У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Знак: матэрыяльны і пачуццёва ўспрыйманы прадмет, з'ява, дзеянне[1], што выступае як прадстаўнік іншага прадмета, якасці або адносіны.[2] Знакі, іх сістэмы і правілы іх выкарыстання вывучае семіётыка (семіялогія).

Адрозніваюцца моўныя і нямоўныя знакі. Усе ўжываныя знакі маюць на мэце перадачу пэўнай інфармацыі, але разуменне знаку немагчымае без папярэдняга высвятлення яго значэння. Усе сістэмы сродкаў, ужываныя чалавекам для абмену інфармацыяй — знакавыя.[3] Ва ўсіх навуковых канцэпцыях адрозніваюць сам знак і яго спосаб выражэння (азначальнае ці рэпрэзентамен, у залежнасці ад традыцыі, гл.далей будова знака), і падкрэсліваецца, што знак — нешта большае за спосаб выражэння.

У адносінах паміж спосабам выражэння знака і азначанай ім існасцю выдзяляюць[4] 3 віды адносін, якімі з'яўляюцца, у парадку памяншэння адвольнасці, сімвалічная (знак-сімвал), дзе знак адносна азначанага з'яўляецца адвольным або чыста дамоўным, іканічная (знак-копія), дзе знак падобны на азначанае, і індэксная (знак-прыкмета), дзе знак наўпрост нейкім чынам звязаны з азначаным.

Будова знака

правіць

Пры аналізе знака ён разглядаецца, у традыцыі Ф. Сасюра («дыяда Сасюра»), як складзены з дзвюх частак: «азначальнага» (або экспанента) — матэрыяльнага боку або формы знака, і «азнача́нага» — змястоўнага, сэнсавага боку. Азнача́ны бок тоесны не з самой рэччу, з'явай і г.д., а з яе вобразам; гэтаксама азначальны бок тоесны не з канкрэтным матэрыяльным увасабленнем, а з яго вобразам. Знак, паводле Сасюра, мае цалкам адвольную будову; неабходнай сувязі паміж азначаным і азначальным не існуе, такая сувязь з'яўляецца чыста канвенцыянальнай, прадуктам дамоўленасці.[5] Канцэпцыя Сасюра служыць асновай лінгвістычнай мадэлі знакаў (моўных знакаў).

У процівагу «дыядзе Сасюра» Ч. Пірс прапанаваў «трыяду», што складаецца з рэпрезентамену, інтэрпрэтанты і аб'екту. Схематычна сувязі паміж імі выражаюцца трыкутнікам[6] — аснову складае сімвал (рэпрэзентамен), суаднесены з азначаным аб'ектам, у вяршыні знаходзіцца інтэрпрэтанта, якую часта атаясамляюць з азначаным або рэферэнцыяй. Інтэрпрэтанта — не тое самае, што інтэрпрэтатар (той, хто атрымлівае і тлумачыць знак), а тое, дзякуючы чаму знак мае значэнне нават пры няіснасці інтэпрэтатара. У тлумачэнні-гіпотэзе У. Эка інтэрпрэтанта — іншы спосаб прадстаўлення таго самага аб'екта, і каб яе спазнаць, трэба азначыць знак з дапамогай іншага знаку, інтэрпрэтанта якога будзе наступны знак і г.д. Паводле Эка, такім, хоць і парадаксальным, спосабам — неразрыўным працэсам семіёзісу — можна абгрунтаваць семіётыку яе ўласнымі сродкамі. Паняцце стварэння сэнсу, якое тут узнікае, моцна папулярнае ў тэарэтыкаў мас-медыяў, бо яны падкрэсліваюць важнасць актыўнага працэсу інтэрпрэтацыі. Канцэпцыя Пірса служыць, між іншым, для апісання нямоўных знакаў[5].

Зноскі

  1. Наогул, у семіётыцы знакам можа быць што заўгодна, да чаго можна прыпісаць значэнне, сэнс — слова, вобраз, гук, жэст. У Скрыпніка.
  2. Большой энциклопедический словарь, 1999—2000.
  3. У Сцяцко.
  4. На аснове канцэпцый будовы знака, прапанаваных Ч. Пірсам.
  5. а б У Скрыпніка.
  6. Падобным на трыкутнік Огдана і Рычардса.

Літаратура

правіць
  • Семиотика: книга для студентов / Автор-составитель Скрипник К. Д. — Ростов-на-Дону: РИО Ростовского филиала РТА, 2000. — 127 с.
  • Мова як адмысловая знакавая сістэма // Сцяцко П. У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 231 с. — ISBN 985-417-212-0.