Вічыта
Вічыта (англ.: Wichita; саманазва: Kitikiti'sh, літаральна «з татуяванымі вачыма») — індзейскі народ у ЗША. Агульная колькасць (2020 г.) — 2 300 чал.[1]
Вічыта Kitikiti'sh | |
Фота 1898 г.
| |
Агульная колькасць | 2300 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | вічыта |
Рэлігія | політэізм, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | арыкара, кадо, кічаі, паўні |
Гісторыя
правіцьВічыта з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў кадаанскай культуры. Лічыцца, што першы кантакт з еўрапейцамі адбыўся ў 1541 г., калі Франсіска Васкес дэ Каранада наведаў іх землі на тэрыторыі Канзаса. У 1601 г. іспанцы сутыкнуліся з імі на тэрыторыі Аклахомы. У 1719 г. французы паведамлялі, што вічыта насялялі землі ў Аклахоме ўздоўж ракі Арканзас. Хаця іх палічылі канібаламі, з імі былі ўсталяваны гандлёвыя зносіны.
Пад націскам лепей узброеных осэйдж вічыта былі вымушаны мігрыраваць на паўночны ўсход Тэхаса. Па адной версіі, сучасная назва вічыта значыць на іх мове «людзі з поўначы». Па іншай, яна трапіла з моў маскогі і значыць тых, хто насяляў берагі Рэд-Рывер[2]. Менавіта там аселі вічыта пасля міграцыі на поўдзень. Дзякуючы саюзу з каманчамі яны паспяхова стрымлівалі такіх моцных ворагаў, як апачы, паўні і сіў. У 1758 г. адбілі напад іспанцаў. Пасля заканчэння Сямігадовай вайны працягвалі лічыць сябе саюзнікамі французаў і каманчаў, удзельнічалі ў рэйдах на іспанскія паселішчы на поўдні.
У XVIII — XIX стст. да вічыта далучыліся блізкія па мове і культуры плямёны іскані, уака, таавая, таваконі і кічаі. Такім чынам, была створана моцная канфедэрацыя. Аднак яе развіццю перашкаджалі несупынныя войны з іншымі індзейцамі Вялікіх раўнін і яшчэ болей — эпідэмічныя захворванні, выпадкова занесеныя еўрапейцамі. Так, эпідэмія воспы ў 1777—1778 гг. знішчыла каля трэці насельніцтва. У 1790 г. агульная колькасць канфедэратаў ацэньвалася ў 3 200 чалавек, а ў 1868 г. — толькі ў 572 чалавекі.
Тэхасцы і амерыканцы разглядалі вічыта перш за ўсё як саюзнікаў каманчаў. У 1835 г. ЗША заключылі мірнае пагадненне з абодвума народамі, але яно было парушана з боку каманчаў. Таму ў 1838 г. вічыта заключылі першы прамы дагавор з амерыканцамі. Тым не меней, у 1858 г. падчас вайны з каманчамі амерыканскія салдаты здзейснілі атаку на паселішча вічыта. У 1859 г. рэшткі канфедэрацыі далі згоду на перасяленне ў рэзервацыю на землях у Аклахоме, арэндаваных урадам ЗША ў чыкаса і чакта. Падчас Грамадзянскай вайны частка вічыта мігрыравала ў Канзас, але пад ціскам амерыканскіх каланістаў вярнулася зноў у Аклахому.
У 1961 г. было створана аўтаномнае аб’яднанне вічыта і далучаных плямён. З 2003 г. яно прызнана з боку федэральных уладаў ЗША як нацыя. Аб’яднанне валодае казіно і шэрагам устаноў для абслугоўвання турыстаў. Галоўным цэнтрам вічыта з’яўляецца горад Анадарка ў Аклахоме.
Культура
правіцьАсноўнымі заняткамі вічыта і далучаных да іх плямён здаўна былі ручное земляробства, збіральніцтва і паляванне. Яны вырошчвалі кукурузу, сланечнік, фасолю і гарбузовыя. Збіралі арэхі, дзікія вінаград і слівы. Пад час археалагічных раскопак на месцы старажытных паселішчаў былі выяўлены косткі бізонаў, аленяў, ласёў, антылоп і сабак і іншых жывёл, якіх забівалі на мяса. Хаця вічыта ўзводзілі паселішчы ўздоўж рэк, яны не ўжывалі рыбу.
