Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт

Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт ― грамадская арганізацыя, створаная для вывучэння беларускай царкоўнай даўніны.

Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт
штаб-кватэра Мінск
Тып арганізацыі грамадская арганізацыя
Афіцыйныя мовы руская, беларуская
Кіраўнікі
старшыня М. Н. Былоў,
А. К. Снітка (з 1909)
Заснаванне
Дата заснавання 1908
Ліквідацыя
Першая сусветная вайна 1914

Гісторыя стварэння

правіць
 
Будынак Дома мастацтваў, дзе некалі размяшчаўся Мінскі гісторыка-археалагічны камітэт

Створаны пры Мінскай епархіі ў 1908 годзе, дзейнічаў да Першай сусветнай вайны.

Ідэю стварэння камітэта падаў Д. В. Скрынчэнка ― выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі і рэдактар «Мінскіх епархіяльных ведамасцяў», аўтар кніг «Каштоўнасць жыцця па сучасна-філасофскаму і хрысціянскаму вучэнню» і «Слуцкі сінодзік 1648». Ён памёр у 1947 годзе ў югаслаўскай эміграцыі, пакінуўшы больш за 100 навукова-даследчых работ, да гэтага часу не вывучаных. Яго актыўна падтрымалі інспектар семінарыі А. М. Паноў, выкладчык мінскай мужчынскай гімназіі А. П. Смародскі і дырэктар народных вучэльняў М. Н. Былоў, які і стаў старшынёй. Пасля яго смерці, у 1909 годзе камітэт узначаліў мінскі краязнаўца А. К. Снітка.

Статут камітэта

правіць

Статут камітэта зацверджаны Святым Сінодам ў кастрычніку 1907 года. У ім гаварылася: «Менскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт мае на мэце для карысці Царквы і навукі вывучэнне царкоўна-рэлігійнага і грамадскага жыцця мясцовага краю ў яго мінулым і сучасным, абследаванне, ахова і збіранне помнікаў старажытнасці і даўніны… У круг дзейнасці камітэта ўваходзіць: а) гістарычнае абследаванне вонкавага і ўнутранага развіцця мясцовага царкоўна-элігійнага і грамадскага жыцці; б) даследаванне і вывучэнне рэчавых помнікаў даўніны, а таксама помнікаў жывой даўніны, у выглядзе мясцовых народных звычаяў, паданняў і песень, у) прывядзенне ў вядомасць і апісанне усякага роду помнікаў старажытнасці і архіваў цэркваў, манастыроў, епархіяльных і іншых устаноў; г) назіранне за захаванасцю старадаўніх храмаў і іншых царкоўных збудаванняў, могілак, надмагільных і іншых помнікаў, старадаўніх царкоўных прыладаў, пісьмовых дакументаў і прыняцце мер супраць іх псуты і знішчэння; д) збіранне і захоўванне ў сваім музеі помнікаў даўніны; е) распаўсюджванне ў грамадстве, і па перавазе сярод духавенства, царкоўна-гістарычных і археалагічных звестак, ўзбуджэнне увагі і цікавасці да старажытнасці, прылада археалагічных выстаў і публічных чытанняў» [1].

Праца камітэта

правіць

Дзейнасць камітэта ў асноўным складалася ў абследаванні, апісанні гістарычных помнікаў, царкоўных і манастырскіх архіваў, збіранні фальклору, пошуках розных прадметаў даўніны. Члены камітэта ездзілі ў Слуцк, Бабруйск, Барысаў, Пінск, Тураў. У 1909 годзе імі былі праведзены раскопкі ў Тураве, дзе выяўлены саркафаг з рэшткамі шкілета і парчы.

На пасяджэннях і вечарах камітэта чыталіся лекцыі па гісторыі Мінскай губерні: «Мінск у XVII стагоддзі» (А. К. Снітка), «Помнікі даўніны» (С. А. Масальская-Сурына), «Беларусы, іх гутарковая і кніжная мова пры святле гісторыі» (Д. В. Скрынчанка) і інш.

У рабоце камітэта прымалі ўдзел гісторык Д. І. Даўгяла і мовазнаўца і фалькларыст А. А. Шахматаў.

Камітэтам быў арганізаваны ў 1908 годзе царкоўна-археалагічны музей, які меў 1363 экспаната: прадметы царкоўнага характару, этнаграфічныя матэрыялы, тэксты народных песень і казак, манеты, каля 2 тысяч кніг. Меліся і рукапісныя кнігі: Тыпікон XVI ст., Апостал XVI ст., Мінея агульная канца XVII ст., Сінопсіс XVIII ст., Архіў Слуцкага Трайчанскага манастыра.

Музей спачатку размяшчаўся ў двух пакойчыках, затым ― у адмыслова пабудаваным для яго ў 1913 годзе на епархіяльным падворку вялікім доме (арх. В. І. Бруй)[2]. Пасля, з 1963 года ў ім быў Дом працаўнікоў мастацтваў.

