Манон (балет)
«Мано́н» (англ.: Manon, фр.: L’histoire de Manon) — трохактны балет Кенета Мак-Мілана паводле рамана Антуана Франсуа Прэво «Гісторыя кавалера дэ Грыё і Манон Леско», пастаўлены на музыку, сабраную з розных твораў Жуля Маснэ. Аранжыроўка партытуры і аркестроўка асобных твораў — кампазітара Лейтана Лукаса ў супрацоўніцтве з Хільдай Гонт. Сцэнаграфія і касцюмы — Нікаласа Георгіядзіса.
У адрозненне ад арыгінальнага рамана дзеянне балета перанесена з эпохі Рэгенцтва ў канец XVIII стагоддзя, напярэдадні французскай рэвалюцыі, для чаго мастак-пастаноўшчык старанна вывучаў іканаграфічныя матэрыялы таго часу. Такое рашэнне балетмайстра прывяло да гістарычнай неадпаведнасці, бо ў 1764 годзе, пасля заканчэння каланіяльнай вайны, Новы Арлеан, дзе адбываецца апошняе дзеянне балета, быў перададзены Францыяй Іспаніі і перастаў быць часткай французскіх калоній.
Прэм’ера спектакля адбылася 7 сакавіка 1974 года на сцэне лонданскага тэатра Ковент-Гардэн у выкананні артыстаў Каралеўскага балета (Манон Леско — Антуанэт Сіблі, кавалер дэ Грыё — Энтані Даўэл, Леско — Дэвід Уол, Наглядчык — Дэвід Дру).