Каралі Нуменара

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Каралі Нуменара (англ.: Kings of Númenor) — правіцелі аднаго з каралеўстваў людзей у легендарыуме Толкіна[en].

Усе гады жыцця і праўлення (акрамя асобна адзначаных) адносяцца да Другой Эпохі Міжзем’я.

Храналогія кіравання правіць

Кароль / Каралева Даты жыцця Даты кіравання
1. Эльрас Тар-Міньятур 532 I — 442 II 32 — 442
2. Вардамір Ноліман 61 — 471 442 (дэ юрэ)
3. Тар-Амандзіль 192 — 603 442 — 590
4. Тар-Элендзіль 350 — 751 590 — 740
5. Тар-Менельдур 543 — 942 740 — 883
6. Тар-Алдарыён 700 — 1098 883 — 1075
7. Тар-Анкалімэ 873 — 1285 1075 — 1280
8. Тар-Анарыён 1003 — 1404 1280 — 1394
9. Тар-Сурыён 1174 — 1574 1394 — 1556
10. Тар-Тэльперыэн 1320 — 1731 1556 — 1731
11. Тар-Мінасцір 1474 — 1873 1731 — 1869
12. Тар-Кір’ятан 1634 — 2035 1869 — 2029
13. Тар-Атанамір 1800 — 2221 2029 — 2221
14. Тар-Анкаліман 1986 — 2386 2221 — 2386
15. Тар-Тэлемайтэ 2136 — 2526 2386 — 2526
16. Тар-Ванімельдэ 2277 — 2637 2526 — 2637
Тар-Андукал 2286 — 2657 2637 — 2657
17. Тар-Алкарын 2406 — 2737 2657 — 2737
18. Тар-Калмакіль 2516 — 2825 2737 — 2825
19. Тар-Ардамін 2618 — 2899 2825 — 2899
20. Ар-Адунахор 2709 — 2962 2899 — 2962
21. Ар-Зімратон 2798 — 3033 2962 — 3033
22. Ар-Сакалтор 2876 — 3102 3033 — 3102
23. Ар-Гімільзор 2960 — 3177 3102 — 3177
24. Тар-Паланцір 3035 — 3255 3177 — 3255
Тар-Мірыэль, Ар-Зімрафель 3117 — 3319 3255 — 3319
25. Ар-Фаразон 3118 — 3319 3255 — 3319

Каралі Нуменара правіць

Эльрас Тар-Міньятур правіць

Э́льрас (сінд.: Elros) Тар-Мі́ньятур (квэнья: Tar-Minyatur; 532 П. Э. — 442 Д. Э.) — паўэльф[en], сын Эарэндзіля і Эльвінг, малодшы брат-блізнюк Эльранда Паўэльфа. У супрацьлегласць свайму брату абраў лёс людзей і стаў першым каролём Нуменара (32—442).

Эльрас нарадзіўся ў 532 годзе Першай Эпохі. Разам з маці, бацькам і братам жыў у Гаванях Сірыяна[es], калі Эльвінг адмовілася аддаць Сільмарыль[en] сынам Феанара[fr]. У выніку кровапралітнай бітвы яны захапілі Гавані, але Эльвінг з Сільмарылем збегла да Эарэндзіля. Яны не вярнуліся за сынамі, якіх узяў на выхаванне адзін з сыноў Феанара, Маглар[es], палюбіўшы дзяцей як сваіх уласных.

Пасля Вайны Гнева, як адзін з паўэльфаў, Эльрас меў права выбраць свой лёс: быць смяротным ці эльфам. Эльрас абраў лёс смяротных, у той час як Эльранд абраў несмяротнасць. Як сын Эарэндзіля, Эльрас мог жыць нашмат даўжэй за ўсіх людзей, але яго нашчадкам быў дадзены карацейшы тэрмін жыцця (хоць і доўгі ў параўнанні з іншымі дунэдайн).

У якасці ўзнагароды за вернасць у вайне з Моргатам[en] Валар[en] падаравалі людзям-эдайн востраў, які знаходзіўся паміж Міжзем’ем і Аманам. Гіл-Эстэль прывяла Эльраса і выжылых людзей на востраў Элена, дзе яны заснавалі каралеўства Нуменар. У 32 годзе Другой Эпохі Эльрас узышоў на трон Нуменара ў горадзе Арменелас. Ён узяў троннае імя на квэнья Тар-Міньятур, якое азначае «вярхоўны першы кіраўнік». Выбіраць троннае імя стала традыцыяй, якой трымалася большасць наступных каралёў Нуменара. Эльрас быў нашчадкам кіраўнікоў усіх трох Дамоў Эдайн, рэшткі якіх сфарміравалі насельніцтва Нуменара. Адпаведна, ён і яго нашчадкі валодалі рэліквіямі вялікіх герояў і кіраўнікоў Першай Эпохі: пярсцёнкам Барахіра, сякерай Туара, лукам Брэгара і мячом Цінгала Аранрутам.

Эльрас кіраваў 410 гадоў, пакуль добраахвотна не пакінуў трон і не пайшоў з жыцця ў 442 годзе Другой Эпохі ва ўзросце 500 гадоў.

