Мандан
Манда́н (саманазва: Rųwą'kši, літаральна "нашы людзі"; англ.: Mandan) — індзейскі народ, карэнныя жыхары Паўночнай Дакоты (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) - 1 171 чал.
Мандан Rųwą'kši | |
Малюнак 1854 г.
| |
Агульная колькасць | 1171 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | мандан |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства, пеётызм |
Блізкія этнічныя групы | хідаца, кроу |
Паходжанне
правіцьМандан адносяцца да заходняй галіны сіўанскіх народаў. Паводле іх міфаў, у старажытнасці яны жылі каля падземнага возера. Лічыцца, што ў сярэднявеччы яны перасяліліся на захад з даліны ракі Агая. Археалагічныя раскопкі адной з гістарычных вёсак паказалі, што яна была заснавана ў XVI ст. У 1738 г., калі пачаліся кантакты з французамі, мандан насялялі 9 буйных вёсак каля ракі Місуры.
Мяркуюць, што назва мандан паходзіць з сіўанскіх моў. Магчыма, была пазычана ў дакота або накота, на мове якіх Mawátadą значыць "татуяваны". У першых французскіх пісьмовых крыніцах іх называюць Mantannes, магчыма ад фр.: montagnes ("горы"). Самі мандан ніколі не выкарыстоўвалі гэтую назву ў дачыненні саміх сябе. Зафіксаваны толькі лакальныя саманазвы. У наш час выкарыстоўваецца саманазва Rųwą'kši. Упершыню яна была зафіксавана амерыканцамі ў 1836 г., але і яе гістарычная рэчаіснасць аспрэчваецца лінгвістамі.
Гісторыя
правіцьФранцузскія езуіты ўпершыню пачулі пра мандан ад іншых індзейцаў у 1736 г. У 1738 г. былі ўсталяваны прамыя зносіны. Мандан насялялі важны гандлёвы рэгіён, падтрымлівалі пасрэдніцкі гандаль з іспанцамі на поўдні і з французамі на захадзе. Хаця ў канцы XVIII ст. яны асвоілі конегадоўлю, асноўным заняткам з'яўлялася земляробства.
У канцы XVIII - пачатку XIX ст. колькасць мандан скарацілася амаль ўтрая і ў 1804 г. крыху перавышала 1000 чалавек. Частка сучасных даследчыкаў лічыць, што прычынай таму была эпідэмія. Акрамя таго, назіраліся сталыя ваенныя сутычкі з асінібойн, лакота і хідаца. У 1812 г. у баі з апошнімі загінуў правадыр Шахака, якога М. Льюіс і В. Кларк пазнаёмілі з Т. Джэферсанам. Блізкімі саюзнікамі з'яўляліся суседдзі-арыкара. У 1825 г. падпісалі мірнае пагадненне з ЗША. У 1836 г. з-за нападаў лакота падтрымалі амерыканскіх ваенных супраць індзейцаў-качэўнікаў.
У 1837 - 1838 гг. мандан моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы. Яна вынішчыла каля 90% прадстаўнікоў гэтага народа. Захавалася толькі 125 чалавек. У другой палове XX ст. прыхільнікі тэорыі генацыду індзейцаў абвінавацілі амерыканскіх ваенных у наўмысным распаўсюджванні хваробы праз перадачу заражаных коўдраў. Гісторыкі выявілі, што эпідэмія пачалася яшчэ ў 1836 г. у выніку кантактаў з пасажырамі пацярпелага крушэнне парахода "Святы Пётр"[1]. Мандан, што насялялі наваколлі крэпасці Кларк, атрымоўвалі ад амерыканцаў дапамогу, у тым ліку ім рабіліся прышчэпкі, аднак няўдала[2].
У 1849 г. пацярпелі ад эпідэміі халеры. Моцнае скарачэнне насельніцтва спрыяла заключэнню пагадненняў з арыкара і хідаца. У 1851 г. заключылі новае мірнае пагадненне з ЗША. У 1866 г. тры саюзных народа пагадзіліся на перадачу часткі сваіх зямель наўзамен на дапамогу з боку ЗША. У 1874 г., калі ў наваколлі вёскі Лайк-э-Фішкук адбываліся баі паміж амерыканцамі і лакота, аказвалі дапамогу параненым амерыканскім ваенным.
У 1934 г. было створана аўтаномнае аб'яднанне "нацыя мандан, арыкара і хідаца", якое атрымала прызнанне і права на самакіраванне з боку ЗША. Агульныя тэрыторыі аб'яднання складаюць каля 3600 км².
Культура
правіцьАсноўнымі гаспадарчымі заняткамі мандан здаўна былі ручное земляробства і загоннае паляванне. Земляробства лічылася абавязкам жанчын. Паляванне, якое набыло ў XVIII - першай палове XIX стст. камерцыйны характар, было мужчынскім заняткам. Паляўнічыя тэрыторыі лічыліся супольнай маёмасцю мандан і іх суседдзяў. Дагавор 1851 г. абвяшчаў супольнае валоданне мандан, арыкара і хідаца. Вёскі мандан з'яўляліся буйнымі гандлёвымі цэнтрамі, што прыцягвалі прадстаўнікоў іншых плямён.
Добра ўмацаваныя вёскі доўгі час з'яўляліся асноўным відам паселішча. Іх колькасць вагалася з-за змены колькасці насельніцтва, але ніколі не перавышала 9[3]. У другой палове XIX ст. рэшткі мандан перасяліліся ў супольныя вёскі разам з саюзнымі арыкара і хідаца. У цэнтры традыцыйнай вёскі ладзілася вялікая цырыманіяльная хаціна. Звычайныя хаціны будавалі з гліны, якой абляплялі драўляны каркас.
У канцы XVIII - першай трэці XIX стст. вылучаліся ўнутраныя аб'яднанні:
- Nuitadi
- Nuptadi
- Awigaxa
- Istopa
Яны мелі лакальны характар і аб'ядноўвалі жыхароў сельскіх абшчын. Лакальныя аб'яднанні стваралі 2 экзагамныя саюзы, заходні і ўсходні. Акрамя таго, вылучаліся родавыя групы. Жыхары кожнай вёскі выбіралі 2 правадыроў. Іх улада не была безумоўнай і залежала ад асабістых уласцівасцяў гуртаваць вакол сябе абшчыннікаў. Правадыры павінны былі арганізоўваць супольныя рытуалы, суд, паляванні і ваенныя дзеянні. Старыя жанчыны фарміравалі патаемнае таварыства Белай Бізоніхі. Яно мела рытуальны характар.
Пераважалі пашыраныя сем'і, што супольна карысталіся апрацаванымі надзеламі. Звычайна муж пераязджаў у сям'ю жонкі, а шлюбныя заручыны суправаджаліся складанымі цырымоніямі і абменам падарункамі. Да другой паловы XIX ст. апрацаваная зямля і хаціна пераходзіла ад маці да дочак, астатняя маёмасць размяркоўвалася паміж мужчынамі. Сваяцтва перадавалася па мужчынскай і жаночай лініям. Мандан забаранялі біць малых дзяцей. Важную ролю ў сацыялізацыі хлопчыкаў адыгрывалі браты маці.
Фальклор і танцавальныя цырымоніі прысвячаліся міфалагічным і рэлігійным падзеям.
Мова
правіцьРодная мова мандан адносіцца да заходняй галіны сіўанскіх моў. У мінулым падзяляўся на заходні і ўсходні дыялекты. У канцы XX ст. мелася толькі некалькі носьбітаў гутарковай мовы. У нашы дні арганізуюцца захады для яе захавання.
Рэлігія
правіцьПаводле міфалогіі мандан, сусвет і сусветныя законы былі створаны першачалавекам Numank Maxana і яго памагатым каётам Ki-numakshi. Заступнікам земляробства лічылася Неўміручая Жанчына[4]. Людзі першапачаткова жылі ў падземным свеце, але потым выбраліся па вінаграднаму сцяблу. Мандан верылі, што ўсе істоты і матэрыяльныя рэчы маюць душу. У чалавека налічвалі 4 душы. Пасля смерці 2 траплялі ў свет духаў, а 2 заставаліся на зямлі. У нашы дні захоўваюцца толькі некаторыя рытуалы.
З 1876 г. сярод мандан была арганізавана актыўная дзейнасць па хрысціянізацыі насельніцтва. У нашы дні большасць вернікаў — пратэстанты.
Зноскі
Спасылкі
правіцьМандан на Вікісховішчы |