Арыкара
Арыкара (саманазва: Arikara, літаральна «рогі» або «лосі»[1]) — індзейскі народ, жывуць пераважна ў Паўночнай Дакоце (ЗША). Агульная колькасць (2019 г.) — 3 300 чал.[2]
Арыкара Arikara | |
Фота 1920 г.
| |
Агульная колькасць | 3300 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | арыкара |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | паўні, кадо, кічаі, вічыта |
Паходжанне
правіцьВідавочна, арыкара з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў Кадаанскай культуры, якая існавала ў сярэднявеччы на поўдні ад сучасных населеных тэрыторый. Амерыканскі даследчык А. Б. Вэлч, які вывучаў культуру арыкара ў першыя дзесяцігоддзі XX ст., сцвярджаў, што індзейцы-правадыры, што суправаджалі экспедыцыю Ф. Каранада, былі арыкара[3]. У той перыяд арыкара разам з іншымі кадаанцамі насялялі раку Канзас. Разам з паўні мігрыравалі на раку Місуры, дзе фіксаваліся французскімі вандроўнікамі і картографамі з пачатку XVIII ст. Арыкара тлумачылі сваю назву звычаем мець прычоску ў форме двух рагоў.
Гісторыя
правіцьДа канца XVIII ст. арыкара сутыкнуліся з міграцыяй на захад сіў. Яна суправаджалася жорсткімі сутычкамі і масавымі забойствамі, якія адлюстраваны ў фальклоры арыкара і пацвярджаюцца сучаснымі археолагамі[4]. Акрамя таго, арыкара моцна пацярпелі ад эпідэмій. Мяркуецца, што іх вынікам было скарачэнне насельніцтва ў 10 разоў. У 1805 г. дзякуючы экспедыцыі Льюіса і Кларка прадстаўнікі арыкара прыбылі ў Вашынгтон, але пасольства скончылася няўдала, паколькі правадыр, што стаяў на чале прадстаўнікоў, захварэў і памёр, а яго таварышы абвінавацілі ў смерці белых. Арыкара варожа адносіліся да амерыканскіх гандляроў, але ў 1825 г. былі вымушаны пагадзіцца на мір з ЗША.
Націск з боку сіў прывёў да міграцыі груп арыкара на захад і на поўнач. Найбольшая па колькасці група заключыла саюз з былымі супернікамі мандан і хідаца і да сярэдзіны XIX ст. перасялілася ў Паўночную Дакоту. У 1869 г. ЗША адкрыта ўзброілі арыкара супраць сіў. У 1887 г. амерыканскія ўлады пацвердзілі правы племені на занятыя ім тэрыторыі. У 1900 г. арыкара атрымалі правы грамадзян ЗША. У 1934 г. было створана аўтаномнае аб’яднанне «нацыя мандан, арыкара і хідаца», якое атрымала прызнанне і права на самакіраванне з боку ЗША. Агульныя тэрыторыі аб’яднання складаюць каля 3600 км².
Асаблівасці традыцыйнай культуры
правіцьСа старажытных часоў арыкара займаліся земляробствам. Вырошчвалі кукурузу, сланечнік, гарбузы. Земляробства, выраб керамікі і вопраткі лічыліся жаночымі заняткамі. Дадатковую ежу давалі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Улетку да восені мужчыны палявалі на бізонаў. Важную эканамічную ролю адыгрываў пасрэдніцкі гандаль. Для перамяшчэння карысталіся каркаснымі лодкамі, пазней — канямі.
У адрозненне ад іншых плямён Вялікіх раўнін, пасля асваення конегадоўлі арыкара захоўвалі жыццё ў сталых вёсках, якія будавалі абапал рачных тэрас. Жытламі з’яўляліся зямлянкі з драўлянымі купалападобнымі дахамі. Палеткі месціліся каля вёсак. Вясковая абшчына з’яўлялася буйной сацыяльнай арганізацыяй. Знутры абшчын існавалі драбнейшыя суседскія аб’яднанні, што сумяшчалі функцыі рэлігійных братэрстваў, ваенных атрадаў, аказвалі суседскую ўзаемадапамогу. Першаснай сацыяльнай арганізацыяй з’яўлялася малая нуклеарная сям'я на чале са старэйшым мужчынам. Аднак сваяцтва перадавалася па жаночай лініі. Выбраныя ваенныя, вясковыя правадыры, а таксама лідары суседскіх аб’яднанняў падзяляліся па рангу ў залежнасці ад асабістага аўтарытэту.
Па сведчаннях аўтараў XIX ст., арыкара захоўвалі надзвычайную ваяўнічасць у адносінах да прыхадняў з іншых тэрыторый. На вайне карысталіся лукамі, стрэламі, булавамі, сякерамі, дзідамі, нажамі, шчытамі. Мелі звычай скальпаваць ворагаў. Падчас ваенных дзеянняў малявалі на скуры ваяўнічыя знакі, багата карысталіся белай фарбай.
Традыцыйная вопратка складалася з шырокіх кароткіх штаноў, скураной кашулі, макасінаў, галаўной повязі, упрыгожанай бісерам, птушыным пер’ем.
Арыкара шанавалі вышэйшае бажаство Нішара, а таксама Маці Кукурузы, што вывела іх продкаў з падземнага свету і навучыла земляробству, рамёствам і будаўніцтву. Рэлігійныя культы ўзначальвалі правадыры. Існавала суседскае аб’яднанне, што спецыялізавалася на медыцыне і медыцынскіх абрадах.
Зноскі
- ↑ Arikara History Brief — Manataka American Indian Council Архівавана 14 мая 2019.
- ↑ Arikara in United States
- ↑ The Arikara Indians … who are they and when did they come to Dakota (1925)
- ↑ Гл.: Calloway, C. One Vast Winter Count: The Native American West Before Lewis and Clark. — University of Nebraska Press, 2006
Спасылкі
правіцьАрыкара на Вікісховішчы |