Вардамір Ноліман правіць

Ва́рдамір Но́ліман (квэнья: Vardamir Nólimon; 61 — 471) — старэйшы сын Эльраса Тар-Міньятура, другі кароль Нуменара (442).

Вардамір нарадзіўся ў 61 годзе Другой Эпохі ў сям’і Эльраса, першага караля Нуменара. У Вардаміра былі малодшыя браты: Манвендзіль і Атаналкар, а таксама сястра Ціндоміэль. Вардамір быў выдатным вучоным свайго часу, чыім жаданнем заўсёды было спазнаваць, а не кіраваць. Калі ў 442 годзе памёр Эльрас, Вардамір не прыняў скіпетра (але намінальна кіраваў 1 год, і ў спісах каралёў яго ўказваюць як Тар-Вардаміра). Ён перадаў кіраванне сыну, Амандзілю. На момант смерці бацькі Вардаміру быў 381 год, і ён не нашмат яго перажыў, памёршы ў 471 годзе ва ўзросце 410 гадоў. У Вардаміра было 3 сыны: Амандзіль, Аўлендзіль і Ноландзіль, а таксама дачка Вардзільмэ.

Тар-Амандзіль правіць

Тар-Ама́ндзіль (квэнья: Tar-Amandil; 192—603) — сын Вардаміра Нолімана, трэці кароль Нуменара (442—590).

Уступіў на пасад Нуменара адразу пасля адрачэння бацькі, які не пажадаў быць каралём пасля смерці Эльраса Тар-Міньятура. Тар-Амандзіль адрокся ад Скіпетра ў 590 годзе, і на трон узышоў яго сын Тар-Элендзіль. Памёр Тар-Амандзіль праз 13 гадоў у 603 годзе ва ўзросце 411 гадоў.

Тар-Элендзіль правіць

Тар-Эле́ндзіль (квэнья: Tar-Elendil; 350—751) — сын Тар-Амандзіля, чацвёрты кароль Нуменара (590—740).

Тар-Элендзіль быў мудрацом і таленавітым вучоным, яго таксама называлі Пармайтэ («кніжнік» або даслоўна — «кнігарукі»), бо сваімі рукамі ён стварыў мноства кніг і запісаў шмат паданняў, сабраных яго дзедам Вардамірам Ноліманам, але, у адрозненне ад яго, ён стаў кіраўніком Нуменара.

Падчас кіравання Тар-Элендзіля Веантур, капітан судоў караля, стаў першым з нуменарцаў, хто прыплыў з вострава ў Міжзем’е. Здарылася гэта ў 600 годзе. Ён прыплыў у Мітланд на караблі Энтулесэ і сустрэўся з Вярхоўным каралём нолдар-выгнаннікаў Гіль-Галадам. Дачка Веантура, Алмарыян, выйшла замуж за Тар-Менельдура, і іх сын Алдарыён атрымаў у спадчыну любоў дзеда да мора.

Вядома, што ў Тар-Элендзіля былі дзве дачкі: старэйшая — Сільмарыэн (ад яе пайшла дынастыя Лордаў Андуніэ) і малодшая — Ісільмэ. У Ісільмэ не было дзяцей, а ў Сільмарыэн былі, таму род Эльраса раскалоўся на дзве галіны. Сільмарыэн павінна была стаць першай кіруючай каралевай Нуменора, але калі Тар-Элендзіль быў ужо пажылым, у яго нарадзіўся сын Тар-Менельдур. Пасля смерці бацькі ён стаў каралём, але пярсцёнак Барахіра і меч Нарсіль атрымала на захаванне Сільмарыэн. І ў далейшым гэтыя рэліквіі апынуліся ў Арагорна II Элесара, як нашчадка Сільмарыэн.

Кіраваў Тар-Элендзіль на працягу 150 гадоў і перадаў скіпетр сыну Тар-Менельдуру ў 740 годзе, памёр ён у 751 годзе.

Тар-Менельдур правіць

Тар-Мене́льдур (квэнья: ; 543—942) — малодшае дзіця і адзіны сын Тар-Элендзіля, пяты кароль Нуменара (740—883).

Ён завязаў цесныя ўзаемаадносіны з Лінданам. Гіль-Галад паведаміў каралю аб тым, што на ўсходзе Міжзем’я жыве мноства людзей, якія адкідаюць і эльфаў, і Мелькара, і жывуць пад кіраўніцтвам найбольш адукаваных вастакаў. Тады Менельдур і яго сын Алдарыён заснавалі флот Нуменара і высадзіліся на беразе заліва Белфалас, выгналі вастакоў-кіраўнікоў і пачалі дарыць народам Міжзем’я асвету, а тыя сталі называць іх багамі. Улада і мудрасць Нуменара і дружалюбных да яго людзей ахоплівала ўсё ўзбярэжжа і крыху заглыблялася ў раёне Харондара (Паўднёвага Гондара).

Аднак у зямлі Мордара ўзрастала ўлада Саўрана, і вастакі падпарадкоўваліся яму. І хоць у прыбярэжных раёнах панавала ўлада Нуменара, паўночныя тэрыторыі былі захоплены оркамі. Пра гэта паведаміў Менельдуру Гіль-Галад, але Менельдур стаміўся ад царскіх спраў і ў 883 годзе перадаў скіпетр Алдарыёну.

