Мілецкая (іанійская) школа — старажытнагрэчаская філасофская школа ў VI ст. да н.э. ў г. Мілет.

Аб'ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навукова-філасофскай традыцыі. Існавала да 494 да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі.

Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыялістычных поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напрыклад, што ў аснове бясконцага мноства прыродных з'яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя Мілецкай школы зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыцыйных міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў Мілецкай школы на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш старажытнага перыяду, калі гэтыя аб'екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геалагічнай і біялагічнай эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некаторых агульных падыходаў, касмалогія Мілецкай школы не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю.

Ідэі Мілецкай школы і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё старажытнагрэчаскай фіпасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

Літаратура правіць

  • Боўш В. Мілецкая школа // БелЭн у 18 т. Т.10. - Мн., 2000.