Кааперацыя (ад лац.: cooperatio - супрацоўніцтва) — сукупнасць арганізацыйна аформленых аб'яднанняў грамадзян, якія вядуць гаспадарчую і іншую дзейнасць. Узнікла ў выніку руху за стварэнне альтэрнатыўнага капіталізму спосабу арганізацыі эканамічнага жыцця шляхам аб'яднання груп людзей у агульную гаспадарку. Першыя кааператыўныя асацыяцыі арцельнага тыпу ўзніклі самаадвольна ў канцы 18 ст. ў Англіі сярод рабочых мукамольнай і хлебапякарнай вытворчасці. Кааператыўны рух сучаснага тыпу зарадзіўся таксама ў Англіі ў 1820-я гады. Яго ідэйным натхняльнікам і тэарэтыкам стаў Р.Оўэн. Аналізуючы прычыны беднасці і шукаючы сродкі яе ліквідацыі, ён прыйшоў да высновы пра магчымасць мірнага, добраахвотнага пераўтварэння існуючага ладу і вызваленне ўсіх саслоўяў. У процівагу прыватнай уласнасці ён развіў ідэю аб дэцэнтралізаваных супольніцтвах, якія звязаны тавараабменам і служаць агульнаму дабру. Ідэі Оўэна былі развіты ў дзейнасці так званых Рачдэйльскіх піянераў - групы ткачоў, якія ў 1844 аб'ядналіся ў спажывецкі кааператыў на прынцыпах, сфармуляваных іх кіраўніком і духоўным настаўнікам Ч.Гавартсам (1814-1868): тавары прадаваліся не па аптовых, а па рыначных цэнах, частка прыбытку пароўну дзялілася паміж пайшчыкамі, а частка ішла на стварэнне сацыяльнага фонду таварыства. Далейшае развіццё кааперацыі ў Еўропе пайшло па двух кірунках - вытворчым і спажывецкім.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7