Тар-Алдарыён правіць

Тар-Алда́рыён (квэнья: Tar-Aldarion; 700—1098) — сын Тар-Менельдура, шосты кароль Нуменара (883—1075).

Тар-Алдарыён быў уладыкам караблёў і гаваняў Нуменара. Заснавальнік Гільдыі Марскіх Падарожнікаў і першай гавані нуменарцаў у Міжзем’і — Віньялондэ. Праславіўся сваёй любоўю да марскіх падарожжаў, вялізным укладам у развіццё караблебудавання і вывучэнне нуменарцамі берагоў Міжзем’я. Будаўнік многіх караблёў, у тым ліку Эамбара і Паларана. З-за сваркі з жонкай змяніў закон аб наследаванні прастола ў Нуменары, дзякуючы чаму жанчыны з Роду Эльраса маглі станавіцца кіруючымі каралевамі.

Гісторыя Алдарыёна і яго сямейнай трагедыі была выкладзена ў рукапісе нуменарскіх гісторыкаў, які Элендзіль захаваў падчас Падзення Нуменара з-за асабістай цікавасці да гэтага падання.

Тар-Анкалімэ правіць

Тар-Анка́лімэ (квэнья: Tar-Ancalimë; 873—1285) — адзіная дачка Тар-Алдарыёна і Эрэндзіс, сёмы манарх і першая кіруючая каралева Нуменара (1075—1280).

Яе бацька быў услаўленым мараком і падоўгу адсутнічаў дома, што прыводзіла да напружаных адносін у сям’і. Маці забрала дачку з каралеўскага двара ў Арменеласе, і ўдваіх яны жылі ў Эмерыэ. Эрэндзіс гаварыла з дачкой на сіндарыне, а не на адунаіку, якому аддаваў перавагу Алдарыён, таксама маці перадала Анкалімэ сваю прадузятасць супраць мужчын.

У 883 годзе Алдарыён стаў каралём Нуменара, а ў 892 годзе ён афіцыйна абвясціў Анкаліме сваёй спадчынніцай, што патрабавала змяніць закон аб наследаванні прастола, паколькі раней скіпетр Нуменара перадаваўся толькі ад бацькі да сына. Цяпер жа, згодна з новым законам Тар-Алдарыёна, спадкаемцам станавіўся першынец манарха, незалежна ад полу. Анкалімэ было толькі дзевятнаццаць, калі яна стала спадчынніцай караля, але бацька ахвотна давяраў ёй дзяржаўныя абавязкі, таму прынцэса час ад часу правіла з Арменеласа падчас доўгіх падарожжаў Тар-Алдарыёна ў Міжзем’е.

З-за нешчаслівага шлюбу яе бацькоў Анкалімэ не імкнулася стварыць сям’ю. Аднак у 1000 годзе яна выйшла замуж за Халакара па палітычных матывах. У 1003 годзе ў мужа і жонкі нарадзілася іх адзінае дзіця, сын Анарыён. Тым не менш, Анкалімэ не жадала быць жонкай і маці. Акрамя таго, яна забараняла выходзіць замуж сваім служанкам, а пазней — і дзвюм старэйшым дочкам Анарыёна.

Тар-Алдарыён перадаў скіпетр Анкалімэ ў 1075 годзе, і такім чынам яна стала першай кіруючай каралевай Нуменара. Яна была ганарлівая і ўпартая, часта адхіляла парады і праводзіла сваю ўласную палітыку, часцяком грэбуючы спадчынай бацькі, якая ўключала ў тым ліку саюз з эльфійскім каралём Гіль-Галадам, які кіраваў у Ліндане.

Тар-Анкалімэ валадарыла 205 гадоў, перадаўшы скіпетр свайму сыну Тар-Анарыёну ў 1280 годзе. Памерла яна ў 1285 годзе ва ўзросце 412 гадоў. Яна была трэцім самым доўгажывучым кіраўніком Нуменара пасля Тар-Міньятура і Тар-Атанаміра і кіравала даўжэй за ўсіх, не лічачы Эльраса.

Тар-Анарыён правіць

Тар-Ана́рыён (квэнья: Tar-Anárion; 1003—1404) — сын Тар-Анкалімэ і Халакара, восьмы кароль Нуменара (1280—1394).

Пры Анарыёне здарыўся новы штуршок развіцця культуры і навукі ў Нуменары. Людзі Міжзем’я, якія жылі побач з берагам, сталі нават крыху падобнымі на нуменарцаў. Квітнеў гандаль з эльфамі Ліндана.

У Анарыёна было трое дзяцей: дзве старэйшыя дачкі, у якіх не было дзяцей, і адзін малодшы сын — Тар-Сурыён. У 1394 годзе, адчуўшы набліжэнне смерці, Анарыён адрокся ад улады на карысць сына. Пасля гэтага ён пражыў 10 гадоў.

Тар-Сурыён правіць

Тар-Су́рыён (квэнья: Tar-Súrion; 1174—1574) — дзявяты кароль Нуменара (1394—1556).

Тар-Сурыён быў малодшым дзіцём і адзіным сынам Тар-Анарыёна. У яго былі дзве старэйшыя сястры, у якіх пасля не было дзяцей. Ён уступіў на трон за дзесяць гадоў да смерці бацькі.

