Медыяадукацыя (media education) — частка адукацыйнага працэсу, накіраваная на фармаванне ў грамадстве медыякультуры, падрыхтоўку асобы да бяспечнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з сучаснай сістэмай масмедыя, уключаючы як традыцыйныя (друкаваныя выданні, радыё, кіно, тэлебачанне), так і найноўшыя (камп'ютарна-апасродкаваныя дачыненні, інтэрнэт, мабільная тэлефанія) медыя з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Імклівая медыятызацыя грамадства, актыўнае ўкараненне мультымедыя ва ўсе сферы дзейнасці чалавека актуалізуе важнасць медыяадукацыі для грамадзян усіх узростаў і сацыяльных групаў.

Паходжанне тэрміна правіць

Тэрміны медыяадукацыя (media education) і медыяграматнасць (media literacy, Medienkompetenz) выкарыстоўваюцца як сінонімы ў большасці англамоўных краін. У 1993 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі распрацавалі вызначэнне медыяграматнасці як здольнасці доступу, аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў самых разнастайных формах медыя.

Медыяграматнасць — гэта актыўнае або пасіўнае ўспрыманне і выкарыстанне матэрыялаў медыя, уключаючы іх крытычнае ўспрыманне і ўсвядомленую ацэнку, разуменне метадаў, якія выкарыстоўваюць медыя і іх ўплыў.

Такім чынам, медыяадукацыя і медыяграматнасць суадносяцца як працэс і вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.

Гісторыя медыяадукацыі правіць

Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ стагоддзя, у педагагічнай навуцы вядучых краін свету сфарміраваўся кірунак «медыяадукацыя», закліканы дапамагчы школьнікам лепш адаптавацца ў інфармацыйным свеце, асвоіць мову сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, умець аналізаваць медыятэксты.

Медыяадукацыйны кірунак у Беларусі быў запачаткаваны дзякуючы ініцыятыве грамадскіх арганізацый і з нефармальнай паступова распаўсюджваецца на фармальную сістэму адукацыі. У дакуменце прапановаў у галіне адукацыйнай палітыкі Асамблеі НДА вылучаны цэлы раздзел, прысвечаны медыяадукацыі, як прыярытэтным кірунку і сфармуляваны рэкамендацыі грамадскаму сектару.

Асноўныя тэорыі медыяадукацыі правіць

Пратэкцыянісцкі падыход Аналітычны падыход
ін'екцыйная, экалагічная, этычная,
рэлігійная, эстэтычная, ідэалагічная
тэорыя развіцця крытычнага мыслення,
семіятычная, культуралагічная

Сёння медыяадукацыя з'яўляецца важным інавацыйным складнікам педагогікі і методыкі навучання і адлюстраваннем сучасных працэсаў развіцця інфармацыйнага грамадства ва ўсіх развітых краінах свету.

У медыяадукацыі вылучаюцца два аспекты:

  • першы аспект звязаны з уменнямі крытычнага ўспрымання, ацэнкі і выкарыстання інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Гэтыя ўменні спрыяюць развіццю асобы і дапамагаюць чалавеку ў прыняцці адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці
  • другі аспект прадугледжвае наяўнасць у індывіда ўменняў быць паспяховым, адказным аўтарам звычайных, аўдыя- і відэатэкстаў, якія ён размяшчае на сайтах, у блогах, на YouTube, на форумах, абнародуе падчас інтэрнэт-канферэнцый, вэбінараў і г.д.

Міжнародныя стандарты медыяадукацыі правіць

У рэзалюцыях ЮНЕСКА неаднаразова падкрэслівалася важнасць і падтрымка масавай медыяадукацыі (канферэнцыi ЮНЕСКА ў Грунвальдзе, 1982 г.; у Тулузе, 1990 г.; у Парыжы, 1997 г.; у Вене, 1999 г.; у Севільі, 2002 г.; у Парыжы, 2007 і інш.)

Медыяадукацыя — частка асноўнага права кожнага грамадзяніна ўсякай краіны на свабоду самавыяўлення і атрыманне інфармацыі, яна спрыяе дэмакратыі. Прызнаючы адрозненні ў падыходах і развіцці медыяадукацыі ў розных краінах, рэкамендуюць, каб яна была ўведзена ўсюды, дзе магчыма, у межах нацыянальных навучальных планаў, у дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека[1].

Праграма навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай граматнасці (2012 г.)[2] абапіраецца на сучасныя тэндэнцыі канвергенцыі радыё, тэлебачання, інтэрнэту, газет, кніг, электронных архіваў і бібліятэк на адну агульную платформу і створана з улікам патрэб педагогаў для інтэграцыі ў афіцыйную сістэму іх падрыхтоўкі.

ЮНЭСКА апублікавала асноўныя палажэнні пяці прынцыпаў медыйнай ды інфармацыйнай граматнасці[3] (2017). Новая стратэгія UNESCO аб'ядноўвае інфармацыйную і медыйную граматнасць (Laws of Media and Information Literacy, MIL). Гэтыя дзве сферы падаюцца як камбінацыя кампетэнцый, неабходных сёння для жыцця і працы. Прынцыпы MIL датычаць усіх відаў СМІ ды іншых крыніц інфармацыі (бібліятэкі, архівы, музеі, інтэрнэт, незалежна ад выкарыстаных тэхналогій).

Асаблівую ўвагу мяркуецца надаваць падрыхтоўцы настаўнікаў, каб матываваць іх да ўкаранення MIL ў працэс навучання, а таксама каб даць ім адпаведныя педагагічныя метады, навучальныя праграмы і рэсурсы.

Дакументы ЮНЕСКА сведчаць, што медыяадукацыя функцыянуе як сістэма, якая стала неад'емнай часткай, з аднаго боку, агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі моладзі, з другога — масавых інфармацыйных працэсаў. Яна з'яўляецца атрыбутам глабалізацыйных пераўтварэнняў, фактарам канкурэнтаздольнасці эканомікі, непарыўна звязаная з развіццём дэмакратыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Таталітарныя рэжымы тармозяць развіццё медыяадукацыі або скажаюць яе мэты.

Медыяінфармацыйныя кампетэнцыі правіць

У Рэкамендацыях Еўрапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця[4] (2006) сфармуляваны 8 груп базавых кампетэнцый, сярод якіх ёсць і інфармацыйная, якая ўключае свядомае і крытычнае карыстанне тэхналогіямі інфармацыйнага грамадства для працы, вольнага часу, зносінаў; камунікацыю і ўдзел у карпарацыйных сетках праз інтэрнэт.

Веды уключаюць разуменне і веданне прыроды, ролі і магчымасцяў тэхналогій інфармацыйнага грамадства (ТІГ) у паўсядзённым кантэксце: у асабістым і грамадскім жыцці ды на працы, разуменне магчымасцяў і патэнцыйных рызык інтэрнэту і электронных камунікацый (электронная пошта, сацыяльныя сеткі) для працы, вольнага часу, абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва, навучання і даследаванняў. Індывіды павінны разумець, як ТІГ могуць падтрымліваць творчасць і наватарства, быць дасведчанымі ў пытаннях надзейнасці даступнай інфармацыі, а таксама мець уяўленне наконт прававых і этычных прынцыпаў інтэрактыўнага карыстання ТІГ.

Неабходныя навыкі ўключаюць здольнасць пошуку, збору і апрацоўкі інфармацыі і выкарыстанне яе крытычным і сістэматычным чынам, з ацэнкай рэлевантнасці і адрозніваннем рэальнага ад віртуальнага пры карыстанні спасылкамі. Індывіды мусяць мець навыкі карыстання інструментамі для стварэння, прэзентацыі ды разумення складанай інфармацыі, а таксама здольнасць атрымліваць доступ, шукаць і карыстацца паслугамі інтэрнэту. Індывіды павінны таксама быць здольныя выкарыстаць ТІГ для падтрымкі крытычнага мыслення, творчасці і наватарства.

Каштоўнасная пазіцыя: крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі і адказнае выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Цікавасць і далучэнне да справаў супольнасцяў ды сетак з культурнымі, сацыяльнымі і/ці прафесійнымі мэтамі.

Рэкамендацыйны спіс медыяінфармацыйных кампетэнцый беларускага вучня правіць

Лідарамі медыяадукацыйнага кірунку з'яўляюцца агульнанацыянальныя грамадскія аб'яднанні — Таварыства беларускай школы і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх адукацыйная дзейнасць найперш скіраваная на дзве мэтавыя групы: педагогаў і журналістаў.

Медыяадукацыйныя рэсурсы правіць

  • Медыякомпас на сайце Nastaunik.info (грамадскі праект, створаны настаўнікамі і для настаўнікаў у 2005 годзе як пляцоўка для ўзаемадапамогі, абмену досведам, публікацыямі і педагагічнымі ідэямі). Медыякомпас прапануе распрацоўкі найлепшых беларускіх настаўнікаў і досвед калегаў з іншых краін. Урокі, школьныя святы, пазакласныя мерапрыемствы, падручнікі і метадычныя дапаможнікі, навучальныя відэа- і аўдыясродкі і інш.
  • Медыяадукацыя — рубрыка Архівавана 10 студзеня 2017. у выданні асветнікаў Рэспублікі Беларусь «Настаўніцкая газета»

Метадычныя дапаможнікі і зборнікі правіць

Зноскі

Крыніцы і спасылкі правіць

  1. Халперн, Д. Психология критического мышления — СПб.: Издательство «Питер», 2000. — 512 с
  2. Мікалай Запрудскі. Застацца ў жывых, або інструкцыя па выжыванні ў медыяасяроддзі // Настаўніцкая газета, 02.12.2014
  3. Кириллова, Н. Б. Медиакультура: от модерна к постмодерну / Н. Б. Кириллова. — М.: Академический проект, 2005
  4. Індэкс свабоды прэсы Архівавана 27 жніўня 2015.
  5. СМІ ў Беларусі Архівавана 6 мая 2017.
  6. Рэкамендацыі Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця = Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006
  7. Рэкамендацыі Севільскай канферэнцыі «Медыяадукацыя моладзі»
  8. [ЮНЭСКА, 2002]
  9. [UNESCO, 2011] Архівавана 30 чэрвеня 2007. UNESCO: Media and Information Literacy Curriculum for Teachers, 2011.
  10. Концепції впровадження медіа-освіти в Україні(недаступная спасылка)
  11. Katalog kompetencji medialnych i informacyjnych(недаступная спасылка)
  12. Концепция информатизации системы образования Республики Беларусь на период до 2020 года(недаступная спасылка)
  13. Прапановы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Адукацыйная палітыка
  14. Александр Полонников, Алла Барченок. К вопросу о кризисе современного белорусского образования // Наша адукацыя (зборнік артыкулаў). — Мінск, 2012.