плануе яго абезгаловіць, але замест гэтага кідаецца ў слёзы. У гэты момант у пакой урываецца Баба з навіной аб прыездзе султана: «Бо Сонца неўзабаве зойдзе ў дзверы, / Каб асляпіць вас бляскам залатым, / І я — прамень, да Вас пасланы Ім». Султан прыбывае ў суправаджэнні сваіх наложніц і еўнухаў (яму 59 год, і ён мае 1500 каханак). Аглядваючыся навокал, ён заўважае прывабную жанчыну-хрысціянку (Жуана), выказваючы шкадаванне, што звычайная хрысціянка выглядае гэтак прывабна.

Песня Шостая правіць

Султан адасобліваецца з Гульбеяй. Жуана, дагэтуль апранутага ў жаночае адзенне, прыводзяць у перапоўнены гарэм. Яго просяць падзяліць ложак з прывабнай і маладой 17-гадовай Дуду, якая кліча яго Жуаннай. У яе было «Штось ад Венеры спячай (што магло б / бяссонніцу прынесці тым, хто скоса / Убачыў бы яе высокі лоб)», яна была «Задумлівай, прасветленай была / І надта ўжо меланхалічнай паннай». Яна дае Жуанне сціплы пацалунак і распранаецца. У 3:00 ночы, калі ўсе наложніцы ў гарэме спяць, Дуду знянацку пачала лямантаваць і ўсхваляванай паднялася з ложку, пакуль Жуанна яшчэ, храпучы, спала. Наложніцы пытаюць прычыну яе ляманту, і яна тлумачыць гэта дзіўным сном. У ім яна была ў дуброве, як Дантэ, дзе на адным з дрэваў на недасяжнай вышыні вісеў залаты яблык накшталт забароненага плода, які ўчэпіста трымаўся за свой сук і неўзабаве спакусліва ўпаў далоўку. Пасля таго, як Дуду нахілілася да яблыка, з яго вылецела пчала і ўджгнула яе ў сэрца. Пасля яе тлумачэнняў матрона гарэма вырашае пакласці Жуанну на ноч з іншай наложніцай, але Дуду ўмольвае пакінуць яе ў яе ложку, хавючы твар у Жуанніны грудзі.

Ранкам султанша просіць Баба расказаць, якім чынам Дон Жуан правёў ноч. Ён распавядае, як той застаўся ў гарэме, увішна абыходзячы дэталі пра Дуду і яе сон, але, не вытрымаўшы позірку Гульбеі, паведамляе ёй усё ў дэталях. Даведаўшыся ад еўнуха пра падзеі мінулае ночы, Гульбея загадвае скінуць Жуана і Дуду ў мяшку ў ваду. Баба адказвае, што забойства Жуана не вылечыць яе ад таго, што яе цвеліць. Султанша загадвае прывесці ў свой пакой Дуду і Жуана.

Песня Сёмая правіць

Жуан і Джон уцяклі з гарэму з дзвюма жанчынамі і з’яўляюцца падчас аблогі Ізмаіла (гістарычна 1790) — турэцкай фартыфікацыі ля вусця Дуная. Фельдмаршал Аляксандр Сувораў, афіцэр расійскага войска, рыхтуецца кінуць апошнія высілкі на абложаную крэпасць. Яму было загадана Рыгорам Пацёмкіным, галоўнакамандуючым расійскага войска, любым коштам узяць Ізмаіл. Джон Джонсан трапляе да Суворава (з якім ён дагэтуль бачыўся ў бітве пад Відзінам) і прадстаўляе свайго сябра Жуана — абодва яны гатовыя ўступіць у бойку супраць «паганскіх» туркаў. Сувораў незадаволены дзвюма жанчынамі, якіх яны прывялі, але Джон і Жуан паведамляюць, што яны дапамаглі ім зладзіць уцёкі. Сувораў пагаджаецца пакінуць іх у лазарэце.

