Літаратурны музей Кузьмы Чорнага
Літаратурны музей Кузьмы Чорнага — мемарыяльны музей, прысвечаны беларускаму пісьменніку Кузьме Чорнаму. Пісьменнік правёў у Цімкавічах дзіцячыя і юнацкія гады, атрымаў сярэднюю адукацыю, а затым сам выкладаў у Цімкавіцкай школе. Нават будучы вядомым пісьменнікам, Кузьма Чорны часта вяртаўся ў Цімкавічы, каб набрацца натхнення для сваіх твораў.
Літаратурны музей Кузьмы Чорнага | |
---|---|
Профіль | літаратурна-мемарыяльны |
Заснаваны | 1993 |
Падпарадкаванасць | Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры |
Месцазнаходжанне | в. Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці |
Адкрыты | 9:00 - 17:30 (серада-нядзеля) |
Білет | школьнікі – 0,75 руб. студэнты – 0,75 руб. дарослы – 1,50 руб. |
Гісторыя
правіцьЛітаратурны музей Кузьмы Чорнага быў створаны на базе школьнага музея вёскі Цімкавічы, які функцыянаваў з 1962 года. Школьны музей паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 15.01.1993 быў пераўтвораны ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Адкрыты для наведвальнікаў у 1994 годзе.
Фонды
правіцьУ музеі Кузьмы Чорнага захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка (паліто, самавар), абрус, вытканы яго маці Гліцэрыяй Міхайлаўнай, рукапісы, пераклады, дакументы з сямейнага архіва, сямейныя фотаздымкі, афішы спектакляў, газеты, прыжыццёвыя выданні і ўнікальны запіс голасу Кузьмы Чорнага.
Экспазіцыя
правіцьСучасная экспазіцыя была адкрыта ў снежні 2014 года ў чатырох залах (агульная выставачная плошча — 127,1 кв.м.). У ёй адлюстраваны асноўныя вехі біяграфіі Кузьмы Чорнага: дзіцячыя гады пісьменніка, ранні перыяд творчасці ў 1920-30-я гг., перыяд Вялікай Айчыннай вайны, значэнне спадчыны пісьменніка для беларускай культуры. У аснову візуальнага афармлення пакладзены малюнкі ўласна Кузьмы Чорнага, а цытатамі паслужылі вытрымкі з яго асабістага дзённіка. Экспануюцца прадметы побыту 1-й паловы 20 стагоддзя, асабістыя дакументы, фотаздымкі, прыжыццёвыя выданні пісьменніка, а таксама ілюстрацыі беларускіх мастакоў па матывах творчасці Кузьмы Чорнага.
Мерапрыемствы
правіцьУ музеі праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы: вечары ўспамінаў, літаратурна-музычныя імпрэзы, творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Асаблівае месца ў дзейнасці музея займае праца са школьнікамі, для іх праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі па тэмах: «Музей і дзеці», «Ганарыся сваім земляком», «Наша спадчына». З 1998 года для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў працуе студыя аматараў тэатра «Іскрынка», а з 2003 года для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў праводзяцца прадстаўленні тэатра фланелеграфіі «Скарбонка прыгажосці».