Міжнародная Рада па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін

ІКАМОС — Міжнародная Рада па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін. На сёння адзіная міжнародная грамадcкая арганізацыя, дзейнасць якой скіравана на падтрымку і прасоўванне тэорыі, метадалогіі і навуковых тэхналогій у кансервацыі архітэктурнай і археалагічнай спадчыны.

Устаноўчы кангрэс ІКАМОС адбыўся ў ліпені 1965 года ў Польшчы, праз год пасля падпісання Венецыянскай хартыі. ІКАМОС надае прыярытэтнае значэнне працы, звязанай з Канвенцыяй Сусветнай спадчыны, каб яе ўнікальныя навуковыя і прафесійныя рэсурсы былі даступныя ўсім краінам, усяму чалавецтву.

ФункцыіПравіць

З моманту зацвярджэння «Канвенцыі аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны» ЮНЕСКА ў 1972 годзе ІКАМОС робіцца адным з афіцыйных кансультатыўных органаў Камітэту культурнай спадчыны ЮНЕСКА, разам з такімі арганізацыямі як Сусветны саюз кансерватараў (IUCN) і Міжнародны цэнтр вывучэння захавання і рэстаўрацыі помнікаў (ІССRОМ).

Міжнародная дзейнасцьПравіць

Пачынаючы з Генеральнай асамблеі ў Германіі (1984) дзейнасць арганізацыі выйшла за межы Еўропы. Наступная Генеральная асамблея адбылася ў ЗША, у 1993 — у Азіі, ў 2003 — у Афрыцы.

ІКАМОС у БеларусіПравіць

18 студзеня 2002 у Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя па стварэнні Беларускага грамадскага аб'яднання «Міжнародная Рада помнікаў і гістарычных мясцін» (ІКАМОС). Паводле прынятага статута яе галоўнай мэтай стала садзеянне на нацыянальным і міжнародным узроўні ахове, рэстаўрацыі, рэгенерацыі гісторыка-культурнай спадчыне, найперш, архітэктурных помнікаў, ансамбляў, груп будынкаў, цэнтраў гістарычных забудоў, мемарыяльных сядзіб, гарадcкіх абшараў, прыродных ландшафтаў і культурных краявідаў. Старшынёй быў абраны Уладзімір Гілеп, які адначасова з'яўляецца старшыней Беларускага Фонду культуры. З 2017 г. старшыня праўлення - Сцяпан Стурэйка.

Арганізацыя аб'ядноўвае каля 60 чальцоў: рэстаўратары, мастацтвазнаўцы, гісторыкі, архітэктары, музейшчыкі і менеджэры культуры.

Адным з першых мерапрыемстваў было ініцыяванне ў 2003 годзе сумесна з МГА "Гісторыка" адзначэння Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

Іншыя праекты і праграмы, рэалізаваныя арганізацыяй:

  • Конкурс пректаў у абшары працы са спадчынай «Спадчына ў дзеянні». Праведзены ў 2019 г. у пяці намінацыях, ахапіўшых абшар ад культурных і крэатыўных праектаў да здзейсненых архітэктурных рэстаўрацый. У журы конкурса ўвайшлі 36 прафесіяналаў з розных галінаў працы са спадчынай. Па выніках конкурса быў выдадзены каталог прац-фіналістаў.
  • «Фэст экскурсаводаў». Унікальнае мерапрыемства, адным з су-арганізатараў якога выступае арганізацыя, з 2009 г. штогод збірае ўсіх ахвотных правесці і паслухаць цікавую экскурсію па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. Пачаўшыся дастаткова сціпла, у апошнія гады «Фэст экскурсаводаў» гэта сотні экскурсій, якія збіраюць больш за тысячу чалавек.
  • Канцэпцыя аднаўлення будынку былой Ашмянскай сінагогі. Канцэпцыю прапанаваў творчы калектыў ГА «БК ІКАМОС» у 2018 г. з арыентацыяй на інтарэсы мясцовай супольнасці. Партнёрамі ў гэтай справе сталі Ашмянскі краязнаўчы музей ім. Ф. Багушэвіча, European Humanities University, а таксама Літоўскі камітэт ІКАМОС ды Агенцтва па аднаўленні старога горада Вільнюса, Літва. 3 красавіка 2019 г. канцэпцыя была разгледжана і зацверджана на паседжанні Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі.
  • Удзел у рэстаўрацыях. Палаца ў Нясвіжы, палацава-паркавага комплекса Красны Бераг, Жлобінскі раён, распрацоўка сталай экспазіцыі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча і іншых рэстаўрацыйных і музейных праектах.
  • Кансервацыя і экспазіцыя руін Гальшанскага замка. Беларускі ІКАМОС распрацаваў канцэпцыю па кансервацыі, частковай рэстаўрацыі і экспазіцыі руінаў Гальшанскага замка. Рэалізацыя канцэпцыі пачалася ў 2018 годзе сумесна з Ашмянскім райвыканкамам. Пасля заканчэння першага этапа працаў па рэстаўрацыі адной з вежаў палаца, ў ёй размесціцца музейная экспазіцыя.
  • Некропалі Беларусі. Адмыслоўцы з Беларускага ІКАМОСа пачалі доўгатэрміновы праект «Некропалі Беларусі». Валанцёры зрабілі апісанні асобных могілак у Гальшанах, Кобрыне, Лучаі, Пухавічах, а таксама працуюць на карысць падвышэння гістарычнай каштоўнасці Вайсковых могілак у Мінску каб недапусціць пашкоджання каштоўных элементаў могілак пад час іх добраўпарадкавання ў 2018 г. і інш.
  • «Гарадскія тактыкі» - гістарычны цэнтр. Выданне тэматычнага нумара альманаха гарадскіх даследаванняў, прысвечанага гістарычнаму цэнтру. Сямёра сябраў ІКАМОСа сталі аўтарамі часопіса і выказаліся на яго старонках пра самыя розныя праблемы захавання і актуалізацыі гарадской спадчыны.

ЛітаратураПравіць

  • Гліннік, Вадзім. Ахова археалагічнай спадчыны: міжнародны і рэгіянальны ўзроўні. У:Каштоўнасці мінуўшчыны — 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння: Матэрыялы канферэнцыі Мінск, 23 лістапад 2000 г. Мн., 2001.
  • Чарняўскі, Ігар. Прававыя аспекты зберажэння коплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей. У: Каштоўнасці мінуўшчыны — 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння: Матэрыялы канферэнцыі Мінск, 23 лістапад 2000 г. Мн., 2001.
  • Несцярчук, Л. М. Дзейнасць міжнароднай супольнасці па абароне помнікаў і цэнтраў гістарычных гарадоў. У: Каштоўнасці мінуўшчыны — 6: Гістарычныя цэнтры гарадоў Беларусі: праблемыі шляхі іх вырашэння.: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 28 лістапада 2002 г. Мн., 2003.

СпасылкіПравіць