Песня Восьмая правіць

Жуан і Джон няўрымсліва і адважна далучаюцца да аблогі Ізмаіла. Перайшоўшы праз гарадскі вал, яны кідаюцца ў бойку. Узяцце Ізмаіла каштавала туркам 40 000 згубленых, сярод якіх былі таксама жанчыны (часам згвалчаныя) і дзеці. Жуан выратоўвае 10-гадовую мусульманскую дзяўчыну Леілу ад двух крыважэрных казакаў, якія мерыліся яе забіць, і без ваганняў вырашае ўзяць яе пад сваё апякунства.

Жуан становіцца героем і па загадзе адпраўляецца ў Санкт-Пецярбург у суправаджэнні Леілы, якую ён пакляўся абараняць.

Песня Дзявятая правіць

Апрануты ў ваенны мундзір, Жуан прыцягвае да сябе ўвагу двара і самой імператрыцы Кацярыны, якую прываблівае прыгажосць маладога юнака. Жуан становіцца адным з яе фаварытаў. Яго цешыць увага гэтакай царскае асобы. Жуан працягвае пяшчотна клапаціцца аб Леіле.

Песня Дзясятая правіць

Жуан пачынае хварэць з-за халоднага расійскага клімату. Клапоцячыся аб ім, расійская імператрыца Кацярына адсылае яго ў паўднёвую Англію з больш цёплым надвор’ем. Мэтай яго прыбыцця ў Англію з’яўляецца нібыта спецыяльная дыпламатычная місія з неакрэсленым задачамі па абмеркаванню ўмоў пэўнага дагавора, але яго прыезд уяўляе сабой нічога больш, як бенефіцыю з боку Кацярыны, якая, паклапаціўшыся аб здароўі Жуана, забяспечыла яго грошамі і дарагімі падарункамі.

Песня Адзінаццатая правіць

Жуан прыбывае ў Англію і, шпацыруючы па вуліцах Лондана, разважае аб велічы Вялікабрытаніі як абаронцы свабод, пакуль яго не прыпыняе вулічны рабаўнік, які, запужваючы Жуана, патрабуе ад яго грошай. Жуан нечакана страляе ў злодзея, але, як чалавек высокага сумлення, неўзабаве шкадуе аб сваёй паспешнасці і спрабуе аказаць паміраючаму рабаўніку якую-небудзь дапамогу. Тым не менш, злодзей памірае на вуліцы, прамармытаўшы свае апошнія словы.

Пазней Жуан прыбывае да англійскага двара, дзе, як звычайна, ловіць на сабе захопленыя позіркі, часам не без зайздрасці з боку некаторых састарэлых пэраў.

Песня Дванаццатая правіць

Дон Жуан, усвядоміўшы, што ён не педагог, мерыцца знайсці ахоўніцу і апякуншу для Леілы, сіраты з разбуранага горада Ізмаілу. Яго выбар падае на лэдзі Пінчбек, якая вызначалася прыстойнасцю і дасціпнасцю.

Песня Сямнаццатая правіць

Апошняй песні, якую Байран не здолеў скончыць, уласціва адсутнасць вызначанай лініі апавядання і згадак галоўнага героя п’есы. Гэтая кантона з’яўляецца адказам на пярэчанні літаратурных крытыкаў. У сваю абарону Байран пералічвае шматлікіх выбітных людзей, якіх спачатку лічылі аўтсайдэрамі і рэвалюцыянерамі, ўключаючы Марціна Лютэра і Галілея.

Песня сканчваецца напачатку ўзнаўлення асноўнага апавядання шаснаццатай песні, у якой Дон Жуан апынуўся «ў становішчы пікантным».

Зноскі

  1. English 151-03 Byron's 'Don Juan' notes Архівавана 18 ліпеня 2006., Gregg A. Hecimovich
  2. В. Рагойша. Паэтычны слоўнік /Раман вершаваны
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2). Байран. С. 226.