Карэльскае пытанне

Карэльскае пытанне (фінск.: Karjala-kysymys, руск.: Карельский вопрос) — тэрмін, які аб’яднаў узаемныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі СССР і Фінляндыі па кантролі над Заходняй Карэліяй (Карэльскі перашыек і Паўночнае Прыладажжа).

Тэрыторыі, якія СССР набыў пасля Савецка-фінскай вайны 1939—1940 гг. і Савецка-фінскай вайны 1941—1944 гг. (чырвоным колерам)

Гісторыя правіць

Тэрмін узнік у 1920 годзе пасля заключэння Тартускага мірнага дагавора паміж РСФСР і Фінляндыяй, паводле якога спрэчная тэрыторыя была замацавана за Фінляндыяй, затым, у выніку дзвюх войнаў 1939—1940 і 1941—1944 гадоў, гэтая тэрыторыя перайшла пад кантроль СССР. Карэла-фінскае насельніцтва гэтай тэрыторыі было эвакуіравана ў Фінляндыю (каля 422 тысяч чалавек).

Маскоўскі мірны дагавор (1940) і Парыжскі мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй (1947) замацавалі тэрытарыяльныя набыцці СССР: Карэльскі перашыек, Петсама, Сала — Кусама і аддаленыя астравы Фінскага заліва (Гогланд, Вялікі Цютэрс, Мошчны і Сескар). Набытыя СССР зямлі Заходняй Карэліі ўвайшлі ў склад Карэла-Фінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1944 годзе Карэльскі перашыек увайшоў у склад Ленінградскай вобласці, а ў 1956 годзе Карэла-Фінская ССР была ператворана ў аўтаномію ў складзе РСФСР, з назвы якой было выдалена слова «фінская».

Пасля распаду СССР у 1991 годзе дыскусія ў Фінляндыі вакол карэльскага пытання ўзмацнілася. Аднак ні Фінляндыя, ні Расія не ўздымалі пытанне аб пераглядзе граніцы на дзяржаўным узроўні. 30 снежня 1991 года Фінляндыя прызнала Расію ў якасці дзяржавы-пераемніцы СССР. У студзені 1992 года быў заключаны «Дагавор паміж Расійскай Федэрацыяй і Фінляндскай Рэспублікай аб асновах адносін»[1].

Сучаснае становішча спраў правіць

Тар’я Халанен, абраная ўвесну 2000 года прэзідэнтам Фінляндыі, у чэрвені таго ж года прыехала ў Маскву з афіцыйным візітам і ўпершыню сустрэлася з Уладзімірам Пуціным. У час візіту фінскі журналіст закрануў пытанне датычна лёсу тэрыторыі Карэліі. Пуцін на гэта адказаў: «Тэрытарыяльнае пытанне для нас вырашаны і закрыты канчаткова» — так ён упершыню азначыў сваю пазіцыю.

У верасні 2001 года адбыўся афіцыйны візіт у Фінляндыю Уладзіміра Пуціна. Расійскі прэзідэнт бачыў групу мітынгоўцаў, якія патрабавалі вяртання тэрыторый, і ў канцы візіту сказаў: «Мы гаварылі з прэзідэнтам Халанен пра тое, што такіх людзей нельга не заўважаць»[2]. Паводле меркавання Уладзіміра Пуціна, выказанага ім у час гэтага візіту, змяненне граніц — гэта не аптымальны спосаб вырашэння праблем. Найлепшым вырашэннем пытання з’яўляецца развіццё інтэграцыі і міждзяржаўнага супрацоўніцтва[3].

У Фінляндыі, паводле даных апошніх апытанняў грамадскай думкі, ад 26 да 38 % рэспандэнтаў выступаюць за вяртанне страчаных тэрыторый, ад 52 да 62 % — супраць[4]. Прыхільнікі вяртання Карэліі лічаць, што Маскоўскі (1940) і Парыжскі (1947) дагаворы насілі вымушаны характар і толькі Тартускі мірны дагавор з’яўляецца легітымным, паколькі ніколі не быў адменены. Паводле звестак апытання, праведзенага газетай Helsingin Sanomat, 52 % праціўнікаў уз’яднання таксама мяркуюць, што кошт вяртання гэтых тэрыторый можа быць непрымальным. У час апытання, праведзенага асацыяцыяй карэльскіх перасяленцаў «Карэльскі Саюз», толькі 5 % рэспандэнтаў (2,1 % з іх — этнічныя фіны) выказалася за вяртанне страчаных тэрыторый нават коштам вайны, а 83 % супраць[4].

