Лако́та (саманазва: Lakȟóta, літаральна «аб’яднанне»), таксама вядомыя як паўднёвыя сіў (англ.: Southern Sioux) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Невялікая група лакота жыве ў Канадзе. Агульная колькасць (2019 г.) — 55 500 чал.[1]

Лакота
Lakȟóta
Агульная колькасць 52500
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова лакота
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства, пеётызм, танец духу
Блізкія этнічныя групы іншыя сіў

Гісторыя

правіць

Міграцыя на Вялікія раўніны

правіць

Лакота маюць агульнае паходжанне з астатнімі народамі сіў. У 1659 г., калі сіў усталявалі кантакты з французамі, яны жылі на захад ад Вялікіх азёр. Большасць лакота паходзяць ад тэрытарыяльнай групы Tetonwan («жыхары раўнін»)[2]. Мяркуюць, што ўжо да канца XVII ст. яны насялялі частку Вялікіх раўнін.

Канчаткова зыход на Вялікія раўніны з лясной зоны Мінесоты адбыўся ў XVIII ст., паколькі ў 17301750 гг. землі сіў падвергліся экспансіі ўзброеных агнястрэльнай зброяй аджыбвэ[3]. Яны асвоілі конегадоўлю, што дазволіла ім весці коннае паляванне на бізонаў і іншых жывёл на тэрыторыі сучасных Ваёмінга, Небраскі і Мантаны[4]. У канцы XVIII ст. яны нанеслі паражэнне шаенам, занялі частку зямель каёва.

Войны з ЗША

правіць

На працягу першай паловы XIX ст. расла міграцыя белых перасяленцаў паміж усходнім і заходнім узбярэжжамі ЗША. Мігранты часцяком сутыкаліся з варожымі адносінамі індзейцаў. Таму было вырашана стварыць бяспечны Арэгонскі шлях. З гэтай мэтай прадстаўнікі ўрада ЗША заключалі пагадненні з індзейскімі плямёнамі. У 1851 г. частка правадыроў сіў заключыла пагадненне ў крэпасці Ларамі[5]. Яно прадугледжвала прызнанне індзейскіх тэрыторый і бяспечны пераход мігрантаў. Аднак лакота, якія не прызнавалі дагавора, працягвалі напады на перасяленцаў. У 1854 г. з-за забітай індзейцамі каровы паміж ваеннымі ЗША і адной з груп лакота адбыўся канфлікт, што скончыўся забойствам атрада амерыканскіх перагаворшчыкаў[6]. У 1855 г. амерыканскія ваенныя забілі каля 100 сіў на тэрыторыі Небраскі.

Сітуацыя зноў пагоршылася ў 1860-я гг., калі ў мясцовасці Блэк-Хілс, прызнанай свяшчэннай сіў і шаенамі, былі знойдзены радовішчы золата, і белыя золатаздабытчыкі пачалі парушаць межы індзейскіх тэрыторый. У 18661868 гг. амерыканскія ваенныя вялі ваенныя дзеянні супраць лакота, арапаха і шаенаў. У 1868 г. па ініцыятыве Кангрэса ў крэпасці Ларамі быў падпісаны новы дагавор з лакота[7]. Ён прадугледжваў ліквідацыю белых пасяленняў у Блэк-Хілс. Аднак гэта не палепшыла сітуацыю, паколькі супольныя атрады маладых воінаў з удзелам лакота працягвалі напады на пасяленцаў і мігрантаў, а золатаздабытчыкі зноў і зноў імкнуліся заняць закрытыя для іх землі.

У 18761877 гг. адбылася так званая «Вялікая вайна з сіў» за Блэк-Хілс. 25 чэрвеня — 26 чэрвеня 1876 г. у бітве каля Літл-Бігхорн лакота нанеслі паражэнне атраду генерала Джорджа Амстронга Кастара[8]. Нягледзячы на гэта, да канца 1877 г. амерыканскія ваенныя здолелі выціскнуць сіў з Блэк-Хілс і дамагліся афіцыйнай адмовы часткі правадыроў лакота ад свяшчэнных тэрыторый.

Ваенныя дзеянні супраць лакота і іх саюзнікаў працягваліся да 1890 г. і скончыліся паражэннем індзейцаў. У выніку лакота былі вымушаны рассяліцца ў адведзеных для іх рэзервацыях. Буйная група лакота перасялілася ў Канаду, дзе далучылася да суродзічаў-дакота.

Рух за правы

правіць

У другой палове XX ст. культурныя і палітычныя дзеячы лакота далучыліся да руху за правы індзейцаў у ЗША. У 1980 г. яны дамагліся выплаты 122 мільёнаў долараў кампенсацыі за страчаныя землі. У 2007 г. быў прапанаваны праект аб’яднання рэзервацый ў незалежную Рэспубліку Лакота[9].

Тэрытарыяльныя групы

правіць
 
Музыканты з групы Oglála

Лакота фактычна не мелі адзінага кіравання. У XIX ст. падзяляліся на некалькі тэрытарыяльных груп:

  • Sičháŋǧu (літаральна «спаленыя»). Падзяляліся на 3 галіны. У нашы дні фарміруюць асобную прызнаную ЗША нацыю Brulé Tiyošpaye.
  • Oglála (з рассеянай маёмасцю"). Падзялялася на 3 галіны, з якіх асабліва вылучаліся «сапраўдныя» Oglála. Менавіта паміж імі і амерыканскімі ваеннымі ўзнік першы ўзброены канфлікт 1854 г.
  • Itázipčho («без лукаў») вядомы з французскіх крыніц XVIII ст. як Sans Arc. Прымалі актыўны ўдзел у бітве каля Літл-Бігхорн.
  • Húŋkpapȟa (« у галаве кола правадыроў») фарміравалі 3 асноўныя галіны. Першыя сутычкі з амерыканскімі перасяленцамі пачаліся ў першай чвэрці XIX ст. на захад ад Місуры. Лічыцца, што першае пагадненне з прадстаўнікамі ўрада ЗША падпісалі ў 1825 г.
  • Mnikȟówožu («расліны ў вадзе») насялялі Блэк-Хілс.
  • Sihásapa («чарнаногія», не блытаць з алганкінскай канфедэрацыяй чарнаногіх) падзяляліся на 6 самастойных галін. У XVIII ст. аднымі з першых перанялі конегадоўлю ў шаенаў. Вялі актыўныя ваенныя дзеянні супраць арміі ЗША ў XIX ст.
  • Oóhenuŋpa («два катлы») узгадваюцца з 1843 г. Падзяляліся на 2 галіны.

У нашы дні падзел на тэрытарыяльныя групы працягвае мець важнасць, паколькі кожная група мае асабісты дагавор з урадам ЗША. Захоўваюцца асобныя дыялекты груп.

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць