Мемарыяльны музей Івана Сікоры

Мемарыяльны музей Івана Сікоры — музей, створаны ў 1988 г. у вёсцы Алашкі (Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць). У 1999 г. будынак музея капітальна адрамантаваны.

Музей збірае і захоўвае матэрыял аб жыцці і дзейнасці садавода-селекцыянера Івана Сікоры. У музеі 11 раздзелаў: развіццё садоўніцтва ў Беларусі; кабінет І. П. Сікоры; бібліятэка І. П. Сікоры; М. Прышвін, Л. Лявонаў у лёсе І. П. Сікоры; перапіска І. П. Сікоры з доктарам навук, прафесарам М. А. Лісавенкам; навукова-даследчая праца І. П. Сікоры; П. Сергіевіч, М. Машара; А.К .Шчаслівы (фатаграфіі, ксеракопіі, арыгіналы пісем вучонага); энтузіясты садоўніцтва; І. П. Сікора і юныя натуралісты; дары садоў.

На тэрыторыі музея размешчаны пладаносны сад агульнай плошчай 3 гектары, колькасцю 245 дрэў, і малады сад (356 дрэў). Супрацоўнікі музея абсталявалі гадавальнік для саджанцаў пладовых дрэў.

У 2002 г. было прывіта 240 саджанцаў, з іх 100 штук — гатунку «Памяць Сікоры», 100 штук — «Беларуская малінаўка», 20 — «Сікораўская антонаўка», 20 — белы наліў. Пасаджана 150 кустоў чорных парэчак. Саджанцы, вырашчаныя супрацоўнікамі музея, рэалізоўваюцца насельніцтву.

Літаратура правіць

  • Мемарыяльны музей Івана Сікоры // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Л. М. Лабачэўская; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004 — С. 452.