Крушэўскі спуск (Гомель)

Крушэўскі спуск — спуск да набярэжнай ракі Сож у Гомелі, пралягае па канцавой частцы вуліцы Арцёма, мінае стык з вуліцай Сожскай, дзе робіць рэзкі паварот да набярэжнай, ідучы пад нахілам уніз прыблізна да будынка Гомельскай гарадской ратавальнай станцыі, каля якой рэльеф стабілізуецца. Мае два ўпарадкаваныя адгалінаванні — сходы (лесвіцу) ад вуліцы Сожскай да набярэжнай у раёне пляцоўкі для катання на скейтбордах і прыступкавую плітачную дарожку накшталт пандуса (за 45 м ад сходаў).

Крушэўскі спуск (ліпень 2018 г.).
Крушэўскі спуск (ліпень 2018 г.).

Паходжанне і назва правіць

Крушэўскі спуск з’яўляецца асвоенай людзьмі рэшткай колішняга яра (фрагмент старажытнай рэчкі), злучанага з берагавымі схіламі ракі Сож. Гістарычныя назвы мясцовасці да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. невядомыя. Эпітэт «Крушэўскі» пашырыўся на спуск ад наймення вуліцы Крушэўскай (з 1923 г. — вуліца Арцёма), якая ў другой палове ХІХ ст. сваю назву атрымала ў гонар аднаго з прадстаўнікоў роду Крушэўскіх (верагодна, Вінцэнта Крушэўскага), што мелі ўладанні ў гэтай частцы Гомеля[1]. Як «Спускъ Крушевскій» аб’ект фігуруе на плане Гомеля 1913 г.[2]

Нягледзячы на ажыццёўленыя цягам 1920-х гг. масавыя савецкія перайменаванні вуліц і іншых аб'ектаў Гомеля, назва Крушэўскага спуску станам на 1927 г. афіцыйна захоўвалася[3].

Галерэя правіць

Зноскі

  1. Рогалев, А.Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 129.
  2. Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предместьем Белицей / Сост. Г. Ханин и А. Месин-Поляков. — [Гомель, 1913].
  3. Гомель и городские поселения Гомельщины: Предварит. итоги переписи 1926 г. и некоторые данные текущ. отчетов и обследований. — Речица, 1927. — С. 4.