Менавіта ў ягонае кіраванне была распачата праца над трыма эльфійскімі Пярсцёнкамі Улады.

Яго дзецьмі былі старэйшая дачка Тар-Тэльперыэн і малодшы сын Ісільма. За 18 гадоў да сваёй смерці Сурыён адрокся ад улады на карысць Тэльперыэн, якая была яго спадчынніцай, паколькі па новым законе скіпетр Нуменара перадаваўся па старшынстве безадносна полу.

Тар-Тэльперыэн правіць

Тар-Тэльпе́рыэн (квэнья: Tar-Telperiën; 1320—1731) — старэйшае дзіця Тар-Сурыёна, дзясяты манарх і другая кіруючая каралева Нуменара (1556—1731).

Тар-Тэльперыэн жыла вельмі доўга нават па мерках каралеўскага роду і да апошняга не жадала адмаўляцца ад улады. Яна аддала скіпетр Нуменара спадчынніку ў 1731 годзе за некалькі месяцаў ці нават дзён да сваёй смерці ў тым жа годзе. Пляменнік Тар-Тэльперыэн Мінасцір, сын яе малодшага брата Ісільма, успадкаваў ёй і кіраваў як Тар-Мінасцір.

Год адрачэння Тар-Тэльперыэн спрэчны: у главе «Род Эльраса» («Няскончаныя паданні») указваецца дата смерці Тар-Тэльперыэн — 1731 год. У той жа час, у «Дадатках» да «Уладара пярсцёнкаў» і главе «Гісторыя Галадрыэль і Келебарна» («Няскончаныя паданні») годам прыбыцця флота караля Тар-Мінасціра на дапамогу Гіль-Галаду ўказаны 1700 год. Крыстафер Толкін адзначаў, што паходжанне гэтай неадпаведнасці яму няяснае. Верагодна, летапісец згадаў Мінасціра каралём рэтраспектыўна, а насамрэч на момант апісванай падзеі той быў адміралам або рэгентам.

Тар-Мінасцір правіць

Тар-Міна́сцір (квэнья: Tar-Minastir; 1474—1873) — адзінаццаты кароль Нуменара (1731—1869).

Тар-Мінасцір быў сынам Ісільма, сына караля Тар-Сурыёна. Пасля смерці сваёй цёткі, бяздзетнай каралевы Тар-Тэльперыэн, ён стаў каралём.

У Нуменары ўказам Тар-Мінасціра была пабудавана высокая вежа на гары Орамет, з якой зоркае вока магло ўбачыць Авалонэ. Там кароль праводзіў большую частку часу, гледзячы на Захад. Менавіта пры ім дунэдайн сталі сумаваць з-за асуджанасці на смерць. Тар-Мінасцір быў адданым сябрам эльдар, але зайздросціў ім. Так, яшчэ да прыняцця Мінасцірам скіпетра, калі Нуменар атрымаў заклік аб дапамозе ад караля Гіль-Галада, ён сабраў вялікае войска і адправіў флот адмірала Кір’ятура на дапамогу эльфам. Легіёны нуменарцаў разбілі і рассеялі орды Саўрана, а яго самога прымусілі бегчы ў Мордар.

Сярод дунэдайн казалі, што Тар-Мінасцір перадаў кіраванне свайму сыну, Тар-Кір’ятану, пад прымусам апошняга, яшчэ да жадання адмовіцца ад трона.

Тар-Кір’ятан правіць

Тар-Кі́р’ятан (квэнья: Tar-Ciryatan; 1634—2035) — дванаццаты кароль Нуменара (1869—2029).

Тар-Кір’ятан нарадзіўся ў 1634 годзе. Ён быў сынам Тар-Мінасціра, магутным, але прагным да багацця і ганарлівым. Смуткам бацькі перад страхам смерці ён пагарджаў і плаваў на поўдзень, усход і поўнач, пакуль не атрымаў скіпетр. Нуменарцы казалі, што ён прымусіў бацьку аддаць уладу, перш чым той пажадаў гэта зрабіць сам (1869).

Тар-Кір’ятан пабудаваў мноства каралеўскіх караблёў, на якіх яго слугі везлі з Міжзем’я мноства каштоўных металаў і камянёў, прыгнятаючы там людзей.

За шэсць гадоў да сваёй смерці Кір’ятан аддаў кіраванне Нуменарам свайму сыну, Тар-Атанаміру. Ужо ў гэты час нуменарцы сталі адкрыта наракаць супраць Забароны Валар і прагнуць бессмяротнасці. Памёр Кір’ятан у 2035 годзе, пражыўшы 401 год.

Тар-Атанамір правіць

Тар-Ата́намір (квэнья: Tar-Atanamir; 1800—2221) — трынаццаты кароль Нуменара (2029—2221). Першы манарх, які не адрокся ад скіпетра да самай смерці.

Тар-Атанамір быў сынам караля Тар-Кір’ятана і мала адрозніваўся ад яго характарам; Атанамір быў прагны да багаццяў і пагардлівы. У 2029 годзе Кір’ятан прызначыў сына каралём.

