Капа (лікавая адзінка)
Капа́ (аг.-усх.-слав.: копа; лац.: sexagena) — лікавая адзінка ў Вялікім княстве Літоўскім з XIV ст., роўная 60 штукам. Паняцце чэшскага паходжання (чэшск.: kopa — куча), з’явілася ў Вялікім княстве Літоўскім разам з распаўсюджваннем чэшскай манеты — пражскіх грошаў, таму што 60 пражскіх грошаў прыраўноўвалася да 1 пражскай грыўні срэбра (253,17 г). Таксама ўжывалася паняцце паўкапа. Пражскі грош на той час быў вельмі распаўсюджанай манетай у Еўропе, таму пражская грыўня сталася міжнароднай грашовай і вагавой уліковай адзінкай.
Спачатку капа была толькі грашова-вагавой лікавай адзінкай, тоеснай рублю, а паўкапа — палціне, бо па ўтрыманню срэбра 1 пражская грыўня была блізкая да наўгародскай грыўні-рубля, якая была ў той час распаўсюджанай уліковай адзінкай у ВКЛ[1]. Пасля на копы пачалі лічыць розныя рэчы, напрыклад «капа снапоў» — 60 снапоў.
У сувязі з паступовым памяншэннем, з канца першай паловы XIV стагоддзя, утрымання срэбра ў пражскіх грошах ішло і паступовае павелічэнне іх колькасці ў рублі. У канцы XIV стагоддзя ў рублі лічылі 96 грошаў, а ў 1432 — 100 грошаў. У гэты час канчаткова склалаўся лічбавы змест уліковага рубля — 100 грошаў. Лічбавы змест капы заставаўся нязменным — 60 грошаў, таму, верагодна, капа і стала ўніверсальнай лікавай адзінкай[2]. Выкарыстоўвалася да XIX стагоддзя.
Магчыма, ад капы паходзіць назва капейкі.