Мясцовая група галактык (Мясцовая група) — група галактык, якая ўтрымлівае Млечны Шлях і яшчэ больш за 100 галактык. Яе памер складае 2-3 мегапарсека, агульная маса — каля 4-5×1012 M.

Будова Мясцовай групы

Паводле розных параметраў у мясцовай групе дамінуюць дзве спіральныя галактыкі: галактыка Андрамеды і Млечны Шлях — наша Галактыка. Галактыка Андрамеды буйней нашай Галактыкі і ўтрымлівае больш зорак, але Млечны Шлях мае параўнальную або нават бо́льшую масу, чым у галактыкі Андрамеды. У Мясцовай групе прадстаўлены галактыкі розных марфалагічных тыпаў: спіральныя галактыкі, няправільныя галактыкі розных свяцільнасцяў, а найбольш шматлікія класы аб'ектаў — карлікавыя эліптычныя і карлікавыя сфераідальныя галактыкі.

Кожная з гэтых галактык мае сістэму спадарожнікаў, якія называюцца, адпаведна, падгрупай Андрамеды і падгрупай Млечнага Шляху, а некаторыя галактыкі не звязаны ні з адной з гэтых груп.У прасторы паміж галактыкамі змяшчаецца газ, які паступова перацякае ў галактыкі.

Мясцовая група знаходзіцца ў Мясцовым звышскопішчы галактык. У цэнтры мясцовага звышскопішча знаходзіцца Скопішча Дзевы, якое змяшчае больш за 1000 галактык, ад якога Мясцовая група аддалена на 10 мегапарсек. Ля межаў Мясцовай групы знаходзіцца некаторая колькасць галактык, прыналежнасць якіх да Мясцовай групы не зусім відавочная, напрыклад, група Насоса — Секстанта[англ.].