Кантабры, лац.: Cantabri — старажытная канфедэрацыя 11 плямёнаў[1], якія засялялі паўночнае ўзбярэжжа Іспаніі на тэрыторыі сучаснай правінцыі Кантабрыя, на ўсходзе Астурыі і ў прылеглых горных раёнах Кастыліі-Леона.

Месцазнаходжанне кантабраў падчас Кантабрыйскіх войн 29-19 гг. да н.э.

Паводле паведамлення Страбона, кантабры або раней зваліся лузітанамі (гэта значыць былі індаеўрапейскім народам), або, як лічыў Юлій Цэзар, яны былі народам мясцовага паходжання[2].

Кантабры карысталіся рэпутацыяй неўтаймаваных і незалежных горцаў. Працяглы час ім удавалася адбіваць напады рымлян. Упершыню войскі Рымскай рэспублікі напалі на іх каля 150 г. да н.э. У сваіх «Запісках пра Гальскую вайну» (iii.26) Цэзар апісвае, як Крас перамог аб'яднаную армію кантабраў і аквітанаў, якіх ён заве «роднаснымі плямёнамі», што ставіць пад сумнеў прыналежнасць кантабраў да кельтыбераў (гэты пункт гледжання папулярны сярод часткі заходнееўрапейскіх гісторыкаў). Сама назва «кантабры» — лігурскага паходжання і азначае «горцы». Назвы кантабрскіх плямёнаў і іх мясцовыя традыцыі таксама адрозніваюцца ад суседніх кельтыберскіх.

Перамагчы кантабраў здолелі толькі Агрыпа і Актавіян Аўгуст, якія асабіста ўдзельнічалі ў кампаніях, вядомых як Кантабрыйскія войны (29-19 гг. да н.э.), у выніку якіх кантабры і саюзныя ім астуры былі часткова знішчаны[3]. Тыберый атрымаў першы ваенны вопыт у вайне супраць кантабраў у 25 г. да н.э. на пасадзе салдацкага трыбуна[4].

Пасля гэтага землі кантабраў былі ўключаны ў склад правінцыі Тараконская Іспанія, з абмежаванай аўтаноміяй. Кантабры пастаўлялі рэкрутаў у рымскія дапаможныя войскі (auxilia), як і іх заходнія суседзі, астуры. У старажытнай Кантабрыі знаходзіліся свінцовыя шахты, пра якія вядома мала.

Мясцовае насельніцтва так і не было да канца раманізавана, паколькі заставалася галоўным чынам сельскім. Канчатковая раманізацыя адбылася толькі пасля ўварвання арабаў на Іберскі паўвостраў.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Kruta 2000 пералічвае наступныя (у лацінскай транслітарацыі): Avarigines, Blendii (ці Plentusii), Camarici, Concani, Coniaci, Moroecani, Noegi, Orgenomesci, Salaeni, Vadinienses і Velliques.
  2. Strabo, Geography, Book III, Chapter 4
  3. Светоній, Аўгуст, 21
  4. Светоній, Тыберый, 9

Спасылкі

правіць

Літаратура

правіць
  • Venceslas Kruta, 2000. Les Celtes, histoire et dictionnaire, (Paris: Éditions Robert Lafont) ISBN 2-7028-6261-6