Лілія Рыгораўна Батырава

Лілія Рыгораўна Батырава (нар. 15 чэрвеня 1935, Мінск, БССР) — беларускі музычныпедагог, ганаровы грамадзянін г. Брэста (2015).

Лілія Рыгораўна Батырава
Дата нараджэння 15 чэрвеня 1935(1935-06-15) (88 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі

Біяграфія правіць

Займалася ў малодшай групе балетнай школы пры тэатры оперы і балета. Бацька ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт, згінуў без вестак. Увесь час вайны пражыла з маці, Казімірай Вітольдаўнай, у Мінску, іх дом быў разбомблены яшчэ на пачатку вайны. У апошнія дні вайны немцы тысячы мінчан пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Германію, але цягнік дайшоў толькі да Брэста, зняволеныя дачакаліся Чырвоную армію.

Пасля вызвалення Беларусі маці з дачкой засталіся ў Брэсце. Тут Лілія скончыла агульнаадукацыйную і музычную школы. Яе першай настаўніцай музыкі была выдатны педагог Яўгенія Міхайлаўна Дабратворская, выпускніца Пецярбургскай кансерваторыі, заслужаны настаўнік БССР (1955).

У 1955 годзе скончыла Брэсцкае музычнае вучылішча, у якім пачала працаваць выкладчыкам па класе фартэпіяна і канцэртмайстрам. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (1964). За гады сваёй працы ў Брэсцкім музвучылішчы падрыхтавала больш за 200 спецыялістаў, сярод якіх лаўрэаты і дыпламанты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

У 1969—1987 гадах ўзначальвала народны ўніверсітэт культуры, у якім развіваліся мастацкі, музычны, танцавальны, літаратурны і іншыя кірункі творчасці, арганізоўвала творчыя сустрэчы, канцэрты многіх вядомых музыкантаў і спевакоў. З 1992 года з’яўляецца старшынёй Брэсцкага абласнога музычнага таварыства і членам праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Шмат гадоў удзельнічала ў журы міжнароднага конкурсу вакалістаў «Belcanto» (Польшча).

Па ініцыятыве Л. Р. Батыравай у Брэсце з 1988 года штогод праводзіцца міжнародны фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», яна з’яўляецца яго нязменным дырэктарам і мастацкім кіраўніком. Таксама па яе ініцыятыве праводзіцца «Берасцейскі баль», прымеркаваны да Дня горада, у 2015 годзе адбыўся І Міжнародны конкурс маладых піяністаў, прысвечаны памяці народнага артыста СССР С. Т. Рыхтэра.

Узнагароды правіць

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2011), заслужаны дзеяч культуры Польшчы (2008). Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязей» (2000), лаўрэат прэміі Фонду Ірыны Архіпавай з уручэннем Сярэбранага медаля Фонду. Узнагароджана медалямі Францыска Скарыны (2008) і «Преподобная Евфросиния игумения Полоцкая», спецыяльным знакам Міжнароднага саюза музычных дзеячоў (2007), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 16 ліпеня 2015 года Л. Р. Батыравай за шматгадовую плённую творчую работу па музычным навучанні і выхаванні моладзі, падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў, вялікую грамадска-культурную дзейнасць, значны ўклад у развіццё і прапаганду беларускага музычнага мастацтва прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Зноскі

Літаратура правіць

  • Батырева Лилия Григорьевна // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 74.
  • Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж: история и современность / Р. А. Жабинский. — Брест : Альтернатива, 2011. — 248 с. : ил.
  • Частная коллекция Лилии Батыревой : презентация выставки-коллекции 25 июля 2008 г. : [платки председателя Брестского областного Музыкального общества] / Управление культуры Брестского облисполкома. — Брест : Брестская типография, 2008. — 18 с. : ил.
  • Батырава, Л. Р. Брэсцкае абласное музычнае таварыства / Л. Р. Батырава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 589.