Замкавае ўзвышша

Замкавае ўзвышша — умоўная назва плато, якое існавала ў Навагрудку да XIII стагоддзя, калі ровам было падзелена на асобныя ўзвышшы — Малы замак і Замкавую гару.

На думку гісторыкаў Таццяны Бубенка і Андрэя Мяцельскага, Замкавая гара і Малы замак Навагрудка першапачаткова ўяўлялі сабой адзінае плато квадратнай формы з бакамі прыкладна 180х180 м (каля 3,6 га). Не раней за XIII стагоддзе быў выкапаны роў, які падзяліў некалі адзінае ўзвышша на дзве часткі. Зборны план пабудоў Малога замка дазваляе сцвярджаць, што на мяжы XIIXIII стагоддзяў роў паміж Замкавай гарой і Малым замкам яшчэ не існаваў, і яны ўяўлялі адзіную пляцоўку, на якой і ўзнік дзяцінец Новагародка.

Малы замак і Замкавая гара цяпер маюць аднолькавую вышыню, якая складае 317—316 м над узроўнем Балтыйскага мора на Малым замку і 316,5 м на Замкавай гары. Першапачаткова пляцоўка будучага Малога замка была вышэйшая за астатнія ўзгоркі. Самы высокі яе пункт (315 м) знаходзіўся ў цэнтральнай частцы. На Замкавай гары першапачаткова пляцоўка размяшчалася на вышынях 313—311 м і мела ўхіл з поўначы на поўдзень. А суседняе Барысаглебскае ўзвышша першапачаткова мела вышыню каля 310—309 м.

Дамінантнае становішча заходняй часткі Замкавага ўзвышша (Малога замка) і стала прычынай ранняга засялення гэтага ўчастка. Усходняя яе ўскраіна (Замкавая гара) заставалася незаселенай да другой паловы XI стагоддзя.

Спасылкі правіць