Камісія паліцыі абодвух народаў

Камісія паліцыі абодвух народаў — цэнтральны калегіяльны орган улады Рэчы Паспалітай.

Створана 28 чэрвеня 1791 г. Чатырохгадовым соймам 1788—1792 гг. на замену скасаваных камісій добрага парадку, а таксама вялікага і надворнага маршалкаў. Складалася з 15 камісараў: 3 сенатараў, 6 паслоў (па 2 ад Велікапольскай, Малапольскай і Літоўскай правінцый) і 6 адвакатаў ад гарадоў, выбраных ад землеўласнікаў. Камісары выбіраліся соймамі на 2 гады. Ад ВКЛ у камісію ўваходзілі брэсцкі кашталян Ю. Шчыт, Ю. Швайкоўскі і С. Прашынскі. Кіравалася надворнымі маршалкамі праз канцылярыю (6 чалавек). Падпарадкоўвалася Стражы Правоў. Засядала штодня, апроч свят.

У веданні Камісіі знаходзіліся ўпарадкаванне гарадоў, рэвізія гарадскіх даходаў, фундушы, дазволы на працу па-за рамеснымі цэхамі, сачэнне за неадчужальнасцю гарадскіх зямель і іх арэндай праз аўкцыёны. Ажыццяўляла агульнаграмадзянскую паліцэйскую ўладу і выкананне судовых рашэнняў, прадухіленнем парушэнняў свабоды друку, аказвала дапамогу калекам і хворым, загадвала месцамі зняволення. Як судовая ўстанова разглядала справы, накіраваныя ёй па апеляцыі парадкавымі камісіямі.

Распараджэнні цэнтральнай Камісіі ажыццяўляліся праз ваяводскія і павятовыя камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя. Для выканання сваіх пастаноў мела 2 харугвы, таксама магла карыстацца дапамогай дзяржаўнага войска. Скасаваная Таргавіцкай канфедэрацыяй. На Гарадзенскім сойме 1793 г. створаны асобныя Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага і Каронная камісія паліцыі.

Літаратура правіць

  • Zahorski, A. Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie rozbiorów. — Warszawa, 1959.
  • Анішчанка, Я. Камісія паліцыі абодвух народаў / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 26.

Гл. таксама правіць