У адрозненне ад бацькі, Атанамір афіцыйна заявіў аб пратэсце супраць Забароны Валар перад эльфамі Эрэсэа і папрасіў іх перадаць гэта самому Манвэ. Але гэтага не патрабавалася, бо Манвэ сам усё бачыў. І неўзабаве з Валімара прыбылі паслы Валар гаварыць з нуменарцамі і каралём аб сутнасці свету, аб лёсе і прызначэнні кожнага. Яны казалі, што бессмяротнасць жыхароў Валінара толькі частка прыроды іх саміх, а ў самой зямлі неўміручасці для людзей няма, паколькі Эру прадвызначыў для іх смерць як вялікі дар і выратаванне. Але караля, як і большасць нуменарцаў, Веснікі не пераканалі.

Тар-Атанамір накладаў цяжкую даніну на жыхароў Міжзем’я, а ўжо ў перыяд праўлення яго сына нуменарцы пачалі падзяляцца на Верных (выступаючых за сяброўства з эльдар і падпарадкаванне Валар) і Людзей Караля (большасць нуменарцаў, якія прагнулі бессмяротнасці).

Тар-Атанамір кіраваў 192 гады да самай смерці, чапляючыся за жыццё, нават калі яно ўжо не прыносіла ніякай радасці. У рэшце рэшт ён з’ехаў з глузду і памёр у 2221 годзе. Яго пераемнікам стаў Тар-Анкаліман.

Тар-Анкаліман правіць

Тар-Анка́ліман (квэнья: Tar-Ancalimon; 1986—2386) — чатырнаццаты кароль Нуменара (2221—2386).

Тар-Атанамір кіраваў да самай смерці, спрабуючы вычарпаць са свайго жыцця ўсё магчымае задавальненне. Але ў 2221 годзе ён памёр, і яго месца заняў сын Тар-Анкаліман. У яго часы адносіны нуменарцаў з Лінданам былі аслаблены, а самі жыхары Нуменара канчаткова падзяліліся на «Людзей Караля» і «Верных». Першых было больш, і яны выступалі супраць Забароны Валар. Другія ж працягвалі быць адданымі Валар і эльфам.

Пакутуючы ад страху смерці, людзі сталі ўзводзіць багатыя магільныя скляпы для мёртвых; увесь востраў запоўнілі грабніцы. У той жа час вучоныя Нуменара спрабавалі знайсці крыніцу бессмяротнасці, але толькі змаглі вынайсці ўменне захоўваць плоць памерлых нятленнай. Тым часам, большасць нуменарцаў спрабавалі атрымоўваць асалоду ад жыцця так, як толькі можна, ладзячы разгульныя балі і назапашваючы горы скарбаў. У тыя гады магутнасць і багацце Нуменара павялічылася.

Нягледзячы на палітычныя змены, нуменарскія каралі працягвалі насіць эльфійскія імёны з прыстаўкай «Тар-», лічачы парушэнне старых традыцый кепскай прыкметай.

Як і яго бацька, Тар-Анкаліман кіраваў да смерці. У 2386 годзе ён памёр, і пачалося кіраванне яго сына Тар-Тэлемайтэ.

Тар-Тэлемайтэ правіць

Тар-Тэлема́йтэ (квэнья: Tar-Telemmaitë; 2136—2526) — пятнаццаты кароль Нуменара (2386—2526).

Тэлемайтэ нарадзіўся ў 2136 годзе ў сям’і Анкалімана, прынца Нуменара, у час кіравання Тар-Атанаміра Вялікага, адкрыта паўстаўшага супраць Забароны Валар на плаванне ў Аман.

Пасля смерці бацькі Тар-Анкалімана ў 2386 годзе стаў каралём Нуменара. Пры яго кіраванні нуменарцы грэбавалі прыносіць на гару Менельтарму, у свяцілішча Эру, дары. Тар-Тэлемайтэ любіў срэбра і загадаў сваім падданым паўсюль шукаць мітрыль.

Тар-Тэлемайтэ быў першым каралём, які пражыў менш за сваіх продкаў, а менавіта 390 гадоў — з-за мяцежнасці нуменарцаў супраць Валар. Спадчынніцай Тар-Тэлемайтэ стала яго дачка Ванімельдэ.

Тар-Ванімельдэ правіць

Тар-Ваніме́льдэ (квэнья: Tar-Vanimeldë; 2277—2637) — шаснаццаты манарх і трэцяя кіруючая каралева Нуменара (2526—2637).

Ванімельдэ нарадзілася ў 2277 годзе ў сям’і прынца Тэлемайтэ, калі кіраваў яшчэ яе дзед, Тар-Анкаліман. Пасля смерці бацькі яна стала трэцяй кіруючай каралевай у гісторыі Нуменара. Яна мала займалася кіраваннем, захапляючыся музыкай і танцамі; улада ж перайшла да яе мужа Херукалма, які быў маладзейшы за яе, але таксама з’яўляўся нашчадкам Тар-Атанаміра ў той жа ступені сваяцтва, што і яна.

Каралева кіравала 111 гадоў. Пасля яе смерці ў 2637 годзе Херукалма, не жадаючы расставацца з уладай, насуперак закону сам прыняў скіпетр і ўзяў імя Тар-Андукал. Але і ён не кіраваў доўга: праз 20 гадоў пасля смерці сваёй жонкі ён памёр. І пасля яго кіраваў законны спадчыннік, сын каралевы Тар-Алкарын.

Тар-Андукал правіць

Тар-А́ндукал (квэнья: Tar-Anducal), імя пры нараджэнні — Херука́лма (квэнья: Herucalmo; 2286—2657) — кансорт каралевы Нуменара Тар-Ванімельдэ, які ўзурпіраваў скіпетр пасля яе смерці (2637—2657).

Херукалма нарадзіўся ў 2286 годзе. Імёны яго бацькоў невядомыя, вядома толькі, што ён быў з роду Эльраса, бо быў нашчадкам невядомага дзіцяці караля Тар-Атанаміра.

Херукалма стаў мужам каралевы Тар-Ванімельдэ, быў маладзейшы за яе на 9 гадоў і быў нашчадкам Тар-Атанаміра ў такім жа пакаленні, што і яна. У 2406 годзе ў іх з Ванімельдэ нарадзіўся сын Алькарын, будучы кароль. Калі Ванімельдэ стала кіруючай каралевай, яна мала цікавілася дзяржаўнымі справамі, і Херукалма кіраваў востравам фактычна як кароль. Пасля яе смерці Херукалма не захацеў перадаваць скіпетр сыну, а прыняў яго сам, узяўшы каралеўскае імя Тар-Андукал. Пасля гэтага ён кіраваў усяго 20 гадоў, пакуль не памёр у 2657 годзе. Алкарын пасля смерці бацькі-ўзурпатара стаў паўнамоцным каралём.

У спісы каралёў Тар-Андукал унесены не быў, і яго сын Тар-Алкарын ідзе як кіраўнік услед за маці.

Тар-Алкарын правіць

Тар-А́лкарын (квэнья: Tar-Alcarin; 2406—2737) — сямнаццаты кароль Нуменара (2657—2737).

Сын Тар-Ванімельдэ і Тар-Андукала. Ён павінен быў стаць наступным кіраўніком Нуменара пасля маці, але яго бацька Херукалма, узяўшы імя Тар-Андукал, узурпіраваў уладу; аднак кіраваў ён нядоўга па нуменорскім ліку — усяго толькі 20 гадоў і памёр у 2657 годзе. Адразу пасля смерці бацькі Алкарын заняў трон.

Яго сынам быў Тар-Калмакіль, які па смерці бацькі стаў наступным каралём Нуменара.

Тар-Калмакіль правіць

Тар-Ка́лмакіль (квэнья: Tar-Calmacil; 2516—2825) — васямнаццаты кароль Нуменара (2737—2825).

Калмакіль нарадзіўся ў 2516 годзе ў сям’і прынца Нуменара Алькарына, тады востравам кіравала бабуля Калмакіля Тар-Ванімельдэ. Пасля смерці бацькі стаў каралём і быў апошнім з кіраўнікоў вострава, хто пражыў больш за 300 гадоў.

Яшчэ ў сваю маладосць Калмакіль здабыў славу вялікага капітана і заваяваў шырокія землі ўздоўж узбярэжжаў Міжзем’я. Гэтым ён наклікаў на сябе нянавісць Саўрана, які, аднак, адступіў і зацараваў на Усходзе, удалечыні ад берагоў.

У караля было два сыны: старэйшы сын і спадчыннік Ардамін (нар. 2618) і малодшы Гімілзагар (нар. 2630), чыім нашчадкам з’яўлялася Інзільбет, маці Інзіладуна (Тар-Паланціра).

Тар-Калмакіль быў першым каралём, які ўзяў імя на адунаіку — Ар-Бельзагар (адун.: Ar-Belzagar). Людзі Караля называлі Тар-Калмакіля толькі так, аднак гэта было неафіцыйна.

Тар-Ардамін правіць

Тар-А́рдамін (квэнья: Tar-Ardamin; 2618—2899) — дзевятнаццаты кароль Нуменара (2825—2899).

Нарадзіўся ў 2618 годзе. Як і бацька, узяў сабе неафіцыйнае імя на адунаіку — Ар-Абатарык (адун.: Ar-Abattârik).

Ар-Адунахор правіць

Ар-Адунахо́р (адун.: Ar-Adûnakhôr; 2709—2962) — дваццаты кароль Нуменара (2899—2962).

Першы кароль, які афіцыйна і без утойвання ад усіх абвясціў сябе каралём з імем на адунаіку. Пры нараджэнні яго імя было эльфійскае (на квэнья) — Херунумен. Аднак пры каранаванні ён вырашыў паказаць сваю непакорлівасць Валар і ўзяў імя на Адунаіку — Адунахор. Гэтае імя азначае «Уладыка Захаду», і Верныя лічылі яго грахоўным і дзёрзкім, паколькі так называлі толькі Валар і ў першую чаргу Манвэ. Каб засцерагчыся ад бяды, яго імя ў скрыжалях каралёў было запісана як Тар-Херунумен, але яго сын ужо быў запісаны на адунаіку.

Пры Ар-Адунахоры эльфійскія мовы былі забаронены, не дазвалялася вучыць ці вучыцца ім. Аднак Верныя парушалі каралеўскую забарону і захоўвалі гэтыя веды. У тыя часы караблі з Тол-Эрэсэа сталі прыходзіць да заходніх берагоў вострава рэдка і ўпотай.

