Крынкі
Кры́нкі (польск.: Krynki) — горад (з 1950 па 2009 — вёска) у Польшчы, у Сакульскім павеце Падляскага ваяводства. Цэнтр вяскова-гарадской гміны Крынкі. Знаходзіцца на ўсход ад Беластока, ля мяжы з Рэспублікай Беларусь.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Колькасць насельніцтва — 2,7 тыс. чал. (2008).
Гісторыя
правіцьУпершыню Крынкі згадваюцца ў 1-й палове XV ст. Гарадскія правы і герб Крынкам нададзены Жыгімонтам Аўгустам 22 лістапада 1569 г. Горад Гарадзенскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Апроч вызвалення з-пад розных юрысдыкцый і атрымання вайтоўскага і бурмістроўскага судоў, крынскаўскім мяшчанам і прадмяшчанам надавалася на чатыры кірмашы: 1-ы — на свята Божага Цела, 2-і — на Святую Ганну, 3-і — на дзень нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і 4-ы — на Святога Мікалая. Таксама прадпісвалася пабудаваць ратушу з крамамі і крамкамі, лазню, вагі і цырульню. Прывілей пацверджаны Стэфанам Баторыям, Жыгімонтам Вазам, Уладзіславам Вазам, Янам Казімірам, 30 сакавіка 1670 г. прывілей Жыгімонта Аўгуста быў пацверджаны Міхалам Карыбутам Вішнявецкім з прычыны пашкоджання дакумента «непрыяцелем Масквіцянінам», пазней усе правы і прывілеі Крынкаў пацверджаны Янам Сабескім.
У 1573 г. Крынкаўскім войтам быў Ян Гунірскі, лаўнікамі — Станіслаў Сіпнеўскі, Себастыян Каменскі, Станіслаў Гарачка, Павел Санцовіч, Грынь Петраневіч.
У 1640 г. згадваецца Крынкаўскі войт Пётр Дыбоўскі, бурмістр Якуб Семяновіч, райцы — Ян Мікалаевіч Эйсімонт, Міхал Семяновіч, Ян Асташкевіч, Валенты Трушко, лаўнікі — Пётр Сыпнеўскі, Ян Эйсімонт, Матыс Маськевіч, Войцех Ляшчынскі, пісар Якуб Кухарэвіч, ксёндз Мацей Дзяргоўскі, мяшчане — Каспар Лаўрыноўскі з жонкай Ганнай Лушнеўскай, пан Ян Грыбоўскі, Якуб Капцевіч, Іван Васкевіч Парфяновіч, кравец Андрэй Мяжвінскі.
У 1670 г. згадваецца Крынкаўскі бурмістр Іван Стэцэвіч і райца Марцін Міхніч.
Паводле «Рэвізіі Гродзенскай эканоміі 1680 г.», Крынкі складаліся з Рынку Старога і Рынку Новага каля касцёлу Святой Ганны, а таксама вуліц: Вялікабельскай, Астроўскай, Новагарадзенскай, Завадскай, Старагарадзенскай, Свіслацкай, Выпустнай, Сакольскай, Рыцарскай, Старабельскай, Новабельскай, Нехвядоўскай, Малаастроўскай і Старога Места.
З 1940 па 1944 гады — цэнтр Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці БССР.
Вядомыя асобы
правіць- Сакрат Яновіч (нар. 1936), беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч
- Янка Геніюш (1902—1979) — беларускі грамадскі дзеяч, муж паэтэсы Ларысы Геніюш.
- Юзаф Хлусовіч (1776—1828) — вайсковец.
Зноскі
- ↑ https://bdl.stat.gov.pl/api/v1/data/localities/by-unit/062013711044-0032655?var-id=1639616&format=jsonapi Праверана 7 кастрычніка 2022.
Літаратура
правіць- Шаланда А. Места Крынкі і яго герб у XVI-XVIII ст. // ГЕРОЛЬД LITHERLAND № 1-2 (5-6). — Гродна, 2002.
- Карнялюк, В.Р. Крынкі ў 1795-1918 гг. Нарысы гісторыі мястэчка/ В.Р. Карнялюк. – Гродна: ПВУП “Выдавецтва “Ламарк”, 2010. – 199 с.