Лексікалогія
Лексікалогія — раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку як сукупнасць слоў мовы.
Падзяляецца на агульную, якая вывучае заканамернасці функцыянавання слоў, уласцівых усім мовам, і прыватную, якая вывучае заканамернасці, уласцівыя якой-небудзь мове.
У межах прыватнай лексікалогіі вылучаюцца лексікалогіі: апісальная або сінхронная (ад грэч. syn разам і грэч. chronos час), якая даследуе слоўнікавы склад мовы ў яго сучасным стане; гістарычная або дыяхранічная (ад грэч. dia праз і грэч. chronos час), якая даследуе гісторыю слоўнікавага складу мовы; параўнальная, якая вывучае лексіку пэўнай мовы шляхам параўнання яе з лексікай іншых моў.
Лексікалогія даследуе функцыянаванне слоў як асобных адзінак мовы; выяўляе разнастайныя міжслоўныя сувязі: паводле гукавой формы (аманімія, паранімія), тоеснасці значэнняў (антанімія), паводле сувязі словаў з пазамоўнымі фактарамі (утварэнне лексіка-семантычных, тэматычных груп), паводле здольнасці ўступаць у свабодныя і звязаныя спалучэнні; раскрывае суаднесенасць слова са стылямі мовы (агульнаўжывальнасць і стылістычная дыферэнцыяцыя), вывучае шляхі ўзнікнення і суіснаванне ў мове слоў рознага паходжання; распрацоўвае нормы словаўжывання.
Лексікалогія непасрэдна звязаная з іншымі раздзеламі мовазнаўства: семасіялогіяй, анамасіялогіяй, анамастыкай, стылістыкай, дыялекталогіяй, фразеалогіяй, этымалогіяй, лексікаграфіяй.
Літаратура
правіць- Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.