Зборная Францыі па рэгбі

Зборная Францыі па рэгбі (фр.: Équipe de France de rugby a XV) — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Францыю ў міжнародных спаборніцтвах па рэгбі па правілах World Rugby вышэйшага ўзроўню. Акрамя галоўнай каманды Францыю прадстаўляе таксама рэзервовы склад, які называецца камандай «А», маладзёжную зборную, і адпаведныя жаночыя зборныя. Зборная Францыі па рэгбі выступае пад патранажам Французскай федэрацыі рэгбі (у 1906—1919 гадах — Саюз французскіх спартыўных таварыстваў).

Свой першы таварыскі матч зборная Францыі правяла ў 1906 годзе супраць зборнай Новай Зеландыі. З 1910 года яна прымае ўдзел у Кубку шасці нацый (да 2000 года — Кубак пяці нацый), 17 разоў выйгравала турнір, 9 разоў заваёўвала вялікі шлем. Французы тройчы былі фіналістамі Кубка свету па рэгбі — на першым такім турніры ў 1987, 1999 і 2011 гадах. Зборная Францыі — алімпійскі чэмпіён 1900 года і двойчы сярэбраны медаліст Алімпіяд.

На эмблеме зборнай намаляваны гальскі певень, а таму неафіцыйна яе гульцоў называюць пеўнямі. Дзве іншыя мянушкі каманды, «Трохкаляровыя» (фр. Les tricolores) і «Сінія» (фр. Les Bleus), звязаныя з традыцыйнымі колерамі формы — чырвона-сіне-белай. Свае хатнія матчы зборная Францыі часцей за ўсё праводзіць на «Стад дэ Франс», аднак некаторыя сустрэчы праходзяць на розных стадыёнах па ўсёй краіне. Як і зборная Францыі па футболе галоўная рэгбійная каманда краіны практыкуе атакавальную гульню.