Майская рэвалюцыя

Майская рэвалюцыя (ісп.: Revolución de Mayo) — шэраг палітычных і грамадскіх падзей, якія адбыліся ў Буэнас-Айрэсе віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата ў маі 1810 года, якія прывялі да адхілення віцэ-караля Сіснераса. Гэтыя падзеі былі арганізаваны арыстакратамі Буэнас-Айрэса, якія мелі іспанскае паходжанне, але былі незадаволенымі палітыкай кароны ў рэгіёне. Падзеі не выклікалі вялікага гвалту і не пацягнулі шырокага супрацьстаяння, але тэрмін рэвалюцыя да іх пачалі прымяняць зыходзячы з аргенцінскай гістарыяграфіі для пазначэння пачатку працэсу, які прывёў да незалежнасці Аргенціны, якая была афіцыйна абвешчаная 9 ліпеня 1816 года.

Кабілды, 22.05.1810

Перадумовы правіць

Дэкларацыя незалежнасці ЗША 1776 года паказала, што амерыканскія калоніі могуць заваяваць незалежнасць. З-за Вялікай французскай рэвалюцыі 1789 года атрымалі распаўсюджванне ідэі дэмакратычнага кіравання. Лозунг "Свабода, роўнасць, братэрства" быў вельмі папулярны ў тагачаснай моладзі іспанскіх калоній, як і іншыя ліберальныя ідэі.

Эканоміка і кіраванне віцэ-каралеўствам Рыа-дэ-ла-Плата ў той час былі манапалізаваныя Іспаніяй, што значна стрымлівала развіццё калоніі. З 1808 года Іспанія была акупаваная войскамі Напалеона, у выніку чаго кіравальнасць і стабільнасць у яе калоніях паступова знікалі. Нявызначанасць у метраполіі прывяла да непрымання і выступленняў супраць прызначаных ім віцэ-каралёў: у 1807 быў скінуты Рафаэль дэ Сабрэмонтэ, а ў 1809 годзе - Сант'яга дэ Ліньерс. У чэрвені 1809 ў Рыа-дэ-ла-Плату прыбыў новы віцэ-кароль - Бальтасар Ідальга дэ Сіснерас.

25 мая 1809 года рэвалюцыя зрынула губернатара Каралеўскай аудыенсіі Чаракас (цяпер Балівія). 16 ліпеня ў горадзе Ла-Пас іншы рэвалюцыйны рух звергнуў губернатара і біскупа Ла-Паса, стварыўшы часовы парламент і абвясціўшы незалежнасць. Пасля рэвалюцыя была жорстка падаўленая іспанскімі войскамі.

Рэвалюцыя правіць

18 мая 1810 года ў Буэнас-Айрэсе стала вядома, што Севільская хунта звергнута, а Іспанія акупаваная французамі. Легітымнасьць віцэ-караля Бальтасара Ідальга дэ Сіснераса апынулася пад пытаннем. 22 мая было праведзена адкрытае пасяджэнне муніцыпальнага савета Буэнас-Айрэса, які раніцай 23 мая вынес рашэнне, згодна з якім Сіснерас павінен быў сысці ў адстаўку і перадаць усе паўнамоцтвы муніцыпалітэту для стварэння парламента.

24 мая Сіснерас быў названы часовым прэзідэнтам і галоўнакамандуючым войскаў, што выклікала абурэнне народа, якое вылілася ў пратэсты на цэнтральнай плошчы Буэнас-Айрэса і паўстанне арміі. 25 мая была абвешчана аб канчатковай адстаўцы віцэ-караля і фарміраванні часовага ўрадавага органа - Першай хунты, якая мела наступны склад:

  • Карнеліа Сааведра - прэзідэнт
  • Мануэль Альберці
  • Мігель дэ Асквенага
  • Мануэль Бельграна
  • Хуан Хасэ Кастэльё
  • Дамінга Матэу
  • Хуан Ларэа
  • Хуан Хасэ Паса - сакратар
  • Марыяна Марэна - сакратар.

У той жа дзень у правінцыю быў накіраваны цыркуляр, у якім была просьба даслаць сваіх дэпутатаў. За выключэннем Кордавы, усе гарады, якія цяпер уваходзяць у склад Аргенціны, падтрымалі Майскую рэвалюцыю. Разам з дэпутатамі ад іншых правінцый краіны Першая хунта 18 снежня стварыла Вялікую хунту - парламент Аб'яднаных правінцый Рыа-дэ-ла-Платы.

Хоць 25 мая была фактычна звергнута ўлада Іспаніі, у палітычных мэтах Першая хунта афіцыйна не аб'яўляла незалежнасці да 1816 года.

Літаратура правіць

  • Felipe Pigna: 1810 - La otra historia de nuestra Revolución fundadora; Editorial Planeta, Buenos Aires 2010 ISBN 978-950-49-2288-9