Дэлія (адзенне)

від адзення

Дэлія, Дэльюра, Дзілія, Дэлея, Дылія[1] (ад турэцк.: tellu, telli) — зімовы верхні варыянт адзення прамога крою.

Ян Замойскі ў чырвонай дэліі і сінім жупане

Апісанне правіць

Верхняя частка дэлій звычайна шылася шчыльна да стану, ад пояса расшыралася. На пашыў ішлі каштоўныя тканіны пунсовага, пурпурнага, блакітнага колераў, адзенне падшывалі футрам рысі  (ням.), куніцы, мядзведзя і іншых. Каўнер рабілі з футра рысі. Зашпільвалі на залатыя ці сярэбраныя гузікі[1].

Нашэнне і варыянты правіць

Заможныя мяшчане насілі зімой кароткае футра, падбітае лісой або з аўчыны з адкладным каўняром з больш каштоўнага футра. Калі выходзілі з хаты ў дарогу, то зверху на футра апраналі дэлію. Яна пакрывалася зверху сукном, падбівалася дарагім футрам. Да 1550-х гадоў мелі рукавы, якія ў наступным набылі дэкаратыўную ролю і свабодна звісалі па баках. Насілася наапашкі. У 1583—1630 гадах насілі кароткія дэліі, ці дэлійкі, якія былі без каўняроў, зашпільваліся на гузікі, пазней — на пятліцы, мелі нашыўкі з залатых і сярэбраных тасёмак[1].

У беларускай шляхты існавалі два варыянты дэліі — зімовы і дэмісезонны. Бытавалі дэліі і без каўняра[2].

Дэлія — абавязковае адзенне вершніка, яна апраналася паверх вайсковага рыштунку[1].

У XVIII стагоддзі дэлія падбівалася футрам, па крою нагадвала кірэю, была крыху прыталенай, з багатым аздабленнем. Лёгкія дэлійкі, не падбітыя футрам, служылі летняй адзежай, пераважна для аховы ад дажджу. З канца XVIII стагоддзя дэліі сталі адзеннем дваровых людзей[1].

На аснове дэліі, разам з іншымі відамі верхняга адзення, сфарміраваліся часткі кунтушовага строю[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  2. Бялявіна, В. М. Беларускі касцяюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура правіць

  • Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. ― Мінск : Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  • Gloger Z. Delja // Encyklopedia staropolska. Ilustrowana, t. 1. — Warszawa, 1978. S. 312 (польск.)