Кватэра-музей Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука
Кватэра-музей Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука — мемарыяльны музей беларускага мастака Міхася Сеўрука. Знаходзіцца ў г. Нясвіжы ў доме № 38 па вуліцы Садовай (кватэра № 1), дзе мастак пражыў з 1939 і да свайго скону ў 1976. Уваходзіць ў склад Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Адкрыты 9 ліпеня 1996.
Кватэра-музей Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука | |
---|---|
Профіль | мастацка-персанальны |
Заснаваны | 1996 |
Падпарадкаванасць | Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць, г. Нясвіж, вул. Садовая, д. 38, кв. 1 |
Адкрыты | 8-00 - 12-30, 13-30 – 17-00, акрамя нядзелі і панядзелку |
Першапачаткова музейная экспазіцыя месцілася ў адным пакоі. Пасля рэканструкцыі (2013) кватэра-музей займае тры пакоі.
У першым пакоі месьціцца выставачная зала. Прадстаўлены разнажанравы станковы жывапіс і станковая графіка М. Сеўрука, як віленскага (1927—1939), так і нясвіжскага (1939—1976) перыядаў яго творчасці.
Другі і трэці пакоі адданы пад экспанаты біяграфічна — мемарыяльнага характару. Іх аздабляюць сапраўдныя і ўзноўленыя рэчы сям’і мастака, аналагі мэблі і прадметаў побыту. Гэта дае ўяўленне аб абстаноўцы, у якой мастак праз матэрыяльныя цяжкасці вёў сціплае асабістае жыццё.
У другім пакоі экспанаваны афішы выставак твораў М. Сеўрука, фотаздымкі дзіцячых і юнацкіх гадоў, выявы блізкіх сваякоў, настаўнікаў і сябраў, фотакопіі асабістых дакументаў, а таксама ўнікальны фотаальбом, надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні [1].
У трэцім невялічкім пакойчыку адноўлена майстэрня, дзе выстаўлены сапраўдныя рэчы, якімі карыстаўся мастак пры выкананні жывапісных і графічных работ (эцюднік, альбомы для замалёвак, пастэльныя алоўкі, пэндзалі, разцы, дрэварыты, медзярыт і інш.)
У другім і трэцім пакоях таксама экспануюцца шматлікія эскізы, карціны і малюнкі М. Сеўрука.
Кватэра — музей Міхася Сеўрука з’яўляецца месцам, дзе ладзяцца рэгулярныя сустрэчы, чытанні і лекцыі, музейныя святы, прысвечаныя памяці мастака.
Зноскі
- ↑ Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук (1905- 1979): Біяграфія ў старых фотаздымках / Бірукова Т.М. (склад. І тэкст). — Нясвіж: Нясвіжская друкарня імя С. Буднага, 2015. — 1 экз. — ISBN 978-985-7078-22-6.
Літаратура Правіць
- Музеи Беларуси / ред. совет: В. В. Андриевич (гл. ред.) и др. — Мн .: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. — С. 375. — 448 с. — 800 экз. — ISBN 978-985-11-1093-9.
Спасылкі Правіць
- Таямніцы жыцця мастака Міхася Сеўрука адкрываюцца ў кватэры-музеі ў Нясвіжы // zviazda.by 14 ліпеня 2015
- Кватэра-музей М. К. Сеўрука на сайце Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея
- Открытие новой экспозиции Квартиры-музея М. К. Севрука 26 февраля состоялось торжественное открытие новой экспозиции квартиры-музея М. К. Севрука.