Катастрофа Іл-12 у Мінску

авіяцыйная катастрофа 1960 года

Катастрофа Іл-12 у Мінску — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася ў ноч на чацвер 21 ліпеня 1960 года ў аэрапорце Мінск-1 з самалётам Іл-12 кампаніі «Аэрафлот», у выніку чаго загінулі 8 чалавек.

Рэйс 414 Аэрофлота
Іл-12 кампаніі Аэрафлот
Іл-12 кампаніі Аэрафлот
Агульныя звесткі
Дата 21 ліпеня 1960 г.
Час 00:32
Характар Пры узлёце стукнуўся ў слуп
Прычына Памылка экіпажа (датэрміновы ўзлёт) і кіравання паветраным рухам (мокрая УПП)
Месца Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Аэрапорт Мінск-1 (БССР, СССР)
Загінулыя 8
Паветранае судна
Мадэль Іл-12
Авіякампанія Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Аэрафлот, Украінскае тэрытарыяльнае кіраванне ГПФ, Львоўскія авіялініі
Пункт вылету Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка Смольнае, Ленінград
Пункт прызначэння Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Львоў, УССР
Рэйс 414
Дата выпуску 1949 г.
Экіпаж 4
Выжылых 21

Самалёт

правіць

Іл-12 (Іл-12П) з заводскім нумарам 83012902 (серыйны — 29-02) быў пабудаваны на маскоўскім заводзе «Знамя Працы» ў 1949 годзе. На момант здарэння лайнер належаў Львоўскім авіялініям. Яго агульная напрацоўка складала 13706 гадзін. Пасажыраўмяшчальнасць салона складала 21 месца[1].

Экіпаж

правіць

Экіпаж авіяатрада меў наступны склад:

Катастрофа

правіць

Самалёт выконваў пасажырскі рэйс 414 з Ленінграда ў Львоў з прамежкавымі пасадкамі ў Вільнюсе і Мінску. 20 ліпеня ў 15:35 ён вылецеў з Ленінграда і ў 19:20 прыбыў у Вільнюс. У гэты час Мінскі аэрапорт быў закрыты з-за навальніцы, таму рэйс быў вымушаны затрымацца. Нарэшце, у 22:00 аэрапорт быў адкрыты, таму ў 22:45 авіялайнер вылецеў з Вільнюса і ў 23:28 прызямліўся ў Мінску. Тут экіпаж пачаў рыхтавацца да палёту ў Львоў. На борце знаходзіліся 24 пасажыры, у тым ліку адно дзіця. У Мінску ў гэты час стаяла ціхае малавоблачнае надвор’е, бачнасць дасягала 10 кіламетраў[2].

21 ліпеня ў 00:32 экіпаж пачаў узлёт з грунтавай паласы. Сама паласа пасля дажджу была яшчэ размоклай, і на ёй меліся лужыны. Іл-12 прабег 650 метраў, пасля чаго на малой хуткасці з высока паднятым носам кароткачасова адарваўся ад паласы. Потым лайнер 4 разы кароткачасова кранаўся зямлі, пасля чаго ў 750 метрах ад пачатку разгону нарэшце падняўся ў паветра. Пры гэтым самалёт увайшоў у левы нахіл, пасля чаго, павольна набіраючы вышыню, пачаў ухіляцца налева ў бок аўтабазы.

Пралятаючы над аўтабазай на вышыні 7 метраў, Іл-12 зачапіўся за правады асвятлення, пасля чаго збіў пражэктар, які знаходзіўся на даху будынка. Пасля гэтага авіялайнер урэзаўся ў слуп і абарваў высакавольтныя правады. Губляючы хуткасць, самалёт пачаў збіваць грузавыя аўтамабілі, плот і станкі. Правую плоскасць адарвала, пасля чаго Іл-12 прабіў драўляны плот і паваліўся ў размешчаны за ім катлаван трохметровай глыбіні. Пярэдняя частка фюзеляжа пры гэтым была цалкам разбурана, а хваставую адарвала.

Узніклі пажары, якія былі хутка ліквідаваны. На борце загінуў увесь экіпаж і 3 пасажыры, усяго 7 чалавек. Восьмай ахвярай катастрофы стаў адзін з шафёраў аэрапорта, які пры спробе аказаць дапамогу наступіў на абарваны пры катастрофе провад высокага напружання, які ў той момант яшчэ знаходзіўся пад напружаннем[1].

Расследаванне

правіць

Мінскі аэрапорт быў закрыты з-за навальніцы з 19:30 да 22:00. Пры гэтым перад адкрыццём выканаўца абавязкаў кіраўніка палётаў Ерастаў асабіста агледзеў грунтавую паласу, пасля чаго паведаміў намесніку камандзіра 104-га (Мінскага) авіяатрада, што аэрапорт можна адкрываць для прыёму i выпуску самалётаў. Намеснік камандзіра авіяатрада пагадзіўся з меркаваннем дыспетчара і даў указанне адкрыць аэрапорт. Калі аэрапорт быў адкрыты, Ерастаў не стаў папярэджваць экіпажы і змену дыспетчараў пра тое, у якім стане знаходзіцца паверхня размоклай паласы. Затым, калі яго змяніў Бондараў, то Ерастаў пры перадачы змены сказаў, што паласа знаходзіцца ў здавальняючым стане, а таму прыдатная для выкарыстання. Была ўжо ноч, і Бондараў не стаў спецыяльна аглядаць паласу на прадмет яе прыдатнасці да начных палётаў, а таксама, як і Ерастаў, не стаў папярэджваць дыспетчараў і экіпажы, каб тыя звярталі ўвагу на стан узлётна-пасадачнай паласы.

Таксама высветлілася, што на 21-мясцовы самалёт было прададзена 23 дарослых і 1 дзіцячы квіток, гэта значыць на 2 чалавекі больш. Гэта адбылося з-за блытаніны ў аддзелах перавозак у Вільнюскім і Мінскім аэрапортах. У дадзенай сітуацыі камандзір экіпажа вырашыў не высаджваць лішніх пасажыраў, замест гэтага змясціўшы іх у пярэднім грузавым аддзяленні.

Асноўным вінаватым катастрофы камісія назвала загінулага камандзіра судна Крывецкага, які пры ўзлёце падняў самалёт ад зямлі раней часу, на малой хуткасці і пры высокім вугле атакі, у выніку чаго самалёт, завальваючыся, перайшоў у левы нахіл, а потым пачаў здзяйсняць левы разварот, пакуль не сутыкнуўся з перашкодамі. Спрыялі катастрофе і размоклая паверхня УПП, з-за чаго была забруджана ніжняя паверхня крыла, тым самым пагаршаючы яго аэрадынаміку, а таксама парушэнні кіраўнікоў палётаў Ерастава і Бондарава, якія не папярэджвалі экіпажы аб размоклай паласе, бо цалкам не надавалі гэтаму значэння і не разумелі ўсёй складанасці выканання ўзлёту ноччу з размоклага грунтавога[крыніца?] пакрыцця[2].

Зноскі

  1. а б Ільюшына Іл-12П CCCP-01405 // Аэрафлот — МГА СССР (руск.)
  2. а б Катастрофа Ил-12 Украинского управления ГВФ в районе а/п Минск 21.07.1960 // AirDisaster.ru (руск.)