Адунахор памёр у 2962 годзе. Яго сынам і спадчыннікам быў Ар-Зімратон.

Ар-Зімратон правіць

Ар-Зімрато́н (адун.: Ar-Zimrathôn; 2798—3033) — сын Ар-Адунахора, дваццаць першы кароль Нуменара (2962—3033). На квэнья яго імя гучала б як Тар-Хастамір.

Аб яго праўленні нічога не вядома. Ар-Зімратон кіраваў 71 год і памёр ва ўзросце 235 гадоў. Яго пераемнікам стаў сын Ар-Сакалтор.

Ар-Сакалтор правіць

Ар-Сакалто́р (адун.: Ar-Sakalthôr; 2876—3102) — сын Ар-Зімратона, дваццаць другі кароль Нуменара (3033—3102). На квэнья яго імя гучала б як Тар-Фаласан.

Аб яго праўленні нічога не вядома. Ар-Сакалтор кіраваў 69 гадоў і памёр ва ўзросце 226 гадоў. Яго пераемнікам стаў сын Ар-Гімільзор.

Ар-Гімільзор правіць

Ар-Гімільзо́р (адун.: Ar-Gimilzôr; 2960—3177) — сын Ар-Сакалтора, дваццаць трэці кароль Нуменара (3102—3177).

Ар-Гімільзор быў самым непрымірымым з ворагаў Верных. Ён канчаткова забараніў размаўляць на мовах эльфаў і жорстка караў тых, хто падтрымліваў сяброўства з эльдар Тол-Эрэсэа. Ар-Гімільзор не шанаваў Валар і ніколі не наведваў свяцілішча Эру. Большасць Верных сялілася ў заходняй частцы вострава, але Гімільзор загадаў усім, хто быў абвінавачаны ў прыхільнасці да гэтага лагера, перасяліцца на ўсход, да гавані Рамена; там за Вернымі сачылі днём і ноччу. Так Гімільзор жадаў абмежаваць адносіны паміж нуменарцамі і эльфамі Тол-Эрэсэа, якіх называлі Даносчыкамі Валар. Але апошнія і так ведалі аб тым, што адбываецца, таму, разгневаўшыся, пазбавілі нуменарцаў сваёй падтрымкі; караблі з Эрэсэа больш не прыплывалі.

Ар-Гімільзор ажаніўся з пляменніцай Эарэндура (Лорда Андуніэ), Інзільбет, якая паходзіла ад Тар-Калмакіля і ўпотай была Вернай. Яна не жадала гэтага саюза, але каралі не цярпелі адмовы. Паміж мужам і жонкай не было кахання, тым не менш, Інзільбет нарадзіла яму двух сыноў Інзіладуна і Гімільхада. Інзіладун быў старэйшым, абліччам і норавам пайшоўшы ў маці, таксама падзяляў і яе лад думак. Малодшы, Гімільхад, быў сынам свайго бацькі, і менавіта яму б Гімільзор аддаў уладу, калі б дазваляў закон. Пасля смерці Ар-Гімільзора ў 3177 годзе каралём стаў Інзіладун, які прыняў імя Тар-Паланцір.

Тар-Паланцір правіць

Тар-Пала́нцір (квэнья: Tar-Palantir) або Ар-Інзіладу́н (адун.: Ar-Inziladûn; 3035—3255) — дваццаць чацвёрты кароль Нуменара (3177—3255).

Першапачатковае яго імя — Інзіладун — перакладаецца, як «Кветка Захаду». Калі ён уступіў на трон, ён прыняў, як у ранейшыя часы, эльфійскае імя, назваўшыся Тар-Паланцір, бо зоркімі былі і вочы яго, і сэрца, і нават тыя, хто яго ненавідзеў, асцерагаліся яго празорлівых прамоў. Ён заўсёды быў на баку Верных і лічыў, што калі нуменарцы паўстануць супраць Валар, то іх усіх спасцігне смерць. Ён даў спакой Верным і адрадзіў звычай прынашэнняў у святыню Эру Ілуватара на Менельтарме, адрынуты Ар-Гімільзорам.

Ён адзіны кароль Нуменара пасля Ар-Адунахора, які насіў эльфійскае імя. Тар-Паланцір прадказаў, што калі Белае Дрэва загіне, згіне і каралеўскі род. Ён спрабаваў вярнуць сяброўства з Валар і эльфамі, але было ўжо позна. Ён часта падымаўся на старажытную вежу караля Мінасціра на гары Орамет, што каля Андуніэ, і адтуль глядзеў на захад, спадзеючыся ўбачыць ветразь. Але караблі больш не прыплывалі.

Яго малодшы брат — Гімільхад узначальваў тых, хто называў сябе «Людзьмі Караля» і супрацьстаяў свайму брату ва ўсім, калі асмельваўся — адкрыта, а яшчэ больш — патаемна.

Пасля смерці Тар-Паланціра ў 3255 годзе яго дачку Тар-Мірыэль гвалтоўна выдалі замуж за яе стрыечнага брата Фаразона, які ўзурпіраваў уладу.

