Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны
Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан ў гады Вялікай Айчыннай вайны — музей, створаны ў г. п. Расоны паводле пастановы бюро ЦК КПБ ад 18 жніўня 1978 г. Для наведвальнікаў адчынены 4 ліпеня 1981 г. Да 1990 г. з'яўляўся філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Музеем кіравалі Л. А. Макараў, А. І. Герасімаў. 3 1997 г. дырэктар Н. М. Свяжынская.
Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны | |
---|---|
Профіль | ваенна-гістарычны |
Падпарадкаванасць | аддзел культуры Расонскага райвыканкама. |
Месцазнаходжанне | Віцебская вобласць, г.п. Расоны, вул. Савецкая, 10а, 211460 |
Памеры фонду | 5169 |
Агульная плошча | 955 |
Выставачная плошча | 700 |
Плошча запаснікаў | 70 |
Адкрыты | 10.00–18.00, акрамя панядзелка |
Гарадскі пасёлак Расоны размешчаны на стыку 3 дзяржаў — Расіі, Беларусі і Латвіі. У гэтых мясцінах у час Вялікай Айчыннай вайны на вялікай тэрыторыі (пл. 10 тыс. км²) быў утвораны Брацкі партызанскі край.
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5460 экспанатаў, навукова-дапаможны — 10 241 адзінку захоўвання. Агульная плошча экспазіцыі 955 м2.
Фонд музея
правіцьЗбор музейных прадметаў вядзецца па калекцыях: фотадакументы, дакументы, рэчавы фонд, зброя, нумізматыка, выяўленчае мастацтва. Сярод экспанатаў шматлікія ўзнагароды воінаў і партызан, імянная, у т.л. самаробная партызанская зброя, стралковае і артылерыйскае ўзбраенне, падпольныя друкаваныя выданні, жывапіс, скульптура, макеты, абмундзіраванне перыяду Вялікай Айчыннай вайны і інш. У музеі выставачная і 10 экспазіцыйных залаў. Экспазіцыя размешчана ў раздзелах: нападзенне Германіі на СССР, абарончыя баі на паўночным захадзе Беларусі, нашы землякі — удзельнікі баёў на асноўных участках фронту ў пачатковы перыяд вайны; зараджэнне і развіццё антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Расонска-Асвейскім краі, акупацыйны рэжым і зверствы гітлераўцаў; арганізацыя і баявая дзейнасць партызанскіх брыгад на поўначы Віцебскай вобласці, стварэнне Расонска-Асвейскай партызанскай зоны; утварэнне Брацкага партызанскага краю, сумесныя баявыя аперацыі партызан; жыццё і побыт насельніцтва і партызан у краі; баявыя дзеянні партызан краю; удзел партызан краю ў «рэйкавай вайне», баявое ўзаемадзеянне партызан з воінамі Чырвонай Арміі; вызваленне паўночна-заходняй часткі Беларусі, удзел ураджэнцаў Расоншчыны ў вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў краіны Заходняй Еўропы. Асобная зала музея прысвечана вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Беларусі П.М. Машэраву.
У музеі дзейнічае пастаянная выстаўка «Гісторыя Расонскага краю». Арганізуюцца выстаўкі ваенна-патрыятычнага і мастацкага кірунку, а таксама выязныя ў в. Роўнае Поле, дзе прадметамі партызанскага побыту афармляюцца зямлянкі байцоў брыгады імя К.К. Ракасоўскага.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (Т. 11).
- Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан//Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1999. – Т. 5. – С. 232.
- Музей боевого содружества: Путеводитель / Бел. гос. музей истории Великой Отечественной войны; Сост. И.Ю.Воронкова и др. – Мн.: Полымя, 1988. – [63] с.
- Шпыркоў А. Ісці музею ў партызаны?.. / / Віцебскі рабочы. – 1994. – 26 лістап.