Вічыта вялі аселы лад жыцця. Сяліліся ў вялікіх вёсках. Жытлом з’яўляліся канічныя каркасныя хаціны, пакрытыя травой і дзёрнам. Упершыню яны былі апісаны іспанцамі ў XVI ст. Каля хацін будавалі навесы для сушкі кукурузы, мяса і гарбузоў. У пазнейшы перыяд падчас доўгіх вандровак паляўнічыя выкарыстоўвалі тыпі ў якасці часовага пераноснага жытла. Вопратку шылі са звярыных скур. Мужчыны апраналі вузкія штаны і тунікападобныя кашулі. Улетку аддавалі перавагу насцегнавым повязям. Жанчыны хадзілі ў спадніцах, упрыгожаных зубамі ласёў. Зубы лася з’яўляліся важным атрыбутам гандлёвых зносін, часам выкарыстоўваліся як разліковая адзінка. Прадстаўнікі абодвух полаў насілі макасіны. Характэрнай рысай былі татуіроўкі ў выглядзе доўгіх ліній і кропак на твары і іншых частках цела.
Сацыяльныя адносіны мелі вельмі складаны характар. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны вяліся па лініі маці. Таму пасля вяселля маладая сям'я пераязджала ў хаціну сваякоў жонкі. Мужчыны працягвалі падтрымліваць шчыльныя зносіны з сёстрамі, часцяком мянялі жонку і пераязджалі ў іншы дом. Фактычна яны кантралявалі палітычнае жыццё. Найбольш паспяховыя воіны і паляўнічыя станавіліся правадырамі. Жанчыны адказвалі за гаспадарку і выхаванне дзяцей. Пакаранні апошніх з боку блізкіх сваякоў не віталіся, таму маці маглі звяртацца за дапамогай у выхаванні да суседзяў. З 10 гадоў хлопчыкі паступалі пад апеку мужчын, а дзяўчынкі прызвычайваліся да жаночай працы.
Вічыта мелі багатае цырыманіяльнае жыццё. Вылучаліся патаемныя цырыманіяльныя таварыствы мужчын і жанчын, якія падтрымлівалі свае ўласныя танцавальныя, ваенныя, родавыя і іншыя рытуалы. Танец аленя лічыўся ачышчальным, таму арганізоўваўся тройчы за год. Улетку на працягу 2 тыдняў пасціліся, абменьваліся падарункамі з іншымі плямёнамі, вялі перамовы і заключалі мір. Аднак вайна заставалася важным сацыяльным фактарам, які дазваляў маладым людзям набываць грамадскую значнасць. Воін, што дэманстраваў выдатныя асабістыя здольнасці, мог сабраць часовы атрад для здзяйснення ваенных рэйдаў. Вяртанне воінаў суправаджалася святамі, падчас якіх раздавалі падарункі супляменнікам. Ваенныя правадыры падтрымлівалі сваю ўладу толькі падчас рэйдаў, але захоўвалі высокі сацыяльны статус і ў мірны перыяд.
У народным фальклоры вызначаюцца цыклы казак і легенд пра трыкстэра Каёта і міфічных воінаў-блізнят.
Мова
правіцьМова вічыта адносіцца да кадаанскай сям’і, падзяляецца на шэраг дыялектаў. У нашы дні знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Рэлігія
правіцьТрадыцыйная рэлігія была заснавана на політэістычных і анімістычных вераваннях. Стваральнікам сусвету лічыўся бог Кінекасус, які не меў канкрэтнага аблічча. Першы мужчына К’ярксідыя навучыў людзей паляваць і пасля смерці ператварыўся ў ранішнюю зорку. Мужчыны шанавалі яго таксама як бога вайны. Першая жанчына Кашацыятыдысэ вынайшла земляробства і ператварылася ў месяц. Зямлю шанавалі як маці ўсіх людзей. Памерлых хавалі разам з асабістымі рэчамі. Сваякі памерлага захоўвалі абавязковую жалобу, стрыглі валасы і раздавалі частку маёмасці суседзям.
Большасць сучасных вернікаў спавядаюць хрысціянства, хаця некаторыя ачышчальныя рытуалы накшталт танца аленя арганізоўваюцца і ў нашы дні.
Зноскі
- ↑ Wichita in United States
- ↑ ORIGIN OF THE NAME WZCHZTA Архівавана 1 лютага 2020.
Спасылкі
правіцьВічыта на Вікісховішчы |