Тар-Мірыэль правіць

Тар-Мірыэль (квэнья: Tar-Míriel) або Ар-Зімрафель (адун.: Ar-Zimprahel; 3117—3319) — дачка Тар-Паланціра, наследная прынцэса Нуменара і жонка Ар-Фаразона, фармальна — дваццаць пяты манарх і чацвёртая кіруючая каралева (3255—3319), хаця на справе ўся манаршая ўлада была сканцэнтравана ў руках яе мужа.

Тар-Мірыэль была законнай спадчынніцай трона Нуменара, аднак яе стрыечны брат Фаразон сілком узяў яе за жонку і ўзурпіраваў трон. Авалодаўшы скіпетрам, ён прыняў імя Ар-Фаразон (на квэнья Тар-Каліён), а жонцы навязаў імя Ар-Зімрафель. (У ранніх тэкстах Толкін дае іншую версію, паводле якой Мірыэль была заручана з Элінцірам, сынам Нумендзіля, але калі ўпершыню ўбачыла Фаразона, позірк яе і сэрца звярнуліся да яго з-за яго вялікай прыгажосці, а таксама з-за яго багацця; адпаведна, шлюб не быў гвалтоўным).

Пасля таго як Ар-Фаразон атрымаў скіпетр, ён кінуў выклік Саўрану з-за таго, што той зваў сябе «каралём людзей», а Ар-Фаразон лічыў, што толькі ён мае права на дадзены тытул. Саўран здаўся каралю і быў прывезены ў Нуменар у якасці палоннага ў 3262 годзе. Саўран падштурхнуў хлуснёй нуменарцаў да ўпадзення ў зло і хітрасцю ўгаварыў Ар-Фаразона напасці на Несмяротныя Землі ў дарэмнай спробе здабыць бессмяротнасць. Ар-Фаразон вывеў флот у 3319 годзе. Калі ён даплыў да Амана і высадзіўся там, абвяшчаючы гэтую зямлю сваёй, Эру затапіў Нуменар.

Калі Нуменар пачаў тануць, Тар-Мірыэль спрабавала выратавацца на вяршыні Менельтармы. Пік гары выкарыстоўваўся для малітваў Эру, і Ар-Фаразон забараніў каму-небудзь паднімацца туды. Хваля нагнала Тар-Мірыэль перш, чым тая паспела дайсці да вяршыні. Яна была апошняй з загінуўшых пры знішчэнні Нуменара людзей, бо запознена пакаялася. Гаворыцца, што вяршыня Менельтармы засталася над паверхняй мора, але ніхто і ніколі не знаходзіў востраў Менельтармы.

Ар-Фаразон правіць

Ар-Фаразо́н (адун.: Ar-Pharazôn) або Тар-Ка́ліён (квэнья: Tar-Calion; 3118—3319) — сын Гімільхада і пляменнік Тар-Паланціра, дваццаць пяты і апошні кароль Нуменара (3255—3319), які ўзурпіраваў тытул пасля смерці Тар-Паланціра, але быў прызнаны большасцю нуменарцаў.

Па праве лічыцца самым магутным і ваяўнічым з каралёў Нуменара. У яго валадаранне Нуменар распачаў грандыёзную ваенную экспедыцыю ў Міжзем’е супраць сіл Саўрана, які пагражаў нуменарскім уладанням на заходніх і паўднёвых берагах кантынента. Высадзіўшыся з вялізным флотам у Умбары і правёўшы фактычна вокамгненную кампанію, Ар-Фаразон рассеяў сілы саюзнікаў Цёмнага Уладара, а яго самога ўзяў у палон і даставіў у Нуменар.

Апынуўшыся пры двары Ар-Фаразона, Саўран, выкарыстоўваючы свае выбітныя чарадзейскія і прамоўніцкія здольнасці, усяго за 40 гадоў прарабіў шлях ад палоннага да найбліжэйшага дарадцы і фаварыта караля, схіліў яго на свой бок і пераканаў у тым, што той мае поўнае права на эльфійскі Дар Эру — несмяротнасць[en]. Патрапіўшы пад тлятворны ўплыў Саўрана, Ар-Фаразон пачаў жорсткія ганенні на Верных і ўсталяваў у Нуменары культ Мелькара[en] з чалавечымі ахвярапрынашэннямі. Падбухтораны Саўранам кароль стварыў і асабіста павёў у бой найвялікшую ў гісторыі чалавецтва флатылію на Валінар, спадзеючыся сілай зброі адабраць ва Уладык Амана несмяротнасць. Аднак Валар адмовіліся выступіць супраць людзей, склаўшы з сябе паўнамоцтвы Уладаў Арды, і ў справу ўмяшаўся сам Эру Ілуватар. Яго магутнасцю Валінар быў назаўжды вырваны са светапарадку Арды, плоскі да гэтага дня свет набыў сферычную форму, а востраў Нуменар — знішчаны ўзніклай пры гэтым вялізарнай хваляй. Сам Ар-Фаразон і яго ваяры, якія паспелі высадзіцца на берагах Валінара, былі жыўцом пахаваны ў Пячорах Забыцця ля ўсходніх сцен Пелары, дзе, па легендзе, і будуць заставацца аж да Дагар Дагарат — Апошняй Бітвы, у якой яны будуць прымаць непасрэдны ўдзел.

Зноскі правіць

Спасылкі правіць