Уладыка Мітрафан у сваёй прамове на асвячэнне дома сказаў: «З гэтага часу праваслаўныя рускія людзі не толькі горада Мінска, але і Мінскай епархіі будуць мець свой уласны куток, дзе знойдзе сабе прытулак усё, што прасякнута духам праваслаўнай веры, што звязана з гісторыяй шматпакутнай праваслаўнай царквы ў нашым краі… на жаль, у нас, дзякуючы нядбайнасці і нядбанню, гэта добрая брацкая справа была забыта, і толькі цяпер мы пакліканы да таго, каб аднавіць яднанне рускіх людзей»[3].

У пачатку вайны экспанаты эвакуіравалі ў Разань, у 1922 годзе іх перадалі Беларускаму дзяржаўнаму музею.

Выданні камітэта

правіць

На працягу 1909—1913 гг. камітэт выдаваў зборнік «Мінская даўніна», усяго было выпушчана 4 кнігі. Большасць матэрыялаў зборніка прысвечана гісторыі праваслаўнай царквы і духавенства. Маюцца таксама дакументы аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай губерні, апісанне 1-й кнігі дакументаў (з 1517 да 1547) Слуцкага Трайчанскага, якое змяшчае звесткі аб жыцці Случчыны, слуцкіх праваслаўных брацтвах і дзяржаўным ладзе Рэчы Паспалітай.

У 1909 годзе выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаваных кніг Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» .

Змест выпускаў «Мінскай даўніны» (1909—1913)

правіць

Вып. 1. 1909:

Прамовы пры адкрыцці камітэта. ― Паноў А. М. Аб князі Канстанціне Канстанцінавічу Астрожскім. ― Снітка А. К. Мінск XVII стагоддзі. ― Масальская-Сурына Е. А. Помнікі даўніны. ― Даўгяла Д. І. Пінскі Ляшчынскі манастыр ў 1588 г. ― Смародскі А. П. Знаходжанне Пятра Вялікага ў Мінску. ― Снітка А. К. Мікольская царква ў вёсцы Смалявічах Барысаўскага павета. ― Скрынчанка Д. Памяці першага старшыні камітэта М. Н. Былова. ― Справаздача.

Вып. 2. 1911:

Скрынчанка Д. Матэрыялы для гісторыі Паўночна-Заходняга краю. ― А. С. Надмагілле ў Екацярынінскім саборы ў Мінску. ― Снітка А. К. Судовая грамата князя Фёдара Іванавіча Яраславіча. ― Грамата патрыярха ерусалімскага на множанне Мінскага Петрапаўлаўскага братэрства . ― Снітка А. К. З Слуцкай даўніны (Апісанне цэркваў) . ― Снітка А. К. Апісанне рукапісаў старадрукаваных кніг у Слуцкім Трайчанскім манастыры. ― Снітка А. К. Юр’еўская, Калядная, Васкрасенская і Свята-Міхайлаўская цэрквы г. Слуцка. ― Снітка А. К. Апісанне рукапісаў і старадрукаваных кніг Мінскага ЦГАМ. ― Раздялоўская А. Касцяныя іголкі . ― З жыцця і дзейнасці камітэта . ― Апісанне паездкі ў Пінск і Тураў членамі камітэта . ― Дзённік раскопак у мястэчку Тураве.

Вып. 3. Вільня, 1911:

Жыркевіч А. В. З-за рускай мовы. Біяграфія каноніка Сенчыкоўскага ў двух частках.

Вып. 4. 1913:

Снітка А. Апісанне дакументаў, якія складаюць першы том Слуцкага Трайчанскага архіва (XVI—XVII стст.).

Зноскі

  1. Статут Мінскага царкоўнага гісторыка -археалагічнага камітэта: зацьверджаны 10 кастрычніка 1907 г . ― Мінск, друкарня Някрасава, (1908?). 6 с.
  2. Будынак музея
  3. Мінскія епархіяльныя ведамасці, 1913. № 23. С. 7

Літаратура

правіць
  • Весь Минск. ― Мн., 1911.
  • Здравомыслов К. Я. Сведения о консисторских архивах и церковно-археологических учреждениях в епархиях. ― СПб., 1908. С. 12.
  • Из жизни и деятельности Минского ЦИАК // Минские епархиальные ведомости, № 28. 1910.
  • Известия Императорской археологической Комиссии. Прибавление к № 39. 1911. С. 24-25; № 23. С. 29-30; № 17. 1910. С. 36; № 26. 1914. С. 41-42; № 18. 1910. С. 55.
  • История Минска. ― Мн., 1957.
  • Минские епархиальные ведомости. ― Минск, 1908. Вып. 4, 10.

Спасылкі

правіць