Вока — сэнсорны орган чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі), які здольны ўспрымаць электрамагнітнае выпраменьванне ў светлавым дыяпазоне даўжыні хваляў і забяспечвае функцыю зроку.

Вока чалавека (правае)

Будова і функцыі правіць

Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя вочы.

У чалавека і пазваночных вока складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат).

Галоўная частка вока — вочны яблык размешчаны ў паглыбленні чэрапа — вачніцы, ад сценак якой да яго паверхні падыходзяць вокарухальныя мышцы. Ззаду і збоку вока абаронена ад знешніх уздзеянняў касцявымі сценкамі вачніцы, а спераду — павекамі і вейкамі. Ва ўнутраным вугле вока знаходзіцца слёзная залоза. Слёзы ўвільгатняюць і дэзінфіцыруюць вочы.

 
Фатаграфія вочнага дна

Вочны яблык складаецца з трох абалонак: вонкавай, сярэдняй і ўнутранай. Вонкавая абалонка — склера — непразрыстая. Гэта шчыльнае ўтварэнне белага колеру. Спераду склера пераходзіць у празрыстую рагавіцу, у якой адбываецца найбольш моцнае праламленне светлавых прамянёў. Сярэдняя, сасудзістая, абалонка складаецца з вейкавага цела, радужкі і ўласна сасудзістай абалонкі. Апошняя змяшчае вялікую колькасць крывяносных сасудаў, якія забяспечваюць жыўленне вочнага яблыка. Пярэдні аддзел сасудзістай абалонкі — радужка, мае форму дыска з адтулінай пасярэдзіне — зрэнкай. У залежнасці ад утрымання ў ёй меланіну колер радужкі вагаецца ад блакітнага да амаль чорнага.

За зрэнкай размяшчаецца хрусталік — празрыстае, эластычнае ўтварэнне, якое мае форму дваякавыпуклай лінзы. Поласць вока ззаду хрусталіка запоўнена празрыстай жэлепадобнай масай — шклопадобным целам. Унутраная абалонка вока — сятчатка — змяшчае святлоадчувальныя клеткі — фотарэцэптары, названыя з-за іх формы колбачкамі і палачкамі. У сятчатцы налічваецца прыкладна 125 млн палачак і 6 млн колбачак. Пад уплывам святла ў фотарэцэптарах змяняецца абмен рэчываў і ўзнікае ўзбуджэнне, якое распаўсюджваецца па зрокавым нерве ў кару вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. Палачкі ўзбуджаюцца хутка нават слабым святлом, але не могуць успрымаць колер. Колбачкі ўзбуджаюцца больш павольна і толькі яркім святлом. Яны ўспрымаюць колер, форму і дэталі прадметаў. Большасць колбачак размешчана ў цэнтральнай частцы сятчаткі — жоўтай пляме. Яна з’яўляецца месцам найлепшага бачання. Збоку ад жоўтай плямы знаходзіцца ўчастак без святлоадчувальных рэцэптараў. Гэта месца выхаду зрокавага нерва — сляпая пляма. Па меры аддалення ад жоўтай плямы колькасць колбачак памяншаецца, а колькасць палачак узрастае.

Здольнасць адрозніваць колеры тлумачыцца трохкампанентнай тэорыяй, згодна з якой у сятчатцы вока чалавека ёсць тры тыпы колбачак (кожны з якіх змяшчае адзін з пігментаў — ёдапсін, хларалаб, эрытлаб), якія ўспрымаюць выпраменьванне з пэўнай даўжынёй хвалі. Першы тып валодае максімумам узбуджэння ў сіне-фіялетавай, другі — у чырвона-аранжавай, трэці — у жоўта-зялёнай вобласці спектра святла. Пры змешванні трох колераў (зялёнага, чырвонага і сіняга) у воку падыспытнага ў розных камбінацыях можна атрымаць усе астатнія колеры, у тым ліку і белы.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Леанцюк А. Вока // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.