Калька (лексіка)
Ка́лька, калькава́нне (ад фр.: calque — копія) у лінгвістыцы — адмысловы тып запазычання іншамоўных слоў, выразаў, фраз. У беларускай мове вылучаюць два тыпы калек слоў: словаўтваральныя і семантычныя.
Словаўтваральныя калькі — гэта словы, атрыманыя «памарфемным» перакладам замежнага слова на беларускую мову. Такая калька звычайна не адчуваецца як запазычанае слова, бо складзена са спрадвечна беларускіх марфем. Таму рэальнае паходжанне такіх слоў часцяком з’яўляецца нечаканым для чалавека, які ўпершыню даведваецца пра яго. Так, напрыклад, слова «насякомае» («казурка») — гэта калька з лацінскага insectum (in- — на-, sectum — сякомае).
Сярод іншых словаўтваральных калек можна адзначыць такія словы, як летапісец, жывапіс (з грэчаскай); вадарод, паўвостраў, людскасць (з нямецкай); падраздзяленне, небаскроб (англ.: skyscraper), паўправаднік (ад англ.: semiconductor).
Бывае калькаванне частковае: у слове працаголік (англ.: workaholic) — калькавана толькі першая частка слова.
Семантычныя калькі — гэта беларускія словы, якія атрымалі новыя значэнні пад уплывам адпаведных слоў іншай мовы. Так напрыклад значэнне «выклікаць спагаду» слова кранаць прыйшло з французскай мовы. Аналагічна паходжанне значэння «пахабны, недасціпны» ў слова плоскі.
Фразеалагічныя калькі — гэта даслоўны пераклад фразеалагізма: сляпая пакора з ням.: blinder Gehorsam.
Калькі ўзнікаюць як рэакцыя носьбітаў мовы на рэзкае ўзрастанне колькасці прамых запазычанняў. Суадносіны калькаваных слоў і прамых запазычанняў у розных моў рознае. У некаторых мовах (ісландская, тыбецкая) стварэнне калькі — амаль што адзіны метад засваення іншамоўнай лексікі.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Современный русский язык: Лексикология. Фразеология. Лексикография. Фонетика. Орфоэпия. Графика. Орфография. Учебное пособие / Г. М. Алексейчик [и др.]. — Мн.: Вышэйшая школа, 1990.