Летам 2006 года ў прамым эфіры радыёстанцыі «Рэха Масквы» міністр замежных спраў Фінляндыі Эркі Туаміая сказаў, што тэрытарыяльных спрэчак Фінляндыі з Расіяй не існуе. Ён дадаў, што «юрыдычных падстаў» для патрабаванняў дэпартантаў з Карэліі вярнуць ім страчаную ўласнасць не існуе. «Усе перамешчаныя асобы атрымалі ад фінскага ўрада кампенсацыі за страты», — растлумачыў міністр[5].

У 2010 годзе суд вынес прысуд жыхару Петразаводска паводле артыкула 280 ч. 1 КК РФ (публічны заклік да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначыў яму штраф у памеры 100 тыс. рас. руб. за распаўсюджванне ў г. Сортавала агітацыйных улётак з заклікамі аб перадачы Фінляндыі прыгранічных тэрыторый Карэліі, Мурманскай і Ленінградскай абласцей, якія належалі Фінляндыі да 1940 года[6].

У студзені 2011 года пасля сцвярджэння прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым пераліку прыгранічных тэрыторый РФ[7], дзе забаронены продаж зямлі замежнікам, Карэльскае пытанне зноў было закранутае ў Фінляндыі[8], паколькі ў прыгранічную зону РФ трапілі былыя тэрыторыі Фінляндыі (Выбаргскі раён Ленінградскай вобласці, некалькі раёнаў Рэспублікі Карэлія).

Афіцыйныя ўлады Фінляндыі прызнаюць, што тэрытарыяльнага пытання паміж Расіяй і Фінляндыяй не існуе[9].

Самі прымусова перамешчаныя жыхары Карэліі і іх нашчадкі разглядаюць вырашэнне праблемы, як вяртанне іх дадому, асобна ад «тэрытарыяльнага пытання паміж Расіяй і Фінляндыяй». У гэтым выпадку ўрад Фінляндыі абавязаны ажыццявіць вяртанне карэлаў за кошт казны, з дапамогай дзяржаўных сіл і сродкаў.

Зноскі

  1. Российско-Финляндские отношения, сайт Председателя Правительства Российской Федерации
  2. Финны напомнили России о своём поражении, «Время новостей», 4.09.2001
  3. Sergei Prozorov: Border Regions and the Politics of EU-Russian Relations Архівавана 16 сакавіка 2009. Студзень 2004,, (pdf, англ.)
  4. а б Karjala-lehti and MC-Info Oy 2005 (36 % vs. 52 %), Karjalan Liitto and Taloustutkimus 5.- 7.4. 2005 (26 % vs. 57 %)アーカイブされたコピー. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2007. Праверана 25 мая 2006., HS-Gallup: Selvä enemmistö ei halua Karjalaa takaisin 21.8.2005 (30 % vs. 62 %)[1], STT / Suomen Gallup 2.7. 2004 (38 % vs. 57 %)
  5. Глава МИД Финляндии: Открытых территориальных споров Финляндии с Россией нет, Ведомости, 20.06.2006
  6. Россиянин оштрафован за призыв отдать Карелию финнам Архівавана 27 жніўня 2010., РБК Санкт-Петербург
  7. Утверждён перечень приграничных территорий, на которых иностранные граждане, лица без гражданства и иностранные юридические лица не могут обладать на праве собственности земельными участками. Kremlin.ru (9 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2013. Праверана 19 лютага 2013.
  8. Депутат СДП Ристо Куйсма хочет вернуть Карелию
  9. 31 мина при плохой игре, газета «Коммерсантъ», № 99 (4154) от 04.06.2009

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць