Корпус літоўскай жандармерыі

Корпус літоўскай жандармерыі — вайсковая адзінка, што несла паліцэйскія ды дапаможныя функцыі, падтрымлівала парадак у войску ды на занятых тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага.

Літоўскі конны жандар
Злева — літоўскі конны жандар у французскім строі. Малюнак Канстанта Лайнхарта і Ренэ Гумберта

Гісторыя корпуса

правіць

Створаны з мясцовай шляхты дэкрэтам імператара Напалеона І Банапарта ад 1 ліпеня 1812 года:

2. Часовай камісіі Літоўскага ўрада даручана распараджацца фінансамі, жыўнасцю, арганізацыяй краёвага войска, фарміраваннем нацыянальнай гвардыі і жандармерыі.

9. Кожная губернія, а менавіта Віленская, Гродзенская, Мінская і Беластоцкая, будуць мець жандармерыю пад камандай палкоўніка, а таксама па два шэфы эскадронаў у Віленскай і Мінскай губернях і па адным шэфу эскадрона ў Гродзенскай і Беластоцкай губернях. У кожным павеце будзе па адной роце жандармерыі. Кожная з іх будзе мець: аднаго капітана як каменданта, другога капітана-ва ўрадзе, аднаго кватэрмайстра штаба, 4-х кватэрмайстраў, 16 брыгадзіраў-сяржантаў, 80 жандараў-валанцёраў, трубача-усяго 107.
10. Палкоўнік жандармерыі будзе жыць у галоўным губернскім горадзе. Жыхарства афіцэраў і размеркаванне брыгад будзе вызначана Часовай камісіяй Літоўскага ўрада.
11. Афіцэры, падафіцэры і валанцёры-жандары будуць узяты са шляхты ўласнага павета. Ніхто ад гэтага не можа адмовіцца. Яны будуць прызначацца наступным чынам: афіцэры — Часовай камісіяй Літоўскага ўрада, падафіцэры і валанцёры-жандары — адміністрацыйнымі камісіямі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губерняў.
12. Мундзір жандармерыі будзе польскага тыпу.
13. Жандармерыя будзе выконваць службу паліцыі, аказваць вайсковую дапамогу публічнай уладзе, затрымліваць валацугаў, марадзёраў і дэзертыраў з любога войска.

15. Генерал-маёр будзе назначаць галоўнага афіцэра альбо начальніка, француза ці паляка з лінейнага войска, у каменданты ўсяго дэпартамента. Той жа будзе мець пад сваёй уладай нацыянальную гвардыю, жандармерыю і краёвае войска.

Палкоўнікамі прызначаны: у Віленскім дэпартаменце — Антоні Храпаўніцкі, ў Гарадзенскім — князь Міхал Радзівіл, у Менскім — Леў Ашторп, у Беластоцкім — Франц Арсэці.

Афіцэры служылі без жалавання «па прычыне павагі да чыну, мундуру і ганаровага абавязку ахоўваць уласнасць і бяспеку жыхароў таго павета, у якім служаць». Спісы шараговых і падафіцэраў жандарскіх рот складалі адміністрацыйныя камісіі дыстрыктаў, а сцвярджалі падпрэфекты.

Пры фармаванні жандармерыі ўзніклі сур’ёзныя цяжкасці. Справа ў тым, што многія шляхцічы расцанілі загад аб службе ў жандармерыі як абразу сваёй годнасці. Тым не менш, да сярэдзіны лістапада віленская жандармерыя налічвала 608 чалавек у двух эскадронах (у тым ліку 58 афіцэраў, 121 унтэр-афіцэр, 11 трубачоў, 418 радавых), г.зн. поўны штат. У Гарадзенскім дэпартаменце жандарскія роты таксама былі ўкамплектаваны ў адпаведнасці са штатным раскладам — па 107 чалавек у роце, усяго 856 чалавек. А вось у жандармерыю Менскага дэпартамента ўдалося набраць толькі 71 чалавек — усяго толькі 6,6 % ад штатнага складу. Агульная колькасць корпуса жандараў склала ў лістападзе 1800—1900 чалавек замест 3541 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і радавых (10 старэйшых афіцэраў і 33 роты па 107 чалавек).

Жандармерыя Менскага дэпартаменту прымала ўдзел у падзеях на Бярэзіне і рэтрыяцыіі Вялікай Арміі на захад праз Вільню ды Коўна, астатнія адразу адступілі да Княства Варшаўскага.

У 1813 годзе літоўскія жандармы разам з рэшткамі 3-га (літоўскага) палка шэвалежэр-лансьераў Імператарскай Гвардыі сталі асновай для аднаўлення склада 1-га (польскага) шэвалежэр-лансьерскага палка, у шэрагах якога, прынамсі, ваявалі да першага адрачэння Напалеона.

Строй літоўскай жандармерыі

правіць

23 ліпеня 1812 года Часовая камісія Літоўскага ўрада выдала загад паводле якога жандармы павінны былі набываць строй за свой кошт: «Мундзір і райтузы цемна-сінія. Гузікі жоўтыя, пуклыя. Шалік і аксельбанты памаранчавыя. Ківер чорны, скураны, на ім бляха таксама жоўтая з надпісам „жандарм“. Бурнос гранатовы, з памаранчавым галуном на каўнеры. Крыж (на ківеры) жоўты. Цэшка белая. Канты памяранчавыя. Партупея і набойніца скураныя, на іх герб „пагоня“ (літвінскі вершнік). Шабля. Піка з блакітна-жоўтым сцяжком.» Апісанне строя літоўскай жандармерыі было надрукавана на старонках Мінскай часовай газеты.

Але таксама есць версія гісторыка Б. Гембаржэўскага і іншых западных спецыялістаў аб тым, што насуперак гэтага загаду, літоўскія жандары былі экіпаваныя на французскі манер (як жандармерыя Княства Варшаўскага).

Літаратура

правіць
  • Часовая мінская газета, 1812 год.
  • Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. Петербург, 1909.
  • Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.