Дако́та (саманазва: Dakȟóta, літаральна "аб'яднанне"), таксама вядомыя як паўночныя сіў (англ.: Northern Sioux) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю галіны. Агульная колькасць (2017 г.) - 118 200 чал.[1]

Дакота
Dakȟóta
Фота 1896 г.
Агульная колькасць 118 200
Рэгіёны пражывання  Канада  ЗША
Мова дакота
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы іншыя сіў

Гісторыя правіць

Згодна з запісамі еўрапейскіх даследчыкаў, у XVII - першай палове XVIII стст. продкі дакота жылі на тэрыторыі Мінесоты, прычым возера Міль-Лак называлася іх галоўным сакральным цэнтрам. Сталыя кантакты з французскімі гандлярамі і місіянерамі пачаліся з 1659 г. У 1730 - 1750 гг. землі дакота падвергліся экспансіі ўзброеных агнястрэльнай зброяй аджыбвэ[2], што прывяло да частковага зыходу дакота на захад і ўсход, а таксама ды вылучэння лакота.

Дакота актыўна ўдзельнічалі ў футравым гандлі з французскімі, а потым брытанскімі і амерыканскімі гандлярамі. У 1851 г. яны заключылі шэраг дагавораў з ЗША, якія прадугледжвалі перадачу часткі зямель белым пасяленцам, наўзамен атрымалі 3 750 000 долараў[3]. У 1858 г. правадыры дакота наведалі Вашынгтон, дзе сустрэліся з прэзідэнтам Дж. Б'юкененам.

Аднак дагаворы прывялі да згубы значных паляўнічых тэрыторый. Грошы, што перадаваў амерыканскі ўрад, хутка траціліся. У выніку, калі ўрадавыя выплаты скончыліся, многія дакота мелі запазычанасці перад гандлярамі. У 1862 г. неўраджай, што пачаўся з-за распаўсюджання фітафтароза, выклікаў голад, але індзейцы не атрымалі дапамогі. Улетку ўзброеныя воіны на чале з правадыром Малым Крумкачом (Taoyateduta) пачалі напады на фермераў уздоўж ракі Мінесота. Яны спалілі ваеннае ўмацаванне Нью-Ульм і няўдала спрабавалі захапіць Форт-Рыджлі. Забойствы мірнага насельніцтва прывялі да бегства белых пасяленцаў. 23 верасня адбылася бітва з амерыканскімі ваеннымі каля Вуд-Лэйк. Хаця абодва бакі панеслі істотныя страты і пераможца не вызначыўся, Маленькі Крумкач пакінуў сваё войска і збёг на племянныя тэрыторыі.

5 лістапада 1862 г. амерыканскі ваенна-палявы суд прысудзіў да пакарання смерцю 303 палонных дакота, якія абвінавачваліся ў гвалце і забойствах. Прэзідэнт Аўраам Лінкальн замяніў смяротнае пакаранне для 284 воінаў турэмным зняволеннем[4]. Былі канчаткова спынены ўрадавыя выплаты і дапамога. Чальцы сямей зняволеных пакідалі свае землі, пераязджалі на індзейскія тэрыторыі на паўднёвым захадзе або ў Канаду.

Пасля задушэння паўстання 1862 г. дакота былі расселены ў межах некалькіх рэзервацый у Мінесоце, Мантане, Небрасцы, Паўночнай Дакоце і Паўднёвай Дакоце. У нашы дні іх насельніцтва вызначаецца як аўтаномныя нацыі. Дакота лічацца "першаснай нацыяй" у Канадзе.

Культура правіць

 
Тыпі

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі дакота з'яўляліся паляванне, збіральніцтва, земляробства, рыбалоўства. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскімі справамі. Палявалі на бізонаў, аленяў, ласёў, мядзведзяў, птушак з дапамогай розных пастак, лука і стрэл, тамагаўка[5]. У XVII - XVIII стст. здабыча футравых звяроў набыла камерцыйны характар. У канцы XVIII ст. пачалі трымаць коней, што палегчыла паляванне на бізонаў. Конныя паляўнічыя часам дасягалі Елаўстона. Рыбалоўства мела дадатковы характар. Рыбу здабывалі з дапамогай пастак або лёсак з кручкамі.

Збіральніцтва і земляробства ўскладаліся на жанчын. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны збор дзікага рысу. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Палеткі ладзілі каля летніх жытлаў, ахоўвалі іх з дапамогай драўляных вежаў[6]. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, гарбузы, кабачкі. З XIX ст. шырока распаўсюджана завезеная еўрапейцамі бульба.

Дакота вялі паўвандроўны лад жыцця, сезонна перамяшчаліся з месца на месца, таму сталых вёсак не мелі. Асноўным відам жытла з'яўляліся разборныя тыпі[7]. Вопратку шылі са скур. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся пацеркамі, фарбавалі твар і іншыя часткі цела.

Сацыяльная сістэма дакота вызначаецца вучонымі як адкрытая, паколькі дапушчае змены ў залежнасці ад трансфармацыі жыццёвага ладу[8]. У XIX ст. большасць сем'яў ужо былі малымі нуклеарнымі з ясным дамінаваннем мужчыны. Аднак захоўвалася больш старажытная сістэма падзелу на вялікія пашыраныя сем'і, што аб'ядноўваліся ў вандроўныя групы, а тыя — у роды. У канцы XIX ст. вылучалася 19 буйных аб'яднанняў розных родаў[9]. Супольнае кіраванне здзяйснялі абраныя правадыры. Прычым існавалі правадыры-кіраўнікі родаў і ваенныя правадыры. Толькі ў некаторых выпадках іх ролі супадалі. Дзеянні ваенных правадыроў залежалі ад меркавання воінаў, іх улада не была безумоўнай.

Эрык Эрыксан, які працаваў у адной з амерыканскіх рэзервацый дакота ў 1930-я гг., заўважаў, што, нягледзячы на тое, што ў гэты час асноўным заняткам было земляробства, індзейцы працягвалі выхоўваць дзяцей як паляўнічых. Захоўваліся шчыльныя сувязі паміж братамі і сёстрамі, унукамі і бабулямі, жорсткія адносіны ў дачыненні да маладых жанчын. Традыцыі не назапашваць маёмасць і рабіць падарункі супляменнікам для падвышэння статусу заміналі сацыялізацыі дакота ў белым грамадстве.

Дакота маюць багаты фальклорміфы, казкі, гістарычныя паданні. Музыка і танцы пераважна рытуальныя. Найбольш распаўсюджаны музычны інструмент — барабан, пад акампанемент якога выконваюцца спевы.

Мова правіць

Мова дакота адносіцца да сіўанскай групы моў. Падзяляецца на некалькі рэгіянальных дыялектаў. У XIX ст. намаганнямі місіянераў быў створаны алфавіт на аснове лацінкі, на якім выдаваліся 2 газеты, была перакладзена Біблія[10]. Пасля задушэння паўстання 1862 г. доўгі час праводзілася палітыка ўкаранення англійскай мовы. У нашы дні робяцца захады для адраджэння гутарковай мовы дакота.

Рэлігія правіць

Звычайна традыцыйная рэлігія дакота вызначаецца як анімізм[11]. Амерыканскі антраполаг Джэймс Уолкер сцвярджае, што сіўполітэісты. Яны маюць 4 катэгорыі багоў[12]:

  • Вярхоўныя: сонечны бог Wi, правадыр усіх багоў; нябесны бог Skan, Вялікі Дух; багіня Зямлі Maka, продак усяго жывога; бог-камень Inyan, крыніца ўсіх рэчаў.
  • Памагатыя: Месяц Hanwi, Вецер Tate, бог вайны Unk, крылаты бог Wakinyan.
  • Служкі: бог бізонаў Ta Tanka, патрон цырымоній; бог мядзведзяў Hu Nonp, памагаты мудрасці; бог вятроў Wani, што адказваў за надвор'е і жыццё; бог-віхура Yum, заступнік шчасця, кахання, палявання.
  • Ніжэйшыя: дух Nagi, прывід Niya, розум Sicun, бог нематэрыяльных рэчаў Nagila.
  • Багі, якія ўвасабляюць асобныя рысы (прыгажосць, гармонія, задавальненне і інш.)

У дакота вылучаюцца шаманы, што захоўваюць традыцыі і займаюцца лекаваннем. Важную ролю адыгрываюць супольныя цырымоніі, якія суправаджаюцца танцамі, у тым ліку танцам сонца.

З XIX ст. распаўсюджана хрысціянства.

Вядомыя асобы правіць

  • Зіткала-Ша — пісьменніца, заснавальніца Нацыянальнага Кангрэса Амерыканскіх Індзейцаў.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць