Кічаі
Кічаі, або кіцаі (саманазва: K'itsäsh) † — індзейскі народ на тэрыторыі ЗША ў XVII — XIX стст. Нашчадкі кічаі жывуць сярод народа вічыта.
Кічаі K'itsäsh | |
Жанчына, інтэграваная ў племя вічыта. Фота 1898 г.
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | кічаі |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | вічыта, паўні |
Кічаі з'яўляліся носьбітамі Кадаанскай культуры, па мове былі блізкімі да паўні. У пачатку XVIII ст., калі ўзніклі ўзаемаадносіны з французскімі гандлярамі, яны насялялі рачныя даліны на паўднёвым захадзе Тэхаса і Луізіяны і займаліся ручным земляробствам. Кічаі пакутвалі ад войн з апачы. К канцу XVIII ст. іх колькасць значна скарацілася з-за войн і эпідэмічных захворванняў. Узгадваліся толькі 2 вёскі кічаі. Імі кіравала рада дарослых воінаў. Адну вёску ўзначальваў вярхоўны правадыр. Другую — яго намеснік. Вядомыя рэлігійныя цырымоніі былі прысвечаны шанаванню сонца, зорак, першародных багоў.
У 1855 г. рэшткі кічаі былі пераселены амерыканцамі ў рэзервацыю Бразаз у Тэхасе. Пасля яе ліквідацыі ў 1859 г. — на індзейскія тэрыторыі ў Аклахоме, дзе кічаі далучыліся да блізкіх па мове і культуры вічыта. У 1950 г. на поўдні Аклахомы жылі 47 чалавек, якіх вызначылі як кічаі. К канцу XX ст. налічвалася толькі 4 чалавекі, вызначаныя як кічаі. У нашы дні нашчадкі кічаі асіміляваны астатнімі вічыта.