Музей герцага Антона Ульрыха

Музей герцага Антона Ульрыха (Herzog Anton Ulrich-Museum) — карцінная галерэя старых майстроў, сабраная кіраўнікамі Браўншвайга з роду Вельфаў. Адзін з найстарэйшых агульнадаступных музеяў Еўропы, які адзначыў у 2004 годзе сваё 250-годдзе. Размешчаны ў цэнтры нямецкага горада Браўншвайг.

Музей з вышыні птушынага палёту

Аснову калекцыі сабраў Антон Ульрых Браўншвайг-Вольфенбютэльскі (1633—1714), адзін з першых «асвечаных дэспатаў» Еўропы, прадзед цара Пятра II. Ён не скупіўся на куплю карцін і статуй для ўпрыгожвання сваёй новай загараднай сядзібы Зальцдалум (знесена ў пачатку XIX стагоддзя па загадзе вестфальскага караля Жэрома).

Зрабіць музей агульнадаступным параіў князю Даніэль дэ Супервіль (заснавальнік Эрлангенскага ўніверсітэта). Збор адкрыўся для публікі ў 1754 годзе, усяго толькі праз год пасля заснавання Брытанскага музея. У калекцыі прадстаўлены такія майстры Паўночнай Еўропы, як Кранах, Гольбейн, ван Дэйк, Рубенс, Рэмбрант, Вермеер. Збор маёлікі Вельфаў лічыўся ў той час найбагацейшым на поўнач ад Альпаў. Унікальны экспанат музея — рукапісная «Кніга строяў» Матэуса Шварца.

Падчас напалеонаўскіх войнаў французы не цырымоніліся з калекцыямі дробных князёў Германіі і вывозілі шэдэўры, якія спадабаліся ім, у Луўр. Пасля заканчэння баявых дзеянняў Вельфам удалося дамагчыся рэстытуцыі страчаных каштоўнасцей. У XIX стагоддзі ўсееўрапейскую славу набыў гравюрны кабінет з багатым зборам эстампаў і графікі, а мінеральны кабінет герцага даў пачатак Музею прыродазнаўства ў Браўншвайгу.

З 1887 года мастацкі музей размешчаны ў неарэнесансным будынку, збудаваным спецыяльна для яго размяшчэння архітэктарам Оскарам Зомерам. Станам на 2014 год будынак закрыты на рэканструкцыю. Сярэдневяковыя экспанаты ў наш час выстаўляюцца ў замку Данквардэродэ.

Спасылкі

правіць