Зянон Якуць
Зянон Якуць (22 студзеня 1894 — 3 студзеня 1924) — каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, душпастыр.
Зянон Якуць | |
---|---|
Адукацыя | |
Нараджэнне |
22 студзеня 1894 |
Смерць |
3 студзеня 1924 (29 гадоў) |
Пахаванне |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў засценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці.
У 1909—1912 ггадах вучыўся ў Відзаўскім гарадскім 4-класным вучылішчы, дзе скончыў поўны курс навучання. Паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў снежні 1912 года і атрымаў пасведчанне з Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1919 годзе.
З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920—1924 гадах выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Шаркаўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душпастырскай дзейнасці свядома і паслядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях з беларускім насельніцтвам. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Пахаваны на парафіяльных могілках у Шаркаўшчыне.
У канцы 1920-х гадоў, акрэсліваючы месца і ролю Зянона Якуця ў беларускім хрысціянскім руху XX стагоддзя, адзін з яго лідараў, Адам Станкевіч, напісаў:
Калі ўспамінаць далей аб кс. З. Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як нязвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасць і беларускасць. Кс. З. Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасць беларускага адраджэння, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы. |
Успамін
правіцьНа смерць Зянона Якуця Казімір Сваяк напісаў верш:
- О, Браце мой у долі і нядолі!
- Паверыў я, што лёг ты ў магілу,
- Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі,
- Што твой народ згубіў айчыну мілу…
- Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе,
- Дух божы ўвыш народ з працьмы падойме,
- Нячыстага аддасьць навек агідзе,
- Нас зорам дабраты адвечнае абойме —
- Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым
- І зразумеў яго бяду духову;
- Вучыў яго, ад горачы збалелы,
- Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы.
- Ты адышоў, згарэўшы як афяра,
- За наш народ, — за вечную ідэю
- Яго душы: пражыці не як мара
- На сьвеце бед, а мець надзею
- Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога,
- Што шчасьце дасьць жывому чалавеку…
- Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, —
- Хоць значана нам Божанькай спрадвеку.
- Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным,
- Гарэў пламенна цэлаю істотай, —
- Прад Богам быў і кволы і пакорны,
- Людзям служыў з анельскаю ахвотай.
- О, будзь шчасьліў!.. бо ты жывеш — я веру,
- Хоць пад дзярном галоўка супачыла…
- І я сабе магілу ўжо адмеру,
- Ах, бо мяне зьнямога асіліла.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Электронная Энцыкляпэдыя. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Якуць Зянон .
- Казімір Сваяк Выбраныя творы. — Мн.: 2010. — С. 115-116. — 472 с. — (Беларускі кнігазбор). .