Адкрыць галоўнае меню

Леан ЗЯНКОВІЧ (польск.: Leon Zienkowicz; 11 красавіка 1808, маёнт. Ляхі каля Пружан, цяпер вёска Пружанскага р-на — 12 снежня 1870) — паэт, публіцыст, мемуарыст.

Нарадзіўся ў сям'і дробнага шляхціца. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Варшаўскім універсітэце, быў сябрам тайных вучнёўскіх таварыстваў. Удзельнік паўстання 1830—1831 г., ад'ютант камандзіра ганаровай аховы кіраўніка паўстання, потым паручнік 9-га ўланскага палка, у яго складзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць расійскай рэгулярнай арміі. Пасля паражэння Паўстання эмігрыраваў у Францыю, бо не хацеў прысягаць расійскаму імп. Мікалаю І.

У 1833 г. Л. Зянковіч стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў у эміграцыі, з мэтай аднаўленне ўзброенай барацьбы супраць Расіі за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Аднак спроба такім чынам вярнуцца на радзіму не мела поспеху. Пасля гэтага Л. Зянковіч пасяліўся ў Кракаве (тымчасова ў Аўстрыі) і прыняў удзел у стварэнні тайнай арганізацыі «Саюз польскага народа».

У 1837 годзе Л. Зянковіч далучыўся да польскага эмігранцкага Дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстання Адам Ежы Чартарыйскі. Як прадстаўнік арганізацыі, Л. Зянковіч таемна наведваў радзіму, каб наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі.

Падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1848—1849 у Аўстрыйскай імперыі Л. Зянковіч адправіўся ў Галіцыю, каб удзельнічаць у барацьбе, потым аказаўся ў Кракаве, дзе быў абраны кіраўніком Аддзела ўнутраных спраў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў горадзе. Пасля паражэння рэвалюцыі Л. Зянковіч, як «недабранадзейная асоба», не мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Англію. Потым сталым месцам жыхарства былі Францыя і Швейцарыя, дзе Л. Зянковіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.

У 1830-х у Кракаве Л. Зянковіч пачаў выдаваць «Усеагульны часопіс навук і рамёстваў» на польскай мове. У 1839—1844 у Парыжы і Страсбургу рэдагаваў сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» («Пшонка»), які меў шырокі грамадскі рэзананс. Л. Зянковіч аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных прац — «Польскі народ, ці Дакладнае апісанне звычаяў, нораваў, адзення яго і г.д.» (1842, м.інш. змяшчае апісанне побыту палешукоў да якіх Л. Зянковіч прылічваў і сябе), «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд гісторыі Польскай дзяржавы» (1864—1865, у 4-х т.), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры» (1867, у 2-х т.).

Найбольшую вядомасць набыў мемуарны твор Л. Зянковіча — «Вечары ляха з Ляхаў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», дзе змешчаны ўспаміны пра бацькоў і дзяцінства, вучобу ў Свіслачы і Варшаве, разважанні пра выхаванне і адукацыю моладзі, пра долю прыгонных, у т.л. ідэі распрыгоньванне і пашырэнне адукацыі сярод простага народа.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1