Клімат Беларусі ўмераны пераходны ад марскога да кантынентальнага.

Спадарожнікавы здымак. Беларусь, снежань 2002.

Асноўныя рысы

правіць

Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на фарміраванне клімату, з’яўляюцца геаграфічнае становішча і рэльеф.

Асаблівасці клімату Беларусі абумоўлены:

  • размяшчэннем тэрыторыі ва ўмераных шыротах;
  • перавагай раўніннага рэльефу;
  • блізкасцю Атлантычнага акіяна;
  • адсутнасцю гор у межах краіны і ў суседніх рэгіёнах.

Асноўныя рысы клімату Беларусі — мяккасць, невялікія амплітуды тэмператур, дастатковая колькасць ападкаў, няўстойлівы характар надвор’я. Нягледзячы на невялікую плошчу Беларусі, кліматычныя паказчыкі ў розных рэгіёнах рэспублікі адрозніваюцца.

Сонечная радыяцыя

правіць

Колькасць паступаючай сонечнай радыяцыі абумоўлена вуглом падзення сонечных прамянёў і працягласцю дня. Вугал падзення сонечных прамянёў на поўначы Беларусі больш востры, чым на поўдні, на працягу ўсяго года. Працягласць дня летам на поўначы краіны большая, чым на поўдні, на 1 гадзіну 10 хвілін, а зімой дзень на паўгадзіны даўжэйшы, чым на поўдні. Таму колькасць паступаючай сонечнай радыяцыі летам амаль аднолькавая на ўсёй тэрыторыі Беларусі, зімой жа паўднёвыя раёны атрымліваюць яе значна больш.

Сумарная сонечная радыяцыя павялічваецца ў напрамку з поўначы на поўдзень. Гадавая сумарная радыяцыя ў паўночных раёнах складае каля 3600 МДж/м². Паўднёвыя раёны атрымліваюць больш за 4000 МДж/м².

Паступленне сонечнай радыяцыі значна змяняецца на працягу года. У чэрвені паступае амаль у 15 разоў больш сонечнай радыяцыі, чым у снежні. Летам пераважае прамая сонечная радыяцыя (50—55 % ад сумарнай). Зімой і восенню 70—80 % складае доля рассеянай сонечнай радыяцыі.

Велічыня радыяцыйнага балансу на тэрыторыі Беларусі павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад 1500 да 1900 МДж/м². Зімой зямная паверхня атрымлівае мала сонечнай радыяцыі, таму радыяцыйны баланс адмоўны.

Атмасферная цыркуляцыя

правіць

Ва ўмераных шыротах пераважае заходні перанос паветраных мас, таму для Беларусі найбольш характэрны заходнія вятры. У сувязі са змяненнем атмасфернага ціску зімой і летам напрамак вятроў крыху змяняецца. Зімой пераважаюць паўднёва-заходнія вятры, а летам — паўночна-заходнія. Такая атмасферная цыркуляцыя абумовіла перавагу на працягу года атлантычнага паветра ўмераных шырот. З ім звязаны пахмурнае надвор’е і дажджы летам, снег і адліга — зімой. Адсутнасць гор прыводзіць да пранікнення на тэрыторыю краіны кантынентальных паветраных мас з усходу. Яны звычайна прыносяць сухое надвор’е зімой і летам. Перыядычна на тэрыторыю Беларусі паступаюць арктычныя паветраныя масы, якія прыводзяць да рэзкага пахаладання, а летам можа пранікаць трапічнае паветра. Характэрнай рысай атмасфернай цыркуляцыі з’яўляецца частая змена цыклонаў і антыцыклонаў, якая прыводзіць да няўстойлівасці надвор’я, асабліва восенню і вясной.

Цеплавы рэжым

правіць
 
Сярэдняя тэмпература ў студзені[1].
 
Сярэдняя тэмпература паветра ў ліпені[1].

Клімат Беларусі характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпературамі паветра. Яны паступова павялічваюцца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад +6,0 да +8,2 °С. Самы халодны месяц — студзень. У студзені сярэдняя тэмпература паветра паніжаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад –2,6 да –5,3 °С. З-за ўплыву атмасфернай цыркуляцыі ізатэрмы студзеня маюць блізкі да мерыдыянальнага ход. Атлантычнае паветра ў большай ступені ацяпляе паўднёва-заходнія раёны краіны.

Нярэдка зімой тэмпературы паніжаюцца да –20…–30 °С, а абсалютныя мінімальныя тэмпературы, якія фіксаваліся ў Беларусі, складаюць –36…–42 °С. Летам размеркаванне тэмператур галоўным чынам залежыць ад прытоку сонечнай радыяцыі. Таму тэмпературы самага цёплага месяца (ліпеня) павялічваюцца з поўначы на поўдзень. Розніца тэмператур значна меншая, чым зімой. У паўночных раёнах тэмпература паветра ў ліпені каля +17 °С, у паўднёвых — каля +19 °С. Абсалютныя максімальныя тэмпературы паветра складаюць +35…+38 °С.

Вільготнасць паветра, воблачнасць, ападкі

правіць

Для Беларусі характэрна павышаная вільготнасць паветра на працягу года. Абумоўлена гэта перавагай вільготнага атлантычнага паветра. У асенне-зімовы перыяд на ўсёй тэрыторыі Беларусі адносная вільготнасць паветра перавышае 80 %. Вясной і летам з-за больш высокіх тэмператур яна паніжаецца да 50—60 %, а ў асобныя дні нават да 30 %.

Высокая вільготнасць паветра з’яўляецца прычынай частых туманаў. Часцей за ўсё туманы ўзнікаюць у замкнутых катлавінах на ўзвышшах. Больш за 70 % дзён з туманамі прыпадае на перыяд з кастрычніка па сакавік.

З высокай вільготнасцю паветра звязана і значная воблачнасць над тэрыторыяй Беларусі. У халодную палову года на працягу 85 % дзён назіраецца пахмурнае надвор’е, летам — на працягу 50 %.

Беларусь адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатнення. Колькасць ападкаў паступова памяншаецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Ападкі моцна залежаць ад рэльефу. Таму цэнтральная частка Беларусі, дзе пераважаюць узвышшы, атрымлівае 650—700 мм ападкаў. Самым увільготненым месцам рэспублікі з’яўляецца Навагрудскае ўзвышша, дзе выпадае больш за 750 мм ападкаў у год. На нізінах паўночных і паўднёвых раёнаў краіны колькасць ападкаў паніжаецца да 550—600 мм. Назіраюцца значныя ваганні ападкаў па гадах. У засушлівыя гады можа выпадаць усяго каля 300 мм, а ў найбольш вільготныя — звыш 1100 мм.

Клімат Мінска
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 10,3 13,6 18,9 26,0 30,9 32,5 33,9 34,6 30,3 24,7 16,0 10,3 34,6
Сярэдні максімум, °C −2,1 −1,4 3,8 12,2 18,7 21,5 23,6 22,8 16,7 10,2 2,9 −1,2 10,6
Сярэдняя тэмпература, °C −4,5 −4,4 0,0 7,2 13,3 16,4 18,5 17,5 12,1 6,6 0,6 −3,4 6,7
Сярэдні мінімум, °C −6,7 −7 −3,3 2,6 8,1 11,7 13,8 12,8 8,2 3,6 −1,3 −5,5 3,1
Абсалютны мінімум, °C −39,1 −35,1 −30,5 −18,4 −5 0 3,8 1,7 −4,7 −12,9 −20,4 −30,6 −39,1
Норма ападкаў, мм 45 38 44 42 65 89 89 68 60 53 48 49 690
Крыніца: Надвор'е і клімат

На цёплую палову года (красавік — верасень) даводзіцца 70 % гадавой сумы ападкаў. Больш за ўсё ападкаў выпадае ў ліпені, менш за ўсё — у лютым, сакавіку і студзені. У сярэднім за год колькасць сутак з ападкамі на ўзвышшах складае 180—190, а на нізінах — 160—170. Часцей за ўсё ападкі выпадаюць зімой і восенню (лістапад — студзень). Летам ападкі выпадаюць радзей, але іх інтэнсіўнасць большая. Даволі часта яны суправаджаюцца навальніцамі, а часам выпадаюць у выглядзе граду.

Зімой ападкі выпадаюць у выглядзе снегу і ўтвараюць снежнае покрыва. Максімальная вышыня снежнага покрыва звычайна назіраецца ў канцы зімы. Яна павялічваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход з 15 да 35 см. Працягласць перыяду са снежным покрывам павялічваецца ў тым жа напрамку ад 70 да 130 сутак. Часта на паўднёвым захадзе Беларусі ўстойлівае снежнае покрыва не ўтвараецца.

 
 
Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў студзені (у міліметрах)[2] Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў ліпені (у міліметрах)[2]

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б Клімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 41.
  2. а б Клімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 43.

Літаратура

правіць
  • Брылеўскі, М. М. Геаграфія Беларусі: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай, В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2012. — 303 с. ISBN 978-985-03-1787-2.
  • Каўрыга, П.А. Характарыстыка клімату Беларусі. — Мн.: Белдзяржуніверсітэт, 1996.
  • Фізічная геаграфія Беларусі: вучэб. дап. для студ. геагр. фак. / пад рэд. Б. М. Гурскага, К. К. Кудло. — Мн